Похожие рефераты | Скачать .docx | Скачать .pdf |
Курсовая работа: Проза Якуба Коласа 20–30 гадоў: набыткі і страты
Установа адукацыi «Брэсцкi дзяржаўны унiверсiтэт iмя А.С. Пушкiна»
Кафедра беларускага лiтаратуразнаўства
КУРСАВАЯ ПРАЦА
ПРОЗА ЯКУБА КОЛАСА 20–30 ГАДОЎ: НАБЫТКІ І СТРАТЫ
Выканаў:
Навуковы кiраўнiк
Брэст 2010
ЗМЕСТ
Уводзiны
Раздзел. 1 Творчыя дасягненні Якуба Коласа ў 20–30 гады XX стагоддзя
Раздзел. 2 Жанрава-стылёвыя і ідэйна-тэматычныя адметнасці твораў Якуба Коласа 20–30 гадоў
2.1 Апавяданне «Крывавы вір»: паказ чалавека ў эпоху рэвалюцыі
2.2 Трылогія «На ростанях»: пошукі шляхоў у будучыню
2.3 Аповесць «На прасторах жыцця»: сучаснае бачанне праблематыкі, сэнс эпіграфа і змест назвы
2.4 Аповесць «Адшчапенец»: праблемы агульначалавечага быцця
Заключэнне
Спiс літаратурных крыніц
УВОДЗIНЫ
Творчасць Якуба Коласа увесь час знаходзiцца ў полi зроку лiтаратуразнаўцаў. Увага вучоных скiравана на даследаванне шматграннай праблематыкi творчасцi, своеасаблiвасцi iндывiдуальнага стылю таленавiтага аўтара.
Якуб Колас – вялікі мастак слова, які глыбока выявіў грамадска-гістарычныя імкненні і духоўныя патрэбы беларускага народа, узбагаціў нацыянальную літаратуру выдатнымі творчымі набыткамі. Ён стаў мастацкім летапісцам жыцця народа на працягу складанай гістарычнай эпохі. Светаадчуванне Коласа-мастака вельмі цэласнае, гарманічнае і разам з тым шматграннае, эстэтычна багатае. У творчасці Я. Коласа моцны інтэлектуальны пачатак, які мае здаровы народны грунт – пісьменнік шукае глыбінны, духоўны змест у жыцці чалавека працы, за канкрэтнымі назіраннямі ў яго крыецца шматзначны псіхалагічны і філасофскі падтэкст.
Пісьменніцкая індывідуальнасць Коласа нясе на сабе вельмі характэрны адбітак жыцця народа, яго тонаў. фарбаў, грамадскіх імпульсаў. Грамадзянская мэтаімкнённасць, чуйнасць да запатрабаванняў часу, мастацкая шматграннасць пісьменніка асабліва шчодра раскрываюцца ў яго апавяданнях і аповесцях 20–30 гадоў XX стагоддзя. Пісьменнік імкнуўся стварыць сапраўдныя духоўна-маральныя ідэалы, напоўніць жыццё высакароднымі мэтамі. У пошуках феномена нацыянальнага характару пісьменнік выкарыстоўваў гістарычную эпоху для праекцыі сучаснасці і мінулага. Ён добра ўсведамляў, што менавіта ад глыбіні ўзнятых гістарычных пластоў, шырыні іх распрацоўкі, таксама, як і ад асваення праблем сучаснасці, залежыць узровень сталасці айчыннай прозы.
20-ыя гады – вельмi бурны перыяд. Працэс карэннай ломкi сацыяльных, эканамiчных, палiтычных асноў старога ладу, як адзначаюць Д.I. Гальмакоў i Л.С. Голубева [1, с. 48], з’яўляўся адначасова i працэсам ломкi псiхалогii чалавека – прадстаўнiка гэтага ладу, найвялiкшым пераваротам у яго свядомасцi. 20-ыя гады – гэта час пошуку шляхоў развiцця новага мастацтва, з’яўленне iншых iдэйна-тэматычных даляглядаў, новага героя, «час выпрабавання жыццёвасцi i плённасцi многiх жанрава-стылёвых форм у новых умовах» [2, с. 4]. У творчасцi Я. Коласа гэтага часу «рэалiзм часта арганiчна сплаўляўся з актыўным рамантычным пачаткам, якi жывiўся … iмкненнем пасцiгнуць характар новых людзей» [2, с. 4–5].
Пiсьменнiк «iмкнуўся асэнсаваць новую рэчаiснасць, формы якой яшчэ толькi cкладвалiся, раскрыць з’яўленне новых рыс характару, псiхалогii чалавека, яго сацыяльныя памкненнi i iдэалы» [2, с. 6].
30-ыя гады ўвайшлi ў гiсторыю як складаны перыяд, напоўнены падзеямi вялiкага гiстарычнага значэння. Якуб Колас намагаўся ў сваiх творах гэтага перыяду «па-мастацку пераканаўча i глыбока адлюстраваць рэчаiснасць ва ўсёй яе складанасцi i супярэчлiвасцi, у няспынным руху i барацьбе супрацьлеглых сацыяльна-грамадскiх сiл» [3, с. 200].
Творчасць Якуба Коласа 20–30-х гадоў пакiнула прыкметны след у станаўленнi сучаснай беларускай лiтаратуры. Як адзначае П.К. Дзюбайла, «лiтаратура таго часу iдзе да мастацкага сiнтэзу гiсторыi i сучаснасцi, да ўвасаблення праз лёс чалавека лёсу народа» [2, с. 23].
Пра Я. Коласа напiсана нямала змястоўных кнiг, цiкавых навуковых даследаванняў. Але яны, зразумела, не ахоплiваюць i не могуць ахапiць i ўсебакова раскрыць багаты жыццёвы i творчы шлях пiсьменнiка.
Глыбокую ацэнку творчасцi Якуба Коласа далi такiя даследчыкi, як I. Навуменка [4] , Ю.С. Пшыркоў [5], А. Александровіч [6]. Манаграфii Ю. Пшыркова i I. Навуменкi – гэта важныя цаглiны ў прыгожы гмах, iмя якому – сучаснае коласазнаўства.
Мэта i задачы курсавой працы. Мэта курсавой працы – даследаваць iдэйна-тэматычныя, жанрава-стылёвыя асаблiвасцi творчасцi Якуба Коласа 20–30 гадоў.
У адпаведнасцi з вышэйакрэсленай мэтай ставяцца наступныя задачы:
– паказаць творчыя дасягненнi Я. Коласа ў 20–30-ыя гады;
– раскрыць жанравую, iдэйна-тэматычную непаўторнасць коласаўскiх твораў 20–30 гадоў;
– высветліць, як вырашаецца Коласам у яго творах праблема суадносінаў гістарычнага факта і мастацкага вымыслу;
– прааналізаваць сучаснае бачанне літаратуразнаўцамі праблематыкі аповесці «На прасторах жыцця», сэнс эпіграфа і змест назвы;
– паказаць пошукі шляхоў у будучыню героямі трылогіі «На ростанях»;
– вылучыць асноўныя матывы аповесці «Адшчапенец» і апавядання «Крывавы вір».
Аб’ект i прадмет даследавання. Аб’ектам даследавання з’яўляецца творчасць Якуба Коласа 20–30 гадоў XX стагоддзя. Прадмет даследавання – такiя коласаўскiя творы, як «На прасторах жыцця», «На ростанях», «Адшчапенец», «Крывавы вiр».
Метады даследавання. Асноўнымi метадамi даследавання з’яўляюцца тэкстуальна-аналiтычны, гiсторыка-функцыянальны, якiя даюць магчымасць вызначыць своесаблiвасцi напiсаных Коласам у 20–30 гады твораў «На прасторах жыцця», «На ростанях», «Адшчапенец», «Крывавы вiр» з улiкам гiстарычнага i сучаснага кантэкстаў.
Структура i аб’ём працы. Курсавая праца складаецца з уводзiнаў, двух раздзелаў, заключэння, спiса літаратурных крынiц. Агульны аб’ём працы – 50 старонак.
Раздзел 1. Творчыя дасягненн i Якуба Коласа ў 20–30 гады XX стагоддзя
Якуб Колас – класік сусветнай і беларускай літаратуры, адзін з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры і сучаснай літаратурнай мовы, народны паэт Беларусі. Ён выступаў як паэт, празаік, драматург, публіцыст, перакладчык, педагог, грамадскі дзеяч.
Шлях, які прайшоў Якуб Колас, адметны. Асноватворныя ўласцівасці яго жыцця і дзейнасці – сумленнасць, высокароднасць, нераўнадушша, імкненне дапамагчы ў цяжкіх абставінах, грунтоўнасць ва ўсіх жыццёвых праявах, вернасць сваім прынцыпам, адстойванне ўласных поглядаў, любоў да Бацькаўшчыны і яе народа, клопат аб захаванні нацыянальнай самабытнасці беларусаў, аб беларускай мове, пратэст супраць рознага кшталту прыгнечання чалавека. Гэтыя якасці ў поўнай меры адбіліся на творчасці пісьменніка, які ўнёс значны ўклад у нацыянальную і сусветную літаратуру. Сярод творчых дасягненняў найбольш важкімі з’яўляюцца пашырэнне жанравых магчымасцяў беларускай літаратуры, выкарыстанне шырокай і актуальнай тэматыкі ў паэтычных і празаічных творах, узбагачэнне паэзіі філасофскай і пейзажнай лірыкай, спалучэнне лірыкі і эпасу, закладванне асноваў беларускага рамана і беларускай дзіцячай літаратуры, філасофскае асэнсаванне рэчаіснасці праз алегарычны аповед, станаўленне нормаў беларускай літаратурнай мовы.
Дзейнасць Якуба Коласа, яго роля і значэнне ў нацыянальным духоўным адраджэнні беларусаў высока ацэнены нашчадкамі. Іменем Коласа (а таксама іменем Я. Купалы) названы Інстытут мовы і літаратуры НАН Рэспублікі Беларусь, Цэнтральная навуковая бібліятэка НАН Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр у Віцебску, плошчы і вуліцы, школы і бібліятэкі ў многіх населеных пунктах Беларусі, буйное вытворчае паліграфічнае прадпрыемства ў Мiнску.
Творы Якуба Коласа ўвасоблены ў тэатральным, музычным, кінематаграфічным мастацтве. У тэатрах ставіліся п’есы паводле яго апавяданняў, аповесцяў, трылогіі. Ю. Семянякам створана опера па паэме «Новая зямля», Ю. Багатыровым па аповесці «Дрыгва» – опера «У пушчах Палесся». На словы Якуба Коласа напісана шмат музычных твораў. Коласаўскую паэзію для напісання песень і рамансаў выкарыстоўвалі кампазiтары М. Чуркін (песні «Краска», «Вясна», рамансы «Маёй каханцы», «Гусі...»), А. Туранкоў (рамансы «Усход сонца», «Дудка», песня «Радасць»), Я. Цікоцкі (рамансы «Каманіну, Малакову, Сляпнёву», «Пераможны май») і інш. Яшчэ ў 1929 г. быў зняты фільм «Песня вясны» (рэжысёр В. Гардзін) паводле аповесці Якуба Коласа «На прасторах жыцця». У 1960–1961 гг. экранізавана трылогія «На ростанях» (фільм «Першыя выпрабаванні», рэжысёр Ул. Корш-Саблін). За межамі Беларусі з творчасцю Якуба Коласа знаёмы жыхары многіх краін свету. Яго творы (пераважна паэтычныя) перакладзены больш чым на 40 замежных моў, у тым ліку на найбольш распаўсюджаныя – англійскую, нямецкую, французскую, іспанскую, кітайскую. Творчасць пісьменніка і яго ролю ў літаратуры разглядалі ў сваіх працах славісты Вялікабрытаніі, Аўстрыі, Нямеччыны, Італіі. Асобае месца сярод перакладаў твораў займаюць выданні на славянскіх мовах – рускай, польскай, украінскай. На рускай мове ў розны час выходзілі тры зборы твораў Якуба Коласа.
Рэгулярна праводзяцца прысвечаныя творчасці паэта Міжнародныя навуковыя канфэрэнцыі, па выніках якіх выдаюцца зборнікі матэрыялаў «Каласавіны».
100-гадовы юбілей беларускага песняра паводле рашэння ЮНЭСКА адзначаўся ў міжнародным маштабе. У 1996 г. створаны Міжнародны фонд Якуба Коласа. У 2007 г. у Беларусі адзначалася 125-годдзе з дня нараджэння нацыянальнага паэта Якуба Коласа.
Якія ж творчыя набыткі Якуба Коласа? У 1921 г. у Коўне выходзіць зборнік апавяданняў «Казкі жыцця» (большасць «Казак жыцця» створаны да 1917 г., але працу над цыклам аўтар працягваў і надалей). У гэтых творах у алегарычнай форме выкладзены погляды на гісторыю і жыццёвую філасофію беларусаў як нацыі, іх месца сярод народаў-суседзяў, закрануты важныя сацыяльна-палітычныя і маральна-этычныя праблемы, паказана імкненне чалавека да пазнання таямніц прыроды і быцця.
У першай палове 1920-х гг. Якуб Колас завяршае вялікія творы, задуманыя яшчэ за дзесяць гадоў да таго, у якіх намаляваў шырокую карціну жыцця беларусаў у канцы XIX – пачатку XX ст., выклаў сваё бачанне шляхоў развіцця нацыі.
У 1923 г. у Мінску выйшла асобным выданнем паэма «Новая зямля». Гэты твор з’яўляецца мастацкай энцыклапедыяй жыцця беларускага сялянства на рубяжы стагоддзяў. У паэме Колас па-філасофску асэнсоўвае цэлую эпоху ў жыцці беларускага народа. Аўтар апаэтызаваў духоўнае багацце і маральную веліч працоўнага чалавека, яго адвечную мару быць гаспадаром на ўласнай зямлі. У творы яскрава апісаны быт народа, выведзены тыповыя беларускія характары. Цудоўныя замалёўкі беларускай прыроды характарызуюць Якуба Коласа як выдатнага майстра пейзажу.
У 1925 г. у часопісе «Полымя» апублікавана трэцяя рэдакцыя паэмы «Сымон-музыка». У гэтым творы асвятляецца роля мастака і мастацтва ў жыцці народа, тут найбольш поўна выявіліся эстэтычныя погляды Якуба Коласа. Гэта твор аб народных вытоках мастацтва, лёсе таленту з народа, духоўным адраджэнні нацыі. Трагічныя і драматычныя матывы ў ім пераплятаюцца з жыццесцвярджальнымі і аптымістычнымі. Аўтар стварае вобраз маладога беларуса – свядомага творцы свайго лёсу, які імкнецца да духоўнага адраджэння роднага краю. Паэт асвятляе своеасаблівасць нацыянальнага шляху беларусаў, выказвае надзею на актывізацыю духоўна-творчых сіл народа.
У гэты перыяд пашыраецца тэматыка твораў Якуба Коласа. Ён прыходзіць да апісання жыццёвых шляхоў беларускай інтэлігенцыі пачатку XX ст., яе духоўных пошукаў. Пісьменнік стварае так званыя палескія аповесці: два вялікія празаічныя творы «У палескай глушы"» (выдана ў Вільні ў 1923 г.) і «У глыбі Палесся» (выдадзена ў Мінску ў 1927 г.). Яны пазней увайшлі як 1-я і 2-я часткі ў трылогію «На ростанях» – найбольшы празаічны твор Якуба Коласа. У 1925 г. была апублікавана п’еса «Забастоўшчыкі»: яна пра тое, як беларускае настаўніцтва ўключалася ў палітычную барацьбу. У аснове сюжэту – першы нелегальны з’езд настаўнікаў у Мікалаеўшчыне. Гэты твор не атрымаў сцэнічнага ўвасаблення. Акрамя таго, у 1925 г. напісана аповесць «На прасторах жыцця» (выдадзена ў 1926 г.), прысвечаная моладзі 1920-х гг., праблемам яе духоўнага станаўлення, адукацыі, культуры, імкненню да пераўтварэння жыцця.
Другая палова 1920-х–1930-я гг. – гэта час актыўнай грамадскай дзейнасці Якуба Коласа, прызнання яго заслуг і пры гэтым вельмі складаны перыяд жыцця, падзеі якога адбіліся на псіхалагічным стане, негатыўна паўплывалі на ўсю далейшую творчасць пісьменніка. 18 кастрычніка 1926 г. Якубу Коласу нададзена званне народнага паэта Беларусі, яму прызначана пажыццёвая пенсія. З 1928 г. ён акадэмік Акадэміі навук Беларусі, з 1929 г. член Прэзідыума і віцэ-прэзідэнт Акадэміі. Быў кандыдатам у члены Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі ў 1927–1929 гг., членам ЦВК у 1929–1931, 1935–1938 гг. Якуб Колас удзельнічаў у рабоце 1-га Усебеларускага з’езда савецкіх пісьменнікаў і 1-га Усесаюзнага з’езда савецкіх пісьменнікаў у Маскве (1934 г.), дзе быў абраны ў кіруючыя органы творчых саюзаў літаратараў. У 1935 г. ён выступаў з прамовай на Сусветным кангрэсе абароны культуры ў Парыжы. Пры гэтым яшчэ з сярэдзіны 1920-х гг. Якуб Колас трапіў у поле зроку савецкіх рэпрэсіўных органаў. У 1925 г. у яго быў праведзены вобыск, а затым і допыт у сувязі з так званай «лістападаўскай справай», якая датычылася «контррэвалюцыйнай арганізацыі» на Случчыне. У 1930-я гг. ціск на Якуба Коласа яшчэ больш узмацніўся. Яго адкрыта абвінавачвалі ў так званай нацдэмаўшчыне, у прапагандзе ідэй бяскласавасці беларускай нацыі, знаходзілі ў творах ідэалізацыю кулацтва, хутарской гаспадаркі, перабольшванне ролі інтэлігенцыі. У 1930 г. Якуб Колас быў змушаны публічна каяцца ў палітычных «памылках». Былі арыштаваны і рэпрэсіраваны блізкія сваякі паэта – дзядзька па матчынай лініі, грамадскі і палітычны дзеяч, мовазнавец Язэп Лёсік, родны брат жонкі Коласа Аляксандр Каменскі. 6 лютага 1938 г. у доме пісьменніка шукалі зброю, яго прымусілі ўзняць рукі і стаць тварам да сцяны. Якубу Коласу пагражаў арышт, аднак санкцыя на яго ад вышэйшага савецкага кіраўніцтва не была дадзена. Магчыма, з-за шырокай вядомасці і народнага прызнання песняра.
Як адзначаюць біёграфы Якуба Коласа літаратуразнаўцы М. Мацюх і М. Мушынскі, пачынаючы з канца 1920-х–пачатку 1930-х гг. пісьменнік трапіў у бязвыхаднае становішча, цалкам залежнае ад ідэалагічных установак камуністычнай партыі і грамадска-дзяржаўных структур таталітарнай сістэмы. Жахі прымусовай калектывізацыі, разбурэнне традыцыйнага ўкладу вёскі, татальны кантроль над усімі сродкамі грамадска-палітычнага, духоўнага жыцця, фактычная забарона свабоды слова і волевыяўлення, масавыя рэпрэсіі супраць нацыянальнай інтэлігенцыі – усё гэта негатыўна паўплывала на Коласа як творцу. Ён аказаўся сапраўдным заложнікам антыгуманнай сістэмы, міжвольным прапагандыстам сацыялістычнага рэалізму, які быў зводам палітычных патрабаванняў, але выдаваўся за эстэтычную катэгорыю.
У 1926 г. Якуб Колас пачаў пісаць паэму «На шляхах волі» аб цяжкіх умовах існавання падчас Першай сусветнай вайны, іх уплыве на фарміраванне пратэстных настрояў народных мас і станоўчага стаўлення да бальшавікоў у перыяд рэвалюцый 1917 г. Над гэтым творам паэт шмат разважаў, працаваў і ў 1930-я і ў 1950-я гг., але так і не завяршыў.
У творчасці Коласа 1930-х гг. прысутнічае і тэма калектывізацыі. Галоўны герой яго даволі схематызаванай аповесці «Адшчапенец» (1930-1931 гг., выдадзена ў 1932 г.) пасля доўгіх ваганняў прыходзіць да высновы аб перавагах калектыўнай гаспадаркі перад аднаасобнай. Акрамя таго, у гэты перыяд Якуб Колас звярнуўся да драматычных падзей Першай сусветнай вайны галоўным чынам праз паказ «салдацкай праўды» – у п’есе «Вайна вайне» (1927-1931 гг., апошняя рэдакцыя 1938 г.) і грамадзянскай вайны – у аповесці «Дрыгва» (1933 г.) і створанай на яе аснове п’есе «У пушчах Палесся» (1937 г.).
Такiм чынам, багатая і шматгранная творчасць Якуба Коласа 20–30-ых гадоў XX стагоддзя з’явілася звонкім рэхам вялікіх гістарычных падзей, адказам мастака слова на хвалюючыя запатрабаванні часу.
Раздзел 2. Жанрава-стылёвыя і ідэйна-тэматычныя адметнасці твораў Якуба Коласа 20–30 гадоў
Мастацкая творчасць Якуба Коласа здзіўляе незвычайнай эпічнай шырынёй, выключна глыбокім пранікненнем ва ўнутраны свет чалавека, высакароднасцю, вышынёй маральных патрабаванняў як асновай жыцця чалавечага грамадства.
2.1 Апавяданне «Крывавы вір»: паказ чалавека ў эпоху рэвалюцыі
У гісторыі навейшай беларускай літаратуры Якуб Колас застаецца найперш як стваральнік нацыянальнага паэтычнага эпасу. Аднак яго талент заўсёды вызначаўся багаццем і шматграннасцю праяў. Убачанае і перажытае пісьменнікам у перыяд першай сусветнай вайны, рэвалюцыі і грамадзянскай вайны знайшло сваё вобразнае адлюстраванне ў апавяданнях.
Як мастака слова i мыслiцеля Я. Коласа ўвесь час цiкавiла i хвалявала кардынальная праблема: чалавек i сацыяльна-гiстарычны працэс грамадства; больш канкрэтней у дастасаваннi да часу – чалавек i рэвалюцыя.
Сярод празаiчных твораў 20-х гадоў апавяданнi Я. Коласа вылучалiся рэалiстычнай праўдзiвасцю малюнкаў тагачаснага жыцця, гiстарычнай вернасцю характарыстык мастацкiх вобразаў. Адным з такiх апавяданняў з’яўляецца «Крывавы вiр» (1923).
Апавяданне «Крывавы вiр» было надрукавана ў 7-8 нумарах часопiса «Полымя». С. Александровiч у артыкуле «Далёка я ад межаў родных…» пiша: «Як вынiкае з расказаў жыхароў Якаўлеўкi, у аснову апавядання «Крывавы вiр» пакладзена трагiчнае здарэнне з унукам пана Самбурскага – студэнтам Пецем Клачковым. Узяўшы ў аснову рэальнае здарэнне, аўтар не проста пераказаў яго, а напiсаў мастацкi твор, змянiўшы iмёны галоўнага героя – студэнта i панскай служанкi »[7, c. 157].
Звернемся да самога апавядання. Студэнт Харкаўскага унiверсiтэта, унук панi, што жыла на Куршчыне, Грыша Заплацiнскi спачуваў рэвалюцыi i нават вёў сярод сялян адпаведную працу, а калi пачалася рэвалюцыя, то ў вiры яе падзей не змог знайсцi пэўнае месца.
Сяляне хацелi, каб панiч пайшоў разам з iмi i на справе даказаў праўдзiвасць ранейшых слоў аб рэвалюцыi, забралi яго ў свой чырвонагвардзейскi атрад, якi адпраўляўся адбiваць наступленне нямецкiх войск.
Па дарозе Грыша адстаў з намерам хутчэй уцячы куды-небудзь ад крывавых падзей. Злоўлены раз’ездам чырвонагвардзейцаў i западозраны ў шпiянажы, ён просiць сялян пацвердзiць яго мясцовае паходжанне, а тыя рашуча адмаўляюцца прызнаць яго сваiм. Старэйшы ў натоўпе дзед Патап катэгарычна заявiў: «Не, не наш! Наш з мужчынамi на немца пайшоў». I колькi юнак нi прасiў старога не браць на душу грэх, сказаць праўду, той упарта сцвярджаў: «Не ведаю, не ведаю цябе, хто ты ёсць».
Калiзiя сапраўды надзвычай трагiчная. Ад таго, што скажуць сяляне, залежала жыццё юнака. Дзед Патап не прызнаў яго сваiм i тым самым асудзiў на смерць. Што гэта: сялянская чэрствасць цi сацыяльная помста? Не чэрствасць i не помста, а асуджэнне здрады. Усе мужчыны, здольныя трымаць у руках зброю, пайшлi абараняць Радзiму, свабоду, заваёвы рэвалюцыi, бо прыход немцаў да iх асацыiраваўся зваротам назад паноў i аднаўленнем ранейшых парадкаў. Здрада агульным iнтарэсам заўсёды i ва ўсiх народаў рашуча асуджаецца незалежна ад таго, хто ў гэтым вiнаваты. Супрацьпастаўленнем дзеда Патапа Грышу Заплацiнскаму вырашаецца перш за ўсё маральная праблема. Калектыў асуджае асобу, што кiнула яму выклiк, здрадзiла Яго жыццёвым iнтарэсам.
Можна зразумець становiшча Грышы i нават паспачуваць яму, бо цяжка гiнуць на свiтанку свайго жыцця, аднак немагчыма апраўдаць здраду. Пiсьменнiк-гуманiст балюча перажывае смерць асобнага чалавека, але выступае абаронцам iнтарэсаў калектыву, у данным выпадку ўсяго працоўнага сялянства, бо дзезерцiрства прыводзiць да безлiчы ахвяр.
Такім чынам, у апавяданні «Крывавы вір» рэвалюцыя – гэта стыхія, яна выклікае буру пачуццяў, уносіць сумятню ў настрой, разводзіць у супрацьлеглыя бакі людзей, дзейнічае дэструктыўна. Калі для дзеда Патапа рэвалюцыя – акт справядлівасці, доўгачаканая адплата панству за ўсе мінулыя здзекі, то для пані – гэта смерць і жах, бо яна не адчувае асабістай віны за мінулае. У паніча, студэнта Грышкі, які наогул не мае ніякага дачынення да мінулых трагедый і нават хоча стаць чырвонаармейцам, у душы пакуль што толькі сумненне: «Гэта вайна, гэтая кроў – навошта ўсё гэта?». Сам жа аўтар як гуманіст прытрымліваецца думкі, выказанай студэнтам Грышкам: «Ніхто не вінаваты і ўсе вінаваты».
2.2 Аповесць «На прасторах жыцця: сучаснае бачанне праблематыкі, сэнс эпіграфа і змест назвы
У сярэдзіне 20-х гадоў Якуб Колас уважліва прыглядаўся да новага пакалення людзей, для якіх ўсё, што адбывалася да рэвалюцыі, здавалася ледзь не далёкай гісторыяй, якія пачыналі жыццё, па сутнасці, з чыстага ліста. Яму, настаўніку, выкладчыку педагагічнага тэхнікума, падабалася імкненне моладзі сцвердзіць сябе, але ён як вопытны і мудры чалавек, пісьменнік-гуманіст, глыбокі мысліцель ведаў пра тую небяспеку, якая чакае моладзь у жыцці, і даступнымі яму сродкамі спрабаваў памагчы.
Сёння, з вышыні сучаснасці, зусім па-новаму бачыцца асноўная праблематыка аповесці «На прасторах жыцця». Доўгі час беларуская крытыка вызначала асноўны змест аповесці Я. Коласа «На прасторах жыцця» як пафас калектыўнай працы, перамогу дум, памкненняў дзейснай асобы, станаўленне новай маралі, услаўленне новых узаемаадносінаў між людзьмі. Усё гэта ёсць у аповесці. У сур’ёзны і строга аналітычны ўсебаковы літаратуразнаўчы разгляд твора Я. Коласа зрабілі значны ўклад даследчыкі роднай літаратуры і крытыкі І. Навуменка [4], Дз. Бугаёў [8], Ю. Пшыркоў [5], У. Навумовіч [9, 10] і інш. Найбольш падрабязна і заглыблена прааналізаваў аповесць «На прасторах жыцця» вядомы купала- і коласазнаўца доктар філалагічных навук І. Навуменка ў фундаментальнай працы «Якуб Колас. Духоўны воблік героя». [4]. Даследчык па сутнасці раскрыў канцэпцыю чалавека ў творчасці Я. Коласа.
Праблема Абсалютнага дабра разглядалася пісьменнікам у аповесці “На прасторах жыцця» не абстрагавана, не ў адрыве ад рэальнасці, а выключна праз лёсы маладых людзей, праз змены ў характарах, думках і паводзінах моладзі абноўленага краю. Я. Колас добра бачыў, што ў штодзённым жыцці ішла нібыта замена адных каштоўнасцяў іншымі, а на самай справе адбывалася звычайная падмена зямнога быцця «Царствам Божым», пра якое марылі людзі, якога чакалі на зямлі, да якога імкнуліся і да чаго звярталіся ў сваіх паўсядзённых малітвах. І раптам тое «Царства Божае» – Абсалютнае дабро – дэкларавала новая ўлада, яна агітавала далучацца да падобнага «Царства» на зямлі, заахвочвала тых, хто паверыў, прапаноўвала шлях да дабра, зрабіўшы яго самамэтай.
Якуб Колас – суровы рэаліст – паказаў, што першай у зямны рай камунізму, як вялося на зямельцы роднай здавён, кінулася моладзь. Яны, маладыя, паверылі ў самаагалошаныя лозунгі, нібыта ў новыя ідэалы, да-верліва пацягнуліся да ўсяго новага, перадавога на той час, да пераменаў. На адной са старонак аповесці «На прасторах жыцця» празаік глыбакадумна заўважыў: "Старыя забораўцы – раскіданыя хмары пасля навальніцы. Яны яшчэ несталкаваліся, ні да якога пэўнага погляду не прыйшлі. Адны ходзяць ды ў вус не пасміхаюцца: заядла штось адразу моладзь узялася, глядзі, каб назаўтра ж не астыла. Другія проста не даюць веры, каб можна было на работу столькі народу паставіць. Трэціх зайздрасць трохі і страх забірае, каб з носам не астацца. Чацвёртыя на вока прыкідваюць, колькі б з гэтага гнілога балота можна сена сабраць. На адным толькі ўсе схадзіліся: гнілое балота прыцягвала цяпер увагу кожнага з іх. Проста цікава было, што з гэтага выйдзе" [11, с. 89].
Нас не могуць не зацікавіць пісьменніцкія заўагі пра «раскіданыя хмары» – «старых забораўцаў» – людзей традыцыйнай беларускай вёскі, якія яшчэ не вызначыліся ў адносінах да новых рэвалюцыйных зменаў: да новай нязвыклай улады, да штодзённай агітацыйна-прапагандысцкай апрацоўкі.
Беларус любіў падумаць, пабачыць на свае вочы тое, на што нацэльваліся маладыя, памацаць уласнымі рукамі тое, што зроблена, каб паверыць, што зроблена сумленна, на вякі.
Няма сумнення ў тым, што калі Я. Колас пісаў тыя радкі пра перавагу калектыўнай працы, дык ён добра ведаў, разумеў і адчуваў імкненне да калектыўнага пачатку ў характары беларуса-працаўніка. Празаік ясна ўсведамляў, што гнуцца аднаму на зямельцы, а тым больш на балоце, нявыкрутна і непрадукцыйна, а то і проста боязна. Ен вырас у сям’і, якая арандавала зямлю, змагалася з пустэчай, добра разумеў радасць і сілу калектыўнай працы. Але кідацца на злом галавы ў новае толькі таму, што яно – новае, не жадаў і таму не прыспешваў падзеі, не падганяў час і не фарсіраваў працэс выспявання рашэння ў свядомасці людзей.
Пісьменнік добра разумеў прыроду калектыўнага мыслення вяскоўцаў. Жыццё на хутарах, на «адрубах» у лесе, сярод балотаў і пушчаў выпрацоўвала ў сялянаў пачуццё самоты, адзіноты, фармавала таямнічасць і загадкавасць натуры.
Нашы продкі нярэдка імкнуліся да асабістай «аўтаномнасці» пражывання ў складаных прыродна-геаграфічных умовах, а «аўтаномнасць» існавання нараджала «лакалізацыю» мыслення, індывідуалізм, замкнёнасць, недавер да ўсяго новага. Менавіта так паводзіць сябе дзядзька Сымон у коласаўскай аповесці, калі «хавае рыдлёўку ў кустах» , а сам вырашае падысці да гурту, паглядзець, як жа ідзе праца. Хацеў сказаць традыцыйнае пра дапамогу Бога, ды зразумеў, што « богавай дапамогі ім не трэба » [1, с. 90], у час «наступіў» сабе на язык. Аднак калектывісцкія традыцыі ў старэйшага пакалення на вёсцы не меншыя, чым у моладзі, бо за доўгія гады змагання за лепшую долю і волю сялянам-аднавяскоўцам не аднойчы даводзілася прыходзіць на дапамогу адзін аднаму, збірацца разам, каб траляваць бярвенне, ладзіць дарогу ці будаваць грэблю, вывозіць гной ці ставіць хату, касіць луг, араць папар. "А вы што ж думалі, уломак дзядзька Сымон," – адказвае стары селянін на воклічы моладзі "Брава, брава, дзядзька Сымон!" пасля таго як вясковец "крута ў кусты павярнуў, а адтуль з рыдлёўкаю ідзе". Характэрны эпізод, які глыбока і тонка раскрывае нацыянальны характар, псіхіку селяніна-беларуса, у жыцці якога здавён немалое месца займалі старадаўнія народныя традыцыі, звычаі – талака, сябрына, бонда, – пра якія маладыя, праўда, забыліся, агорнутыя адзіным жаданнем як найхутчэй пабудаваць «зямны рай камунізму».
« А мы гэта зробім прасцей і скарэй, – сказаў Міхась Барута, бацька маладога завадатара" » . Прасцей і скарэй у маладых не атрымоўвалася, што праўда то праўда. І яны злаваліся, нерваваліся, мітусіліся. Праўда бацькі не заўсёды перамагала ў тыя дні.
Да ўсяго сказанага пра самабытнасць і непаўторнасць нацыянальнага характару беларусаў дадамо, што балоты прывучалі да цярплівасці, таямнічасці, нараджалі меланхолію, марудлівасць, стрыманасць у паводзінах. прыглушанасць эмацыйных усплёскаў.
Усё гэта выдатна выяўлена ў аповесці. Нездарма ж у прамове маладога ініцыятара асушэння гнілога балота Сцёпкі Баруты шмат справядлівых слоў пра нядбайнасць у вясковым жыцці, пра грэблі, дзе "грузнуць коні", пра масты, дзе "калечацца людзі і жывёла", пра адсутнасць дарог, школ, бібліятэк, пра тое, што "нашы дзеці ўлетку без догляду", а саламяным стрэхам пагражаюць пажары ад маланак. Але зусім невыпадковая заўвага пісьменніка ў канцы аповесці, калі пусцілі ваду з гнілога балота ў канаву, па баках якой стаяў "народ, моўчкі слухаючы музыку вады".
Якуб Колас надзяліў галоўнага героя сваёй аповесці бясспрэчнымі прыроднымі здольнасцямі і паказаў пэўнае спраўджанне надзей на юнака. Але напачатку гучыць матыў "выгнанага з хаты" сонечнага промня. Актыўна распрацоўваецца тэма "выкінутага з гнязда птушаняці". Толькі не знік, не згубіўся падлетак. Стаў на ногі, вярнуўся ў родныя гоні, каб ажыццявіць штосьці, на яго думку, карыснае для ўсёй вёскі і аднавяскоўцаў. Што гэта, прагрэс ці рэгрэс героя? Пісьменнік не спяшаецца маралізаваць учынкі герояў, не выносіць прысуд часу і людзям. Ён нібы гаворыць: пабачым, што з усяго гэтага яшчэ выйдзе, чым абернецца для вёскі, для ўсяго народа. Асабістая гісторыя юнага змагара за новы лад жыцця і склад душы якраз і ляжыць у аснове аповесці Я. Коласа "На прасторах жыцця".
Але ці свабодны Сцёпка Барута ў сваім выбары? Ці не новае ачмурэнне, затуманьванне мазгоў найшло на хлопца, што ён, як тая авечка з матыліцай, калі працуе адно паўшар’е галаўнога мозгу, ходзіць усё бокам і бокам. Ачмурэнне, скажам, асабліва звязанае са змаганнем са "святым калодзежам" – змаганне з прывідам, з атрыбутыкай, а не з ідэалогіяй, у якой Сцёпка, як мы гэта хораша бачылі на прыкладзе дыялогу пра Бога і Галабурду са стрэлачнікам на чыгунцы, на вачах прайграе. У бацькоўскай хаце Сцёпка і сам прызнаецца, што ў яго "з Богам выйшлі нелады".
Якуб Колас "застаў" свайго героя не на "нулі" духоўных каардынатаў. У Сцёпкі ёсць бацька і маці, перад якімі ён адчувае вялікую асабістую вінаватасць за ўчыненае. Як адзначалася вышэй, Сцёпка асушаў Гнілое балота ўжо разам з бацькам, слухаючы яго мудрыя парады.
"Бог, рай, той свет – усё гэта выдумкі" , – думае ўначы пасля разбурэння "святога калодзежа" Сцёпка, апраўдваючы свой учынак. Пісьменнік заўважаў, што "Сцёпка стараўся ўпэўніць сябе, што нічога благога ў яго ўчынку не было" . Яшчэ перад тым Я. Колас, разумеючы ўнутраны стан свайго героя, нібы мімаходзь зазначыў: "А ўвогуле ж было-такі непрыемна" .[11, с. 83]
Аўтарская рэмарка тут у дачыненні да свядомасці галоўнага героя аповесці значыла тады і значыць цяпер вельмі многа. Якуб Колас паказаў, што сумленне юных змагароў за новы лад і тады не драмала, а душа новых герояў перапаўнялася шматлікімі перажываннямі. Нам жа цікавы сам напамін пра "рай" у начным унутраным маналогу галоўнага персанажа. Як яны, наватары жыцця, хацелі найхутчэйшага "раю" на зямлі для ўсіх і адразу. Самі гатовы паказаць на ўласным прыкладзе, як гэта робіцца.
Роздум пра сілу ці немач атэістычнага духу прыйдзе да героя пазней, калі ён убачыць адноўлены зруб і крыж на месцы "святога калодзежа". "Разбурыць трэба самую ідэю, а зруб і крыж – гэта што?" – падумаў Сцёпка і пайшоў далей" [11, с. 85]. Не жадаючы перабольшваць сказанае вялікім песняром, удакладнім, што пісьменнік пры ўсёй сваёй народнай мудрасці і глыбіні філасофіі застаўся летапісцам часу, паказваючы шлях моладзі ад стыхійнага бунтарства да свядомага ўдзелу ў перабудове роднага краю. Сцёпка Барута, пры ўсёй неадназначнасці натуры, усё ж з’яўляецца сынам свайго часу, народа, краіны. Ён не абмінуў ніводнага кроку на тых шляхах, якім прайшоў увесь беларускі народ.
Асабістая гісторыя Сцёпкі Баруты, мяркуе У. Навумовіч, гэта лёс дзесяткаў, соцень, тысячаў маладых людзей у пострэвалюцыйную эпоху. Але не гэта галоўнае.Заслуга пісьменніка-рэаліста Я. Коласа заключаецца, на нашу думку, у тым, што ён паказаў духоўнае сталенне моладзі, адыход ад нормы паводзінаў у грамадстве, скіраваў маладых на агульначалавечыя духоўныя каштоўнасці.
Галоўны фронт змагання дабра з ліхам праходзіў праз лёсы, нямоцныя яшчэ характары маладых душ. Творца не даў гатовых рэцэптаў, хоць на першы погляд здаецца, што ён паказаў носьбітаў абсалютнай дабрачыннасці і ўласна нягоднікаў, такіх, адпаведна, як Сцёпка Барута і Марцін Шулевіч.
Каханне Сцёпкі Баруты і Аленкі Гарнашкі – яркія і кранальныя старонкі аповесці. Я. Колас выдатна апісаў у аповесці персанажаў, якія сумяшчаюць у сабе праявы тых ці іншых якасцяў адначасова – добрага і злога чалавека. Эстэтычныя аспекты дабра і ліха ў аповесці выяўляюцца выразна, пазіцыя аўтара даволі акрэсленая.
Галоўная выснова, якую можна зрабіць, перачытваючы "На прасторах жыцця", – роўную, добрую, змястоўную аповесць "юнацкай" пары беларускай прозы для юнацтва і пра юнацтва, што ў ёй Я. Колас адлюстраваў асноўныя этапы фарміравання Асобы ў грамадстве. Змаганне з балотамі ўжо стала лёсавызначальным сімвалам для Беларусі і беларусаў. Але што гэта? "Знак бяды" ці сімвал усеагульнага дабрабыту?
Якуб Колас не толькі падступіўся да праблемы, але і даволі пераканальна абмаляваў станаўленне чалавечай асобы ў аповесці "На прас-торах жыцця." Пісьменнік раскрыў тое, чаго трэба сцерагчыся ў асабістым жыцці, паказаў, як важна не папусціцца, не паддацца плыні, а захаваць душу і сэрца чыстымі, чулымі.
Народны пісьменнік з вялікай сілай мастацкага асэнсавання зменлівай жывой рэчаіснасці намаляваў змястоўную і характэрную для свайго часу карціну быцця. Сатанінская прырода Шулевічаў не можа супрацьстаяць дзейсным натурам Сцёпкі Баруты і Аленкі Гарнашкі. Каханне дазваляе спадзявацца на ўрачыстаць дабра, на паўнату жыцця.
Кожным новым пакаленнем вечная тэма кахання вырашаецца нанова. Каханне ў аповесці перамагае. У гэтым сіла твора.
Спынімся яшчэ і на эпіграфе да аповесці:
– Вы павінны прабіць сабе дарогу і выйсці на шырокія прасторы жыцця.
– А дзе такія шырокія прасторы?
– У шырокіх размахах грамадскай работы.
Як жа нам успрымаць словы аб "прасторах жыцця", вынесеныя ў эпіграф да ўсяго твора. Філасофская сентэнцыя пра "шырокія прасторы жыцця" ў аповесці належыць адмоўнаму персанажу Марціну Шулевічу, чые звычкі, норавы, манеру гаварыць, ды і самі тэзісы зусім не хацелася б пераймаць, бо яго паводзіны, мякка кажучы, не толькі не прыцягваюць, а выклікаюць вострае непрыманне, нават агіду. Мярзотнасць учынкаў гэтага чалавека навідавоку. I вось менавіта такі актывіст "новага ладу" заклікае "прабіць сабе дарогу і вырвацца " на вышэйзгаданыя абсягі.
Даследчыкі роднай літаратуры, у прыватнасці У. Навумовіч [10], імкнуцца разгадаць сэнс эпіграфа і змест назвы коласаўскай аповесці пра юнацтва і для юнацтва.
Даследчык паспрабаваў адказаць на пытанне: у чым загадка Якуба Коласа? Яна хаваецца, на яго думку, у самой назве твора і ў тым, каму належаць словы пра "размахі". Я. Колас вучыў прыслухоўвацца, хто і што гаворыць у новым жыцці. Сваю "агітацыю" за новы лад і склад жыцця Марцін пачаў, падсеўшы да Аленкі, ледзь не на вушка нашэптваючы. "А вам проста грэх марнець у глушы ", – блюзнерыць пярэварацень. А сам запыт Аленкі? Ён можа азначаць: здзіўленне, цікаўнасць, абурэнне, гуллівасць, юрлівасць. Апошняя фраза эпіграфа – водпаведзь – прыведзена Я. Коласам не цалкам, а з абрывам – толькі першая частка развагі хуткаспечанага прадстаўніка новай улады. Аўтар адкінуў прэч як непатрэбнае альбо знарок не закрануў у эпіграфе ўсялякія там "замацаванне пазіцый'', "заваёвы Кастрычніка ", пра якія далей ідзе гутарка ў сказе. Усё тое пісьменніку не трэба: пазіцыі абазначаны, канфлікт завязаны, яго змест і сутнасць відавочныя.
Да гэтага часу да разгадкі эпіграфа Якуба Коласа ніхто з літаратуразнаўцаў не наблізіўся. Ды і не маглі наблізіцца, пакуль заставаўся ў ценю персанаж, у вусны якога і ўкладзены дадзеныя словы. А як жа яшчэ? Мярзотнік, амаральны тып, а тут гаворыць такое, што трэба браць на ўзбраенне ўсёй моладзі абноўленага краю. 3 каго браць прыклад? Крытык Дз. Бугаёў яшчэ ў 1970-я гг. у артыкуле «Некалькі заўваг пра аповесць Я. Коласа "На прасторах жыцця"» з уласцівай даследчыку хлёсткасцю назваў Марціна Шулевіча "фразёрам", які хаваецца за псеўдарэвалюцыйнай фразай. Прывядзем некалькі даволі смелых на той час характарыстык з працы Дз. Бугаёва: "самахвальства", "тонка жангліруе рэвалюцыйнай фразай", "нядобрасумленныя, адкрыта карыслівыя тыпы ўносілі элементы палітычнай спекуляцыі ў самыя тонкія, інтымныя сферы чалавечых стасункаў", "фразёрства пустазвона Марціна Шулевіча паказваецца па-сапраўднаму з’едліва і злосна", "Шулевіч высокімі святымі словамі прыкрывае вельмі карыслівыя, эгаістычныя мэты", "прымазваецца да такіх грамадскіх паняццяў...", "Шулевічы схільныя сваім разлічаным краснабайствам апашляць самае святое і высокае, роднае, скажаць гэты вялікі змест" [8, с. 230–242). Праўда і тое, што далей за падобныя адмоўныя ярлыкі, словы-сімвалы літаратуразнаўца не пайшоў. Ды, мажліва, не мог пайсці. I самае істотнае, што ў артыкуле ні слова пра загадкавасць эпіграфа Я. Коласа да аповесці.
Сёння ўжо можна назваць усё сваімі імёнамі. Марцін гуляе з Аленкай Гарнушкай як кот з мышкай. Знешне паглядзець, дык і паверыць лёгка. Зусім правільныя словы кажа наваспечаны герой. За ім – горад, пасады.
– Я вітаю ўсіх, хто ідзе ў навуку.
А далей зусім не выпадковыя заўвагі старэйшага пісьменніка, які ўдакладніў: "казаў ён (Марцін Шулевіч), падсеўшы да Аленкі". А цяпер прыслухаемся, што нашэптвае Марцін? Тыя словы пра многае павінны гаварыць нашаму ўяўленню.
– А вам проста грэх марнець у глушы.
А чаму толькі ёй, Аленцы Гарнашцы, адной? Ці яна адна такая разумная? Чаму не сказаць падобную тыраду для ўсіх у вясковым клубе, для ўсёй моладзі, якая ірвецца з вёскі ў горад на вучобу і на працу? Але хто тады тут застанецца? Выбарнасць у чыноўніцкім падыходзе да вызначэння лёсаў вясковай моладзі ўжо тады выяўлялася даволі выразна.
Заўважым, што словы, вынесеныя ў эпіграф аповесці, нашэптваюцца на вуха паслухмянай і даволі ўражлівай вясковай дзяўчыне маладым савецкім функцыянерам, будучым чыноўнікам, з якіх і вырасталі кіраўнікі вытворчасці, пастары духу. Нават прозвішча Шулевіч можна параўнаць з шулякрм – беларускае найменне драпежнай птушкі.
Дык няўжо можна ўсур'ёз падумаць, што словы аб прасторах жыцця пісьменнік лічыў настолькі важнымі, што вырашыў вынесці іх у эпіграф "першагамастацкага твора аб савецкай рэчаіснасці" (В. Каваленка), не задумваючыся над тым, каму гэтыя словы належаць? Ці пабаяўся, што не пачулі шулевічаўскага «нашэптвання»? Хата Аленкі – «хата-рабфак». "Так празвалі яе хлопцы, прадстаўнікі старога сяла, – зазначаў Я. Колас і працягваў. – Праходзячы вечарам каля хаты Андрэевых, яны дзіка свісталі, гагокалі, адпускалі непрыстойныя жарты. А потым хтось з іх злажыў пра Аленку:
Вось і стала я вучоная,
Непрыступная, чырвоная,
Не хачу за гаспадарыка,
А падай мне камісарыка. [11, с. 79]
У. Навумовіч лічыць што сама гісторыя, час, рэвалюцыя падалі нашай Беларусі-Аленцы "камісарыка". Аднак пра што гамоніць «камісарык» і ці варта яму давяраць? Куды ён кліча? Што крыецца за ягонымі словамі?
Ён робіць выснову што тая дарога некуды вядзе, але нікуды не выводзіць. Прынамсі, так перасцерагае нас пісьменнік.
Разгадка інтрыгі, закладзенай у эпіграфе да аповесці "На прасторах жыцця", і простая, і складаная, як усё ў народнага пісьменніка. Простая, бо аўтар папярэджваў моладзь, заклікаў прыгледзецца і прыслухацца да таго, хто горача кліча наперад, дапамагаў разабрацца ў людзях. Вынесеныя ім у эпіграф фразы пра "шырокія прасторы жыцця" перасцерагалі моладзь: неабходна задумацца, каму належаць тыя заклікі: сумленнай асобе, шчыраму хлопцу ці фарысею, шулеру, які звыкся "тасаваць" людскія душы і ў патрэбны момант можа дастаць з калоды неабходную карту, які прыхоўвае козыр, маніпулюе джокерам?
Такiм чынам, аповесць «На прасторах жыцця» прысвечана моладзі 20-ых гадоў мiнулага стагоддзя, праблемам яе духоўнага станаўлення, адукацыі, культуры, імкненню да пераўтварэння жыцця. Твор палемічны па сваёй ідэйнай накіраванасц сваім разуменнем працы, грамадскай дзейнасці як асноўнай вартасці жыцця.
Аповесць “ На прасторах жыцця ” – гэта той твор, якім Якуб Колас канчаткова ўвайшоў у літаратуру новых адносін паміж людзьмі. Галоўную вартасць жыцця пісьменнік бачыць у стваральнай дзейнасці, у працы, у авалоданні навукай, якая дапамагае чалавеку пазнаць таямніцы прыроды.
2.3 Трылогія «На ростанях»: пошукі шляхоў у будучыню
Даследчык Гальмакоў лічыыць, што аповесці «У палескай глушы» (1921–1922) і «У глыбі Палесся» (1926–1927) працягвалі распрацоўку праблематыкі твораў «малой прозы», паэм «Новая зямля», «Сымон-музыка». Унутраная блізкасць, духоўная пераемнасць галоўнага героя палескіх аповесцяў з героямі апавяданняў і паэм відавочная. Разам з тым гэта быў новы крок у творчым развіцці пісьменніка, у ягоным пошуку новых форм адлюстравання сацыяльнай рэчаіснасці, паколькі Якуб Колас упершыню звярнуўся да жанру аповесці.
Як мяркуе Гальмакоў цікавасць Коласа да тэмы жыцця і працы вясковай інтэлігенцыі не была актыўна падтрымана літаратурнай крытыкай 20-х і асабліва 30-х гадоў, бо гэтая тэма, згодна з тагачаснымі ідэалагічнымі ўстаноўкамі, нібыта не адпавядала магістральнаму кірунку развіцця новага мастацтва з той прычыны, што пісьменнік ідэалізаваў інтэлігенцыю як рухальную сілу рэвалюцыйнай барацьбы, нібыта недаацэньваў ролю рабочага класа і прапагандаваў шкодную "нацдэмаўскую" ідэю самабытнасці Палесся. Не быў належным чынам ацэнены і аўтарскі падыход да раскрыцця абранай тэмы. А падыход да тэмы, трактоўка вобраза галоўнага героя сапраўды вызначаліся навізной: Якуб Колас абраў жанравую форму сацыяльна-псіхалагічнай аповесці з шырокім выкарыстаннем аўтабіяграфічнага матэрыялу. Такі шлях і на самай справе быў новы, бо сталай традыцыі мастацкага псіхалагізму, традыцыі псіхааналізу ў "вялікай прозе" беларуская літаратура на пачатку
20-х гадоў яшчэ не выпрацавала, таму пісьменнік непазбежна вымушаны быў ісці непратаптанай сцежкай. Перад ім паўстала няпростая задача: намаляваць паўнакроўны вобраз перадавога беларускага інтэлігента, які настойліва шукае адказу на пытанне, як палепшыць жыццё народа. На пачатковым этапе сваёй дзейнасці Лабановіч асноўным сродкам паляпшэння лічыць асвету, абуджэнне грамадскай свядомасці працоўнага чалавека, выхаванне ў яго пачуццяў самапавагі і ўласнай годнасці. İ свой чалавечы абавязак настаўнік Цельшынскай школы бачыў у тым, каб рыхтаваць вучняў да самастойнай працы. "Вашы дзеці... граматнымі стануць, будуць кнігі, часопісы чытаць, навучацца, як лепей каля зямлі хадзіць, каб карысці з яе болей было, бо ўсё ж паляпшэнне ў жыцці ад навукі ідзе" [11, с. 87], – тлумачыць Лабановіч палешуку Сцяпану Рылку неабходнасць школьнай адукацыі. Псіхалагічна апраўдана тое, што ў першы дзень сустрэчы з цельшынскай дзятвой настаўнік разгарнуў намечаную праграму асветнай дзейнасці – абуджаць у вучняў крытычны розум, "каб да кожнай з’явы і факта яны падыходзілі з пытаннем – як выніклі? у чым іх прычына? İ, наогул, каб да ўсяго падыходзілі свядома". Тут герой Якуба Коласа выступае як перакананы асветнік, для якога прымусовае падаўленне волі чалавека ў прынцыпе непрымальнае. Павага да чалавечай асобы і да жыцця – вызначальная рыса характару Лабановіча. "Што ні кажы, а жыццё, ужо само па сабе, ёсць радасць, вялікае шчасце, бясцэнны дар", – разважае настаўнік на адзіноце. İ гэта яскравае пацвярджэнне яго высокага інтэлектуальнага і духоўнага патэнцыялу.
З такім жа захапленнем ставіцца Лабановіч і да прыроды, характарызуючы яе як найцікавейшую кнігу, якая разгорнута перад вачамі кожнага з нас. Пазнанне таямніц, сакрэтаў прыроды, адгадка яе "мнагалучных напісаў" таксама сапраўднае шчасце. Адно толькі азмрочвае чалавечую радасць, – вымушаны прызнаць настаўнік, – усведамленне хуткаплыннасці жыцця, празмерна кароткі тэрмін, адмераны кожнай асобе, каб яна паспела ўдосталь "начытацца гэтай кнігай". Перад чытачом, як бачым, паўстаў не па гадах сур’ёзны чалавек, думкі якога скіраваны на складаныя маральна-этычныя, быційныя праблемы.
Аўтар аповесці пераканаўча паказаў, што прыродны розум, закладзенае хатнім выхаваннем, пачуццё справядлівасці, сумленнасць, павага да працоўнага чалавека, аналітычныя здольнасці дапамаглі настаўніку даволі хутка вызначыць лінію асабістых паводзінаў і разабрацца ў людзях рознага сацыяльнага стану – сялянства, чыноўнага люду, духавенства. Разгляд многіх канкрэтных спраў і ўчынкаў Лабановіча пацвердзіць шчырасць яго пачуццяў да жыхароў Цельшына. İ яны адказвалі яму ўзаемнасцю. "Цэлыя вечары праседжваў ён у сялянскіх хатах, прыглядаючыся да жыцця палешукоў. Яго тут прымалі і спатыкалі прыветна, з ахвотаю падтрымлівалі гутарку аб розных справах". Настаўніка прываблівалі мудрасць "балотных людзей", загартаваных суровай прыродай Палесся, іх працавітасць, цярплівасць, з якой яны пераносілі нялёгкія выпрабаванні лёсу. Для характарыстыкі Лабановіча як асобы важна тое, што ён, атрымаўшы адукацыю ў казённай установе, разумеў сацыяльныя прычыны цемнаты, забабоннасці, нізкага ўзроўню побытавай культуры палешукоў, грамадскай пасіўнасці, імкнуўся ўнесці промень святла ў душу вясковага жыхара. Менавіта з-за розных поглядаў на гэтыя пытанні і адбылося яго разыходжанне з калегамі і з чыноўнікамі розных рангаў – з настаўнікам Саханюком, з пісарам Дубейкам, з чыгуначным служачым Сухаваравым, якія пагардліва ставіліся да селяніна. Абмалёўцы гэтых персанажаў аддадзена значная пісьменніцкая ўвага, паколькі менавіта яны стваралі грамадскі, побытавы асяродак, неабходны жанру аповесці.
Мушынскі. М пераконвае, што пастаўленая пісьменнікам задача – сродкамі рэалістычнага пісьма даць вобраз галоўнага героя, характар якога фарміруецца ў практычнай дзейнасці і ва ўзаемаадносінах з сацыяльным асяроддзем, – не магла быць паспяхова вырашана, калі б аўтар аповесці абмежаваўся толькі сферай грамадскай, асветнай працы героя. İнакш кажучы, выхад Лабановіча на асабістыя, прыватныя стасункі быў зусім натуральны, прадыктаваны логікай яго духоўнага станаўлення. İ ў гэтых узаемаадносінах герой таксама раскрываўся як неардынарная асоба, сапраўдны інтэлігент, як жывое ўвасабленне рысаў нацыянальнага характару беларуса, носьбіт народных уяўленняў аб высакародстве, чалавечай годнасці і самапавазе. У сваю чаргу сюжэтная лінія прыватнага жыцця Лабановіча надала аповесці адпаведную цеплыню, узмацніла ў ёй лірычную плынь, аўтарскі аповед набыў яшчэ болей шчырае, даверлівае гучанне. Стыль твора ўзбагаціўся новымі выяўленчымі сродкамі, ён стаў болей шматфарбным. Так, пры першай сустрэчы на чыгунцы з незнаёмай дзяўчынай мы бачым далікатнага, сарамлівага юнака, які тонка адчувае дзявочую прыгажосць, прывабную сілу хараства. İ другі раз убачыўшы Марыну, Лабановіч не мог не аддаць належнае яе абаяльнасці. Ён знаходзіць дакладныя словы, каб намаляваць партрэт дзяўчыны. İ тут на першы план вылучае ўнутраныя якасці панны – дабрыню, строгасць і стрыманасць, г. зн. рысы характару, якія адпавядалі ягонаму эстэтычнаму густу. Але захапленне Марынай не перарасло ў вялікае пачуццё. Тое ж трэба сказаць і пра "завітанскую чараўніцу" Людмілу.
Такой дзяўчынай, якая змагла паланіць Лабановіча, завалодаць яго сэрцам, аказалася шаснаццацігадовая дачка пана падлоўчага Ядвіся. Надзелены ад прыроды тонкай назіральнасцю, Лабановіч паказаў сябе таленавітым псіхолагам-фізіянамістам: па выразе твару ён даволі дакладна вызначыў і ўласцівую дзяўчыне жыццярадаснасць, светлы погляд на рэчаіснасць, і цяжар, які прыціскаў яе долу. А народжаны быў цяжар заўчаснай смерцю маці, зведзенай у магілу дэспатызмам пана падлоўчага. Боязь падзяліць трагічны матчын лёс, страх перад жорсткім бацькам негатыўна адбіваюцца на душэўным стане Ядвісі – звязваюць яе душэўныя рухі, не даюць магчымасці быць свабоднай у выяўленні пачуццяў. Старонкі, на якіх адлюстраваны ўзаемаадносіны Лабановіча і Ядвісі, іх кароткія сустрэчы, дасціпныя, поўныя гумару размовы, сапраўдныя ці знарочыстыя спрэчкі, – гэта высокая мастацкая аналітыка, сталая аналітычная проза. Менавіта тут Якуб Колас дэманстраваў наватарскую сутнасць свайго твора, накрэсліваў тагачаснай беларускай прозе плённы шлях развіцця – шлях глыбокага пранікнення ў непаўторны ўнутраны свет асобы, якая фарміруецца ў пэўных грамадскіх умовах, у канкрэтных рэгіянальных, побытавых абставінах. Гэтыя абставіны, безумоўна, накладваюць свой адбітак на характар чалавека, на яго светаўспрыманне. Узаемаадносіны Лабановіча і Ядвісі яскрава пацвярджаюць справядлівасць сказанага. Узаемаадносіны гэтыя няпростыя, бо за імі стаяць розныя характары. Так, малады настаўнік усёй душой цягнецца да "лепшай, прыгажэйшай краскі Палесся", балюча перажывае праявы няўважлівага да сябе стаўлення з боку дзяўчыны, якая нясе ў сабе розныя пачаткі – здольнасць радавацца і смуткаваць, быць сур’ёзнай і бесклапотнай, засяроджанай і чулліва-гарэзлівай.
Прырода супярэчлівасці самога Лабановіча, якая выяўлена ў аповесці з выключнай мастацкай пераканальнасцю, з глыбокім пранікненнем у псіхалогію, іншая, чым у Ядвісі. Пасіўнасць настаўніка, унутраныя хістанні, нават яго знарочыстая крыўдлівасць, падсвядомае жаданне таго, каб узаемаадносіны з паненкай засталіся няпэўнымі, тлумачыліся бояззю страціць перспектыву. Лабановіч баяўся, што калі ён звяжа свой незайздросны лёс вясковага настаўніка з лёсам дзяўчыны, дык тым самым адсячэ "сабе дарогі да далейшага дасягнення тых мэт, якія меў ён на ўвазе". Гэтыя мэты фармулююцца даволі шырока: "Яго цягнула вольная праца ў невядомых прасторах людскога жыцця, яму хацелася пашырыць свой кругагляд, набыць тыя веды, якіх яму так бракавала. Яго, наогул, захапляла і вабіла жыццё з прынаднымі малюнкамі і таемнымі чарамі" [11].
Згаданыя разважанні героя наводзяць на думку, што яму ўласцівы рацыяналістычны склад мыслення і што эмацыйна-пачуццёвую стыхію ён умеў утаймоўваць. Ды, напэўна, Лабановіч псіхалагічна яшчэ не быў гатовы браць на сябе адказнасць за лёс іншага чалавека. Бясспрэчна адно: аўтар аповесці імкнуўся намаляваць вобраз жывога чалавека, стварыць паўнакроўны характар, пазбегнуць схематызму, зададзенасці, спрошчанага падыходу, аднапланавай, аднамернай трактоўкі паводзінаў і ўчынкаў. Гэта якраз і было дасягнута пісьменнікам, што і прадвызначыла мастацкі ўзровень твора і псіхалагічную пераканальнасць характару Лабановіча.
İстотнай для аўтара сацыяльна-псіхалагічнай аповесці была неабходнасць паказаць героя ў развіцці, у станаўленні. Трэба было адцягненыя мары гэтага героя пра "вольную працу ў невядомых прасторах людскога жыцця" напоўніць рэальным зместам, канкрэтнай грамадскай практыкай. Менавіта нястомныя памкненні Лабановіча да пошуку сэнсу быцця, да спасціжэння таямніц прыроды і складаюць галоўную рысу ягонага характару. Гэтая якасць наглядна выявілася падчас візіту Лабановіча да свайго семінарскага таварыша Турсевіча. Так, у размове з Турсевічам цельшынскі настаўнік выказаў думку аб тым, што "прырода мае нейкае сваё свядомае жыццё" і можа выпраменьваць пазітыўную, жыццятворную альбо негатыўную энергію. Блізкімі аказаліся і погляды абодвух на прычыны грамадскай пасіўнасці беларусаў, якія цярпліва зносяць абразлівае стаўленне да іх нацыянальнай годнасці. "Кожны народ мае свой гонар... А мы, беларусы, не адважваемся прызнацца ў тым, што мы – беларусы. Бо на галаву беларускага народа, як вядома, многа выліта памыяў, годнасць яго прыніжана і мова яго асмеяна, у яго няма імя, няма твару. А з гэтага вынікае тое, што беларус-інтэлігент адмяжоўваецца не толькі ад свайго народа, але і ад бацькоў сваіх" [11].
Але настаўнікі не былі паслядоўнымі аднадумцамі. Яны, напрыклад, разышліся ў поглядах на філасофскае пытанне: "Чаго чалавек на свеце жыве" – каб прыносіць карысць грамадству ці дзеля задавальнення асабістых патрэбаў? Майстэрства Коласа-псіхааналітыка выявілася ў тым, што ён не пайшоў па лініі дэкларацыйнай падтрымкі прыярытэтнасці "ідэі агульнага дабра", а паказаў выключную складанасць і супярэчлівасць характару чалавека: у далейшым не Турсевіч, а менавіта Лабановіч свядома стаў на шлях актыўнай барацьбы за інтарэсы народа. Гэта значыць, першы гучна дэклараваў неабходнасць змагання, а другі на практыцы ажыццявіў важныя маральна-этычныя прынцыпы.
Сустрэча Лабановіча з Турсевічам стала значнай падзеяй у яго духоўным развіцці, а гутаркі-спрэчкі адыгралі ролю каталізатара працэсу духоўнага развіцця. Настаўнік апынуўся перад неабходнасцю перагледзець некаторыя ранейшыя мэтавыя ўстаноўкі і выпрацаваць новую "жывую ідэю". İ ўсведамленне такой неабходнасці не засталося толькі намерамі. А гэта і было праявай яго духоўнага развіцця. Інакшымі сталі погляды на "цесную школу", на "палескую глуш". Адразу па прыездзе ў Цельшына ўчарашні семінарыст паэтызаваў "гэты глухі куток Палесся", спрачаўся з тымі, хто не хацеў бачыць хараства "гэтага некранутага краю старажытнасці". Цяпер думка Лабановіча ідзе ў глыбіню, а ягоныя высновы грунтуюцца на аналізе той ці іншай з’явы, на высвятленні прычын, якія яе выклікалі. А прычыны гэтыя звычайна не ляжаць на паверхні, яны схаваныя. Вось і "трагедыю чалавечай душы" першай жонкі падлоўчага Лабановіч ускосна звязвае з "палескай глушшу", з тамтэйшай атмасферай, замкнёнасцю жыццёвага ўкладу, бояззю вынесці сямейныя праблемы на людзі. І ўласным становішчам настаўнік аказаўся незадаволены, а сваю працу характарызуе як "мала вартоўную", адчуваючы пагрозу "павольнага ўмірання душы і зацягвання цябе балотам".
Яшчэ адной прычынай песімістычнага настрою Лабановіча было пасіўнае стаўленне цельшынскага вясковага люду да гутарак, з якімі ён выступаў у надзеі абудзіць іх свядомасць, актывізаваць на нейкія канкрэтныя справы, учынкі. Але ягоны заклік – "чалавек павінен імкнуцца, каб жыццё было добрае і карыснае", – не знаходзіў жаданага водгуку. Нават спробу звесці рахункі з жыццём у хвіліны нервовай узрушанасці настаўнік гатовы быў ажыццявіць. Але прага жыцця перамагла чорнае насланнё, ён "адкінуў ад сябе рэвальвер", адагнаў "нядобрыя мыслі", якія маглі штурхнуць яго ў "страшны круг", адкуль няма выйсця.
Слушную думку выказвае І. Навуменка калі піша што для разумення аўтарскай ідэйна-мастацкай канцэпцыі – гуманістычнай канцэпцыі абароны чалавека, абароны хрысціянскіх духоўных каштоўнасцяў, маральна-этычных асноў народнага жыцця – істотнае тое, што нябачную дапамогу настаўніку аказала бабка Мар’я. Добрым сэрцам яна адчула небяспечныя намеры паніча і звярнулася да традыцыйна народных сродкаў – да магічнага слова.
Даследчык Пшыркоў пераконвае, што вобраз школьнай старожкі нясе ў аповесці значную сэнсавую нагрузку: бабка Мар’я з’яўляецца носьбітам рысаў народнага характару, перш за ўсё чалавечнасці, дабрыні, спачувальнага стаўлення да таго, хто зведаў жыццёвыя нягоды. Нездарма ж да мудрай бабулі так цягнецца Ядвіся. Шмат чаму навучыўся ад яе і дапытлівы Лабановіч. Шматзначны штрых: аповесць пачынаецца сцэнай размовы галоўнага героя з бабкай Мар’яй і канчаецца яе тужлівымі словамі, адрасаванымі Ядвісі, якая пакінула бацькоўскі дом, і Лабановічу напярэдадні яго ад’езду з Цельшына: "Разлятаюцца мае галубкі... не вернецеся вы, панічыку, сюды! – İ яна ў вялікім засмучэнні падперла рукою шчаку. Вечарам, праводзячы настаўніка, бабка заплакала" [11]. Такім кампазіцыйным прыёмам Якуб Колас яшчэ раз падкрэсліў значную ролю гэтага вобраза ў сцвярджэнні ідэі народнасці як вызначальнай у агульнай канцэпцыі твора.
Галоўная мэта, пастаўленая пісьменнікам у другой кнізе палескіх аповесцей, – вывесці свайго героя на болей шырокі прасцяг грамадскай дзейнасці, псіхалагічна абгрунтаваць заканамернасць яго пераходу да рэвалюцыйнай барацьбы, паказаць, што гэта быў новы этап яго духоўнай біяграфіі, этап, выпакутаваны праз напружаныя роздумы над прызначэннем чалавека, над жыццём народа і гістарычнымі падзеямі, якія ў той час адбываліся ў Расіі. Усведамленне неабходнасці непасрэднага ўдзелу ў змаганні з царскім самаўладдзем далося Лабановічу няпроста. Настаўнік бачыў цяжкае эканамічнае становішча працоўнага сялянства, сацыяльную несправядлівасць, разумеў неабходнасць змен, але якімі сродкамі іх можна дасягнуць – на гэтае пытанне гатовага адказу не меў. Дапамагаючы герою ў пошуках такога адказу, аўтар аповесці ставіць яго ў складаныя жыццёвыя сітуацыі, сутыкае з рознымі людзьмі, выпрабоўвае на маральную, грамадзянскую трываласць. Вось і пры ад’ездзе з Цельшына Лабановіч слухае расповед дзядзькі Рамана пра Яшукову гару. Яе назва звязана з імем жорсткага, бязлітаснага пана, якога аднойчы пасля палявання знайшлі павешаным. Настаўнік дапытваецца: пана "павесілі, ці сам ён павесіўся?" Глыбінны сэнс пытання зразумелы: адплата за здзекі і злачынствы прыйдзе сама сабой ці трэба, каб пакрыўджаныя рашуча расквіталіся з "вырадкамі, гвалтаўнікамі"? Якая ж у гэтым пытанні пазіцыя селяніна? Дзядзька Раман гаворыць: "Людзі цярпелі, бо думалі, што калі цярпець, то лягчэй ад гэтага будзе, дый баяліся пана. Але часамі і дзерава не сцерпіць і скіне галіну, каб прыбіць чалавека. На свеце ёсць мера ўсяму. İ тут так вось было". Як відаць з выкладзенага, аўтар аповесці непрыкметна падводзіць чытача да думкі аб правамернасці суровай адплаты прыгнятальнікам і крыўдзіцелям. Але тут варта звярнуцца і да лірычнага ўступу, які папярэднічае першай частцы аповесці. Заключныя радкі ўступу гучаць так: "Ласка і гнеў, ціша і бура! Я вітаю вас, калі вы прыходзіце ў сваім часе, калі выконваеце вы адвечную волю жыцця" [11]. Тут Якуб Колас сфармуляваў сваё разуменне гістарычнага прагрэсу: людскія ўчынкі, гістарычныя падзеі тады маральна апраўданыя, калі адпавядаюць спрадвечным законам жыцця, калі з’яўляюцца выяўленнем "волі жыцця". Такі погляд быў блізкі і герою аповесці.
А вось наведванне Лабановічам мястэчка Панямонь прымусіла яго паглядзець на жыццё глыбей, больш цвяроза. Якуб Колас падрабязна малюе сустрэчу настаўніка з панямонскай інтэлігенцыяй (раздзелы ІІІ – VІІ). А гэта якраз і звязана са структурнай навізной другой аповесці ў параўнанні з першай, больш "камернай". Там Лабановіч фактычна "кантраляваў" сюжэтнае дзеянне, вёў яго. У другой кнізе аўтар пазбавіў свайго героя такіх пераваг, і кожная дзейная асоба атрымала большую самастойнасць. Адпаведна і агульны малюнак жыцця, у дадзеным выпадку панямонскай інтэлігенцыі, станавіўся больш поўным, набываў шматфарбнасць. Вядома, Якуб Колас далёкі ад паэтызацыі побыту, нораваў, уяўленняў панямонцаў, але разам з тым ён і не засяроджваецца толькі на ценявых баках, на негатыўных з’явах, бо галоўным для яго было даследаванне псіхалогіі чалавека, узнаўленне маральна-побытавай атмасферы, у якой жыў гэты чалавек. İ трэба сказаць, што пісьменнік знаходзіў у жыцці сваіх персанажаў шмат цікавага. Так, госці Шырокага, падвесяліўшы сябе наліўкай хатняга вырабу, паказалі, што яны ўмеюць добра пасмяяцца, ведаюць сілу трапнага, а часам і з’едлівага жарту.
Пшыркоў.С мяркуе, што асноўную сэнсавую нагрузку ў раздзелах, прысвечаных гасцяванню Лабановіча ў панямонцаў, нясуць сцэны гульні ў карты, дзе кожны з персанажаў раскрыўся ва ўсёй паўнаце. Несумненна, тут Якуб Колас у пэўнай ступені выкарыстоўваў мастацкі вопыт Дастаеўскага, хоць маштаб дзейных асобаў у творах абодвух пісьменнікаў непараўнальны. Але псіхалагічны стан карцёжнікаў, ахопленых азартам гульні, хваравітай прагай грашовага выйгрышу, у аповесці Коласа перададзены дакладна: "Піва шаломіць стомленыя галовы, робіцца трохі весялей. У вачах стаяць фігуры карт, у вушах грошы звіняць, а там, дзесь у нутрах-глыбінях, штось ные, баліць, і снуюць неспакойныя думкі. А голас спакусы шэпча – яшчэ ўсё можна паправіць, вярнуць свае грошы...
– Эх, вярнуць бы свае грошы!" [11]
Магчыма, пісьменнік і не чакаў – а ў гэтым і была сутнасць пастаўленага ім доследу, – што яго герой, трапіўшы ў кампанію аматараў картачнай гульні, праявіць такія ж рысы характару, як і валасны старшыня Брыль ці фельчар Найдус, і што ў маральным плане, у сваіх памкненнях, жаданнях ён не ўзнімецца вышэй за гэтых людзей. İ Лабановіч, і яго сябра Садовіч увачавідкі пераканаліся ва ўласнай слабасці, маральнай незагартаванасці перад спакусамі рэальнага, а не кніжнага жыцця.
Прыгоды, якія напаткалі Лабановіча ў Панямоні, паслужылі яму добрым урокам і далі падставу да роздуму над сваёй будучыняй і той роляй, якую павінна выконваць нацыянальная інтэлігенцыя ў грамадскім жыцці. Ужо ў самыя першыя дні знаходжання на хутары, дзе тады на арандаванай скарбовай зямлі жылі яго родныя – маці, дзядзька Марцін, браты і сёстры, – Лабановіч адчуў, якая шырокая мяжа падзяляе працоўнае сялянства і невялічкую купку адукаваных маладых людзей. Нават родная маці і дзядзька адчувалі, што "ён тут не такі, як усе", што ён "чалавек іншага кругу". Настойлівыя намаганні настаўніка "сцерці ўсякія граніцы паміж сабою і роднымі і цалкам зліцца з імі, жыць так, як жывуць і яны", аказаліся дарэмнымі. Каб зліквідаваць гэтую мяжу, на думку Лабановіча, якраз і патрэбна доўгая асветная праца, якую павінна весці нацыянальная інтэлігенцыя.
Засмуціла настаўніка і тое, што яго намеры правесці сціплыя гаспадарчыя рэформы нават у межах хутара не сустрэлі падтрымкі. А між тым малады рэфарматар марыў: "Грамада асушае балоты, стварае новыя землі, праводзіць дарогі, абсаджвае іх пладовымі дрэвамі, робіць масты, будуе новыя дамы і пачынае жыць шчасліва і багата" [11].
Вось гэтыя мроі-фантазіі якраз і ўспрымаліся настаўнікам як зусім рэальная перспектыва, як прадуктыўны і разам з тым дасягальны шлях развіцця беларускай вёскі. Перашкоду ж у практычным ажыццяўленні падобнага шляху герой аповесці бачыў у пасіўнасці, цемнаце селяніна, у яго нежаданні праяўляць ініцыятыву нават у дробных справах. Няўдачай закончылася і спроба Лабановіча падахвоціць мікуцічан наладзіць грэблю, так патрэбную вяскоўцам. Ды нават настаўнікі не адгукнуліся на заклік свайго калегі.
Тым не менш няўдачы не прымусілі Лабановіча адмовіцца ад асветнай працы. Так, ён згодзен з тым, што беларускі селянін "малакультурны, кансерватыўны", што ён баіцца зменаў і не ўзняўся да таго, каб свядома ацаніць неабходнасць супольнага, калектыўнага дзеяння. "Але ж яму, народу, трэба гэта гаварыць, будзіць яго, катурхаць. İ, па-мойму, гэта ёсць наш абавязак..." [11], – падагульняе Лабановіч чарговую размову з настаўнікамі.
З прыведзенага разгляду відаць, што герой аповесці Якуба Коласа на дадзеным этапе свайго развіцця – духоўнага, светапогляднага – грамадска карысную працу лічыў галоўнай справай жыцця, але пры гэтым аддаваў перавагу не рэвалюцыйнай, а мірнай, асветніцкай дзейнасці. Каб гэтая выснова гучала пераканальна, каб яна мела канцэптуальнае значэнне, пісьменнік якраз і засяродзіў увагу на ўмовах і абставінах жыцця родных Лабановіча, сялянаў вёскі Мікуцічы, даволі поўна ўзнавіў іх побыт, паўсядзённыя клопаты і турботы. Ёсць глыбокі сэнс у тым, што першая частка аповесці "У глыбі Палесся" мае назву "На бацькаўшчыне", бо гаворка тут ідзе не толькі пра родныя мясціны Лабановіча, а пра тое, што мары і памкненні жыхароў хутара і вёскі былі, фактычна, памкненнем усёй сялянскай Беларусі. Паўната абмалёўкі паўплывала на змест твора, пашырыла яго сацыяльны фон, які стаў нашмат багацейшы ў параўнанні з аповесцю "У палескай глушы".
Больш разнастайным і супярэчлівым быў і склад мікуціцкай інтэлігенцыі. Там Лабановіч сустрэў маладых настаўнікаў розных светапоглядных арыентацый. Адным з каларытных персанажаў у гэтым асяроддзі быў İванок Перагуд, галоўным этычным пастулатам якога стаў лозунг: "Плюй на ўсё і шануй сваё здароўе" . Перагуд трапіў пад уплыў модных на пачатку ХХ стагоддзя захапленняў – абвяргаць рэлігію і Бога. Паводле пісьменніцкага тлумачэння, настаўніцкае вальнадумства паступова "пераходзіла і пад стрэхі сялянскіх хат" . Праз пэўны час вясковы люд нібыта пачаў схіляцца да атэістычных поглядаў: "А можа, і сапраўды няма Бога" . Напэўна, у гэтых перабольшаных сцвярджэннях трэба бачыць негатыўнае ўздзеянне афіцыйных ідэалагічных установак канца другой паловы 20-х гадоў ХХ стагоддзя, калі ваяўнічая барацьба з рэлігійнай свядомасцю ішла шырокім фронтам. Адсюль зразумела, чаму Якуб Колас даволі прыхільна паставіўся да вясковых вальнадумцаў і цёплымі фарбамі намаляваў вобраз згаданага вышэй Перагуда, хоць İванок не выклікае да сябе асаблівых сімпатый. У размове з богабаязнай маці ён бэсціць святароў ("папа кудлатым чортам называе"), абразліва ставіцца да царкоўнага набажэнства, высмейвае параду паставіць у царкве свечку, увогуле нармальную гаворку схільны падмяняць лаянкай і агрэсіўным багахульствам. З выклікам звяртаецца да маці: "А ты бачыла Бога? Дык скажы, які ён! Да каго падобны: да каня ці да каровы?" [11]
Вядома, у паводзінах İванка "было многа напускнога", знарочыстай гульні ў нігіліста – у школе ён лічыўся добрым настаўнікам. Ды і матчыны малітвы ("Маці адступаецца і ціха шэпча: "Ойча наш". Яна не можа забыць гэты цяжкі грэх сына") крыху нейтралізуюць цяжкае ўражанне ад абразлівых выпадаў школьнага настаўніка на адрас Усявышняга.
Было б, аднак, памылкай бачыць у трактоўцы пісьменнікам вобраза İванка Перагуда толькі ўздзеянне ідэалогіі. Ёсць тут і другі, болей істотны аспект праблемы, што яскрава высвятляецца пры разглядзе вобраза яшчэ аднаго настаўніка – Янкі Тукалы. Блізкі таварыш Лабановіча па семінарыі, Тукала – чалавек неспакойнага характару, дапытлівы, але з няўстойлівай псіхікай. У галаве ў яго пануе хаос ад прачытаных кніг рознага зместу і рознай скіраванасці. Назбіраўшы грошай, Тукала едзе ў манастыр на востраў Валаам у спадзяванні знайсці там свайго бога, спасцігнуць ісціну. Але расчараваўся ў пошуках і па вяртанні робіць дзікунскі ўчынак – утварае "непатрэбства" перад абразом Мікалая Угодніка.
У даследчыка Навуменка ёсць падставы меркаваць, што Колас і ў гэтым выпадку свядома завастрае вобраз Тукалы, імкнучыся ў праўдзівым святле паказаць складанасць становішча, ў якім знаходзілася беларуская вясковая інтэлігенцыя пачатку ХХ стагоддзя. Выказванні, паводзіны і ўчынкі Перагуда, Тукалы сведчаць аб тым, што сярод яе прадстаўнікоў панавалі розныя настроі і памкненні і што ў рэвалюцыю ішлі людзі розных палітычных арыентацый і перакананняў. У іх яшчэ няма ідэйнага адзінства, згуртаванасці. Падчас размовы з сябрамі Тукала шчыра прызнаецца: "Цяпер вось захапіўся Ніцшэ "Так казаў Заратустра", і мне хочацца быць "надчалавекам", чорт вазьмі! А калі строга падумаць, то выходзіць, што ты проста чалавек з пакалечанымі семінарскім выхаваннем мазгамі" [11].
Як асветнік і сялянскі сын, Лабановіч, натуральна, не мог прыняць антыгуманную ніцшэанскую тэорыю надчалавека, але ён не адштурхнуў таварыша, а паспрабаваў разам з ім вызначыць шляхі далейшай дзейнасці: настаўнікі па прапанове Тукалы нават заключылі сяброўскі трыумвірат, каб хутчэй адолець хістанні і "разам выбіцца на нейкую дарогу". А Лабановіч фармулюе жыццёвае крэда ўдзельнікаў дамовы. Ён параўнаў шукальнікаў праўды з дрэвамі ў полі, што стаяць пад ветрам. "Аднак здаровае, моцнае дрэва будзе стаяць роўна, а галіны яго больш нахіляцца ў той бок, адкуль свеціць сонца. Штука ж уся ў тым, як намацаць галінамі гэтае сонца" [11]. Нястрымнае імкненне да высокага ідэалу – вось што становіцца дэвізам Лабановіча і яго мікуцічанскіх калегаў. З гэтым дэвізам і пачынае Лабановіч сваю працу "на новым месцы" – менавіта такую назву даў Якуб Колас другой частцы аповесці. Аўтарскае азначэнне "новае" мае глыбокае сэнсавае напаўненне.
İ падчас працы ў новай школе Лабановіч па-ранейшаму актыўна праводзіў у жыццё асветніцкія ідэі. Не прапаў дарэмна яго папярэдні жыццёвы і прафесійны вопыт. Так, ён стаў болей памяркоўны, цярпімы да чалавечых слабасцей, а ягоныя ацэнкі гучаць болей узважана, аб’ектыўна. Гэтыя змены ў яго адносінах да людзей яскрава выявіліся пры наведванні "важнейшых асобаў у сяле" – бацюшкі, дзяка, валаснога старшыні, пісара. Візіты былі вельмі карыснымі – яны яшчэ раз пацвердзілі ранейшыя назіранні Лабановіча над складанасцямі людскіх лёсаў, над супярэчлівасцю чалавечых характараў. Той жа айцец Мікалай з захапленнем гаворыць пра міласэрнасць настаўніка ў дачыненні да цяжарнай школьнай старожкі Ганны ("Вы паісціне паступілі па-хрысціянску"), але сам шчыра прызнаецца: "Я не пакінуў бы яе" . У нечаканым святле паўсталі перад Лабановічам і валасны старшыня Захар Лемеш, і дзяк Бацяноўскі. Лемеш таленавіта выконвае ролю саліднага, важнага і строгага начальніка, але па прыродзе сваёй не злы. А ў прыдачу да таго – дзелавы і клапатлівы. "Пасля гэтага старшыня пытае ў пісара, як справы ідуць, што зроблена, што трэба зрабіць, куды паехаць у першую чаргу і да каго заехаць, зрабіўшы справу" [11]. Праўда, паступова ілюзіі настаўніка рассейваюцца, знікаюць, асабліва калі ён дазнаўся аб прычынах празмернай актыўнасці Лемеша: старшыня хоча застацца на сваёй пасадзе і дзейнічае надзейным, апрабаваным спосабам – шчодра частуе "прагавітых на выпіўку сваіх выбаршчыкаў". З добрай доляй іроніі і лёгкага сарказму распавядае пісьменнік пра намеры Лемеша "адстаршыняваць адразу, без перапынку, тры раты", каб такім чынам "выслужыць пачэсны каптан" і дагнаць адзінага ў Пінскім павеце шчаслівага ўладальніка такога каптана – свайго цесця. Лабановіч міжвольна параўноўвае прадстаўнікоў цельшынскай і выганаўскай сельскай улады і жыхароў гэтых вёсак, каб глыбей адчуць адметнасць мясцовага жыцця і тыя змены ў людскіх настроях, якія прыносіць новы час.
А змены ў жыцці, у свядомасці працоўнага сялянства адбываліся. Вось і ў Лабановіча з’явіўся неафіцыйны вучань у асобе дапытлівага селяніна-праўдашукальніка Аксёна Каля, да якога хутка далучыліся бацька і сын Бязручкі. Вобраз народнага хадайніка Аксёна, вяскоўца са строгімі, нават "халоднымі рысамі твару", раскрыты ў аповесці даволі глыбока і пераканальна. Гледзячы на свайго трыццацігадовага вучня, Лабановіч спрабаваў уявіць, кім бы той мог стаць, калі б разгарнуўся ва ўсю сілу: "строгім пракурорам за грамадскія справы" або "ўдалым атаманам разбойніцкай шайкі, бязлітасным помснікам за сялянскую крыўду". Згадка пра "разбойніцкую шайку" тут зусім невыпадковая: небяспека нястрымнай стыхійнай помсты хвалявала настаўніка. Мусіць, таму ён і ўзяўся за адукацыю Аксёна ў спадзяванні скіраваць разбуральную стыхію ў разумнае рэчышча.
Але настаўнік і сам меў патрэбу ў пашырэнні ўласнага кругагляду, у новых ведах, у тым ліку ведах палітычнага характару. Вось чаму сапраўднай падзеяй, якая паўплывала на светапогляд Лабановіча, аказалася нечаканае знаёмства з нелегальнай брашурай. "Маленькую кніжачку" рэвалюцыйнага, антыдзяржаўнага зместу хтосьці падкінуў на школьны ганак. Невядомы аўтар з непахіснай верай у праўду сваіх слоў выкрываў агульнапрынятыя ўяўленні пра цара як пра памазанніка божага, як пра абаронцу інтарэсаў беднага і багатага, як пра "тое ўвасабленне ўсяго найлепшага, што толькі можа быць у чалавеку". У брашуры рашуча выкрываліся царскія рэформы, якія нібыта мелі на мэце палепшыць становішча народных мас, умацаваць законнасць праз увядзенне інстытута земскіх начальнікаў. Затое шмат прыхільных слоў было сказана ананімным аўтарам пра тыя палітычныя арганізацыі, якія выступалі за рашучае змаганне з самаўладдзем. Першае, што адчуў Лабановіч, прачытаўшы кніжачку, "быў страх, як бы пад нагамі захістаўся грунт і перад ім расчынялася нейкае бяздонне. Гэтая бяздонніца і палохала і цягнула да сябе з такою сілаю, што ад яе нельга было адысціся" [11].
Якуб Колас як мастак-псіхолаг зусім натуральна аддаў вялікую ўвагу рэакцыі Лабановіча на змест прачытанага: перакананы асветнік павінен быў пагадзіцца або аспрэчыць выкладзенае ў палітычнай брашуры. Логіка разважанняў невядомага аўтара ды і ўласныя назіранні і роздум над лёсам бяспраўнага люду пераконвалі разгубленага Лабановіча. Але гэта ў сваю чаргу вымагала пераацэнкі, перагляду многіх ранейшых высноў, перш за ўсё адносін да чалавечага жыцця, да канкрэтнай асобы, якая абавязана будзе ахвяраваць сабою дзеля агульных інтарэсаў.
Даследчык Мушынскі. М. звярнуў увагу на тое, што, раскрываючы ролю нелегальнай брашуры ў выпрацоўцы новага светапогляду Лабановіча, пісьменнік часам выкарыстоўвае форму непасрэднага аўтарскага тлумачэння. Натуральна, што ў такіх выпадках ужываюцца стылёвыя сродкі, лексіка і сінтаксіс, болей уласцівыя публіцыстычным жанрам: "Старыя пазіцыі светаразумення аказваліся хісткімі, пабудаванымі на пяску. Яны не вытрымлівалі напору крытычнай мыслі і рассыпаліся, паказваючы сваю нястатнасць і нікчэмства.
Праз аўтарскае апісанне мы даведваемся пра тую радасць, якую адчуваў Лабановіч у працэсе "пазнання новай праўды". İ зноў жа пісьменнік лічыць патрэбным ад свайго імя, а не праз раскрыццё ўнутранага стану героя, не праз яго думкі-перажыванні выкласці сутнасць гэтай "новай праўды".
Аднак падобная форма раскрыцця характару героя не асноўная ў аповесці. Перавага аддаецца псіхалагічнаму аналізу, як гэта відаць, напрыклад, з разважанняў Лабановіча пра ступень сумленнасці тых людзей, хто падтрымлівае існуючую ўладу: "Няўжо ўсе гэтыя чыноўнікі, усе настаўнікі вышэйшай адукацыі, што выхоўваюць людзей новага пакалення, няўжо яны ўсе – свядомыя лгуны і прахвосты? Як магло здарыцца, што людзі розуму, людзі высокай асветы ўхваляюць гэты палітычны лад, знаходзяць яго найлепшаю формаю грамадскага жыцця, якой трэба служыць, ахоўваць, дапамагаць?" [11. с. 176]– вось на якія складаныя пытанні маральна-этычнага характару выходзіў настаўнік. Адразу відаць, што гэта думкі сумленнага, шчырага чалавека, які пры небагатым яшчэ жыццёвым вопыце мысліць глыбока, імкнецца згарманізаваць уласныя паводзіны, узгадніць сваю жыццёвую пазіцыю з прынятымі ў грамадстве нормамі і ўяўленнямі. Але такое ўзгадненне аказвалася не проста пакутлівым, а па сутнасці сваёй немагчымым, бо Лабановіч як настаўнік павінен быў праз школу "праводзіць у жыццё пэўныя ідэі" і тым самым замацоўваць несправядлівы парадак. İ ўсё гэта ён мусіў рабіць пад пільным, неаслабным кантролем. Настаўнік настойліва шукаў выйсця з "фальшывага становішча ашуканага чалавека" , а на кампраміс з уласным сумленнем ісці не мог, бо гэта супярэчыла б маральным прынцыпам, якімі ён кіраваўся ў жыцці.
Выйсце ўсё ж было знойдзена, пакуль што не канчатковае, – Лабановіч пачынае ўсур’ёз займацца з Аксёнам Калем. Аксён па-ранейшаму верыў у добрага цара-бацюшку і спадзяваўся, што справядлівы суддзя і абаронца народа дапаможа "адваяваць затокі ад пана Скірмунта". Шчырыя размовы з Аксёнам, даверлівыя "гутаркі на тэмы палітычнага характару", а таксама паспяховая спроба навучыць неспакойнага духам селяніна грамаце прыносілі вялікае маральнае задавальненне настаўніку, падымалі яго настрой. Асабліва ўсцешным было тое, што пашырыўся склад вучняў нелегальнай школкі – сюды прыйшлі вучыцца стары селянін Бязручка і яго сын Якім якія лічылі сябе казакамі. Вольналюбівы казацкі дух павінен абудзіцца і ў новых грамадскіх абставінах. Асацыятыўнасць, сэнсавая насычанасць становяцца, як бачым, неад’емнай якасцю пісьменніцкай апавядальнай манеры.
Вобразы Аксёна Каля, бацькі і сына Бязручкаў паглыблялі тэму выспявання ў народзе рэвалюцыйнай свядомасці. Адпаведна пашыралася і сфера інтарэсаў дзейных асобаў твора. Падчас сустрэч з дарослымі вучнямі гаворка ішла "аб цяжкім стане народа, аб прывольным жыцці паноў і начальства, аб ашуканстве і здзеках над простымі людзьмі, аб тых прычынах, што выклікаюць такі парадак на свеце, што трэба рабіць, каб адваяваць сваё права, што гэта за людзі ўсе тыя, каго называюць сацыялістамі, чаго яны хочуць, за што пакутуюць, чаму іх караюць стражэй, чым забойцаў і канакрадаў". [11, с. 243]
Аўтар аповесці праўдзіва, у традыцыях рэалістычнага пісьма паказвае, з якімі цяжкасцямі і перашкодамі вольнае слова даходзіла да звычайнага селяніна. Непісьменны вясковы дзядзька, знаходзячы на рынку ў сваім возе "вузенькія, доўгенькія лісточкі", нёс іх айцу Мікалаю, дзяку Бацяноўскаму, пану ляснічаму ў наіўна-шчырым спадзяванні даведацца пра змест лісточкаў. Колас вельмі дакладна, у адпаведнасці з духам перадрэвалюцыйнага часу ўзнаўляе аргументы абаронцаў старога ладу. "Гэта ўсё жыдоўскія махінацыі. İдзі і рукі памый. А калі зловіш гэтага сукінага сына, што падсоўвае такую сквернасць, дык цягні ў паліцыю" – такія настаўленні дае агрэсіўны пан ляснічы. У айца Мікалая былі крыху інакшыя довады: "Ад гэтых прахвостаў, што пішуць такія лісткі, адступіўся Бог, і ў вар’яцтве сваім кажуць яны: "Няма Бога, і не трэба цара" . Але і прадстаўнікі мясцовай улады адчувалі, што іхнія спробы не дапусціць крамольныя ідэі ў сялянскае асяроддзе не вельмі эфектыўныя: нарастанне грамадскай напружанасці ішло няўхільна, што і знайшло сваё праўдзівае адлюстраванне на старонках аповесці.
У непасрэднай сувязі з гэтым працэсам трэба разглядаць і знаёмства Лабановіча з настаўніцай-рэвалюцыянеркай Вольгай Андросавай. Сюжэтнай лініі згаданых герояў у другой частцы аповесці адведзена значнае месца. Іхнія спрэчкі адыгралі станоўчую ролю ў фарміраванні палітычнай арыентацыі Лабановіча, у выпрацоўцы болей глыбокага погляду на многія грамадскія падзеі таго часу. Асабліва гэта датычылася ацэнкі руска-японскай вайны. "Хіба ж не ясна вам, што гнілая царская Расія не здольна ваяваць? Вайна даўно прайграна", – упэўнена заяўляе Андросава. Лабановіч жа пэўны час падзяляў настрой той часткі грамадства, якая была ахоплена патрыятычным чадам і, натуральна, жадала перамогі Расіі. İ ў аргументах настаўніка была свая, дзяржаўная, логіка: з эканамічнага пункту гледжання краіне патрэбны выхад да мора; параза прынясе вялікія матэрыяльныя страты.
Ствараючы вобраз Андросавай, пісьменнік пазбягае ідэалізацыі, прыхарошвання, яго ўвага скіравана на псіхалагічна абгрунтаванае раскрыццё характару гераіні як носьбіта тыповых рысаў маладой рэвалюцыянеркі, дзейнасць якой цалкам падпарадкавана справе барацьбы з самаўладдзем. Са зместу твораў відаць, што Вольгу не вельмі турбавала, якое ўражанне яна робіць на прысутных. У сваіх паводзінах дзяўчына раскаваная, рэзкая ў рухах, з суразмоўнікамі бойкая, бесцырымонная, па слова не лезе ў кішэню. Ахвотна паліць цыгарэты. Без доўгіх угавораў яна застаецца начаваць у прышкольнай кватэры Лабановіча, чым выклікала праведны гнеў і асуджэнне з боку старога мараліста дзяка Бацяноўскага. Не менш паказальным бачыцца даследчыку Мушынскаму і тое, што ўчарашняя семінарыстка – і ў гэтым яна шчыра прызналася – у школьнай справе "ні чорта не разумее" і да настаўніцкай працы не хіліцца. Гэтая акалічнасць, вядома, уплывала на адносіны Лабановіча да дзяўчыны як да асобы, бо сам ён успрымаў талент выхавальніка як дар нябёсаў, як боскае блаславенне. Тым не менш настаўнік удзячны каляжанцы, бо яна дапамагала яму арыентавацца ў рэвалюцыйных справах. У рэшце рэшт Лабановіч далучаецца да рэвалюцыянераў, прысутнічае на нелегальнай сустрэчы з імі, унутрана гатовы да актыўнай барацьбы. Бясспрэчна, яму знаёма было пачуццё страху, неспакою і трывогі, ён стаў асцярожным і падазроным.
Для разумення аўтарскай трактоўкі вобраза галоўнага героя і выбару ім шляху ў рэвалюцыю звяртае ўвагу на тое, што падчас размовы з Андросавай Лабановіч не застаецца пасіўным слухачом, а займае актыўную пазіцыю, спрабуючы астудзіць празмерную наступальнасць, ваяўнічасць рэвалюцыянеркі, якая ўсё ж звужана глядзела на жыццё. Гэта відаць з яго расповеду пра намер арганізаваць вандроўку па пэўным раёне Беларусі з мэтаю "сабраць народныя песні, легенды і іншыя віды народнай творчасці... сабраць цэлую галерэю ведзьмароў, вядзьмарак, шаптух і шаптуноў, бо гэты тып вымірае, і захаваць яго такім чынам для навучання патомкаў" [11, с. 267]. Выкладзены настаўнікам план мае глыбокі прыхаваны сэнс. Па-першае, усвядоміўшы неабходнасць непасрэднага ўдзелу ў рэвалюцыйнай барацьбе, Лабановіч застаецца асветнікам, носьбітам гуманістычнай ідэі, ён цэніць вусную творчасць, бо гэта гісторыя духоўнай культуры народа. Па-другое, Лабановіч-інтэлігент прадчувае: рэвалюцыя, якую і ён павінен набліжаць, можа знішчыць тое, што звязана з гістарычным мінулым, з сівой даўніной, з самабытнасцю Палесся. І таму лічыць сваім грамадзянскім абавязкам захаваць неацэнныя каштоўнасці гісторыі "для навучання патомкаў".
Увогуле, матыў захавання памяці – пра мінулае роднага краю, пра тое, што незваротна адышло ў нябыт, у тым ліку і пра канкрэтных людзей, – гучыць у аповесці вельмі выразна як адзін з істотных складнікаