Скачать .docx | Скачать .pdf |
Реферат: Эсэ па публіцыстыцы Янкі Купалы
ЭСЭ ПА ПУБЛІЦЫСТЫЦЫ ЯНКІ КУПАЛЫ
Безмацерных Кацярыны
3 група, 3 курс
Эсэ па публіцыстыцы Я.Купалы:
1919 год. Сучаснасць.
Адбудова Беларусі. Незалежнасць. Незалежная дзяржава і яе народы. Моладзь ідзе! Торжышча. Больш самачыннасці (артыкулы 1919 года)
Чытаеш Купалу 19 года – усё зразумела і блізка, бо нешта ў той ці іншай ступені актуальнае і сёння. На жаль. І белрускі менталітэт, што вымалёўваецца ў публіцыстыцы Купалы, нагадвае наш сучасны.
Аўтар у творах
Аўтар у творах паўстае чалавекам дзейсным : “І гэта [ адбудаванне Беларусі] трэба зрабіць як найхутчэй”. Патрыятычным : “Край наш сам па сабе багаты , толькі чужыя гаспадары яго знішчылі”. А беларускае адраджэнне ён называе “вялікай святой ідэяй”. Цвёрды ў сваёй пазіцыі і смелы. Напрыклад, заваёўнікаў ён не баіцца называць ворагамі.
Турботы Купалы
Разбурэнні падчас першай сусветнай вайны
На гэтыя тэмы гутараць і сёння (Праўда, пра наступствы другой сусветнай, у асноўным)
“Ужо ад нейкага часу ў Францыі працуе паўмільёна людзей над адбудовай таго, што вайна разрушыла”. Антытыза – пасіўная Беларусь. Пра пасіўнасць “бульбяша” мы чуем і сёння. І – прынамсі ў маёй галаве – сядзіць стэрэатып пра еўрапейца куды больш спрытнейшага за нас.
“Цэлы свет ведае, што самыя крывавыя бітвы, самае дзікае зніштажэнне людзей і іх дабра ў гэту вайну – было на Беларусі”. Водгукі гэтага даходзяць да нас і сёння.
Незалежнасць
Зноў жа – актуальна!
“На ўсякую іншую незалежнасць кожны з вамі згодзіцца, абы толькі не на беларускую”. Хіба незалежная Беларусь у свядомасці сярэднестатыстычнага грамадзяніна? Сярэднестатыстычны грамадзянін РБ чытае рускую масавую літаратуру і глядзіць рускае тэлебачанне. Пачуўшы роднае слова, запытваецца: “Вы выкладаеце ў школцы літаратуру?”
Купала паглядае ў бок Расіі са злосцю (А такое цяпер, у 21 стагоддзі, часцяком назіраецца ў колах нацыянальнай беларускай інтэлігенцыі) “Прымерам такога здзеку, такога зневажання дужэйшым слабейшага можа служыць добра ўсім нам знаёмая царская Расія”. Купала ўвогуле не баіцца мастацкіх сродкаў і словаў з моцным лексічным значэннем. Напрыклад, апеку дзяржаваў-заваёўніц ён называе “воўчай ”. Альбо піша: “Стогне пад ярмом Беларусь…” Моцны, вобразны дзеяслоў, які, аднак, ужо тычыцца Беларусі
Талерантнасць беларуса
На мой погляд, сёння гэтае пытанне нядужа актуальнае. Купала піша вось што: “У нявольніка заўсёды больш помсты, нянавісці к другім (нацыянальным меншасцям – К. Б.), чымся ў чалавека вольнага”. Сёння культурнага інтэграцыя з Расіяй, на мой погляд, у свядомасці сярэднестатыстычнага беларуса ўжо адбылася (дакладней, руская мова --- разам з ёй руская культура --- зацямняюць беларускую культуру). Але гэта не ўспрымаецца як гвалт, няволя, а ўспрымаецца цалкам нармалёва. І аніякай нянавісці да чужынцаў у нас няма. (Гэта больш актуальна для Масквы)
Усясветная вайна Захаду
“Вы стварылі ўсясветную вайну за свае кішанёвыя інтарэсы”. Цяпер гэта не сугучнае беларускай сучаснасці
Пасіўнасць беларуса
“Ліха церпім і чакаем, што вось нехта прыйдзе і гэта наша ліха пабярэ з сабою”.
Актуальна сёння. І, мяркую, можна прымяніць як да народа ў цэлым, так і да асобнага суб’екта. І нездарма студэнтам кажуць: “Не чакайце, што выкладчык запхае веды ў вашу галаву. Усё залежыць ад вас”
Беларускі народ вачыма Купалы
- Дэмакратычны
- Ужыўчывы
- “У паднявольнае ярмо”нікога “запрагаць” не будзе
- Пасіўны ў масе (“Ці не час ужо пакінуць благую прывычку сядзець і сядзець, чакаць і чакаць?”)
- моладзь - дзейсная
Стыль публіцыстыкі Янкі Купалы
Першае, што кідаецца ў вочы, - гэта эмацыйнасць Янкі Купалы, што выражаецца ў шматлікіх клічніках. Артыкул “Моладзь ідзе! ” – поўны аптымізму.
“Набок з дарогі, панове і гаспада з Захаду і Усходу!
Беларуская моладзь ідзе! (радасць і узнёсласць Купалы падкрэсліваецца клічнікам – К.Б.)”
Выразнасці і эмацыйнасці дадаюць і рытарычныя пытанні:
“Ужо ад нейкага часу ў Францыі працуе паўмільёна людзей над адбудовай таго, што вайна разрушыла. У Бельгіі таксама кіпіць работа ў гэтым напрамку, якой прымушаны дапамагаць немцы, - а ў нас?” Пытанне “а ў нас?” з’яўляецца далучальнай канструкцыяй, што падкрэслівае яго.
У ягонай публіцыстыцы даволі шмат абзацаў. Часцяком усяго адзін сказ – гэта ўжо цэлы абзац. Напрыклад, “І Беларусь жабруе!”, “Так быць не павінна”. Такі прыём акцэнтуе ўвагу на пэўнай думцы. Артыкул “Адбудова Беларусі” сканчваецца сказам “Жыццё не чакае”, вынесеным ў асобны абзац. На мой погляд, гэта даволі ўдалы прыём паставіць кропку над артыкулам. Такое я сустракаю і ў сучасных журналісцкіх тэкстах.
Загалоўкі Купалы даволі лаканічныя, канкрэтныя, інфармацыйныя. І адразу можна зразумець, пра што ідзе гаворка.
Часцяком ўжываюцца звароткі, каб выклікаць давер у чытача: “Цяпер, браты …” ( менавіта браты – гэтая лексічная адзінка прымушае ставіцца да аўтара з прыязнасцю), “Так, сябры , гэта вялікая праява!” (сябры - таксама паказчык прыязнага стаўлення аўтара да чытача), “Вам трэ было, панове …” (так аўтар звяртаецца да ворагаў)
“Моладзь ідзе!”
Самы аптымістычны артыкул. А сутыкацца з аптымістычным – заўжды прыемна.
“Цяпер, браты, ідуць сыны беларускіх мужыкоў, ідзе наша беларуская моладзь!
… Нацыянальнае беларускае жыццё пачынае кіпець, палаць праўдзівым, вечным і жыватворным полымем”.
Цяпер сітуацыя змянілася. З’яўляецца моладзь, што пачынае гутарыць па-беларуску, цікавіцца беларускай культурай. Але ж, мне падаецца, што гэтая з’ява не настолькі масавая, інтэнсіўная і заўважная, каб гучна выкрыкнуць: “Моладзь ідзе!” Ды і цяпер далёка не ўсе “сыны беларускіх мужыкоў”, то бок “ураджэнцы сельскай мясцовасці”, калі па-сучаснаму. І нацыянальнае жыццё не “кіпіць”, як у 1919 годзе, калі пісаўся гэты артыкул.
“Мы жывём і будзем жыць, бо з намі і беларуская вёска ”. Купала прыводзіць у прыклад вёску Блонь, дзе “сяляне-беларусы не забылі ўсяго свайго роднага”. Але падаецца, што тут аўтар крыху перабольшвае значнасць беларускай вёскі і – я думаю – артыкул хутчэй гучна-аптымістычны, чым рэалістычны. І вёскі Блоні з’явай наўрад ці былі масавай. Сёння ж, мусіць, усё свядомыя (як модна казаць) сяляне-беларусы едуць жыць у горад. І нават з нацяжкай хіба скажаш: “З намі беларуская вёска”?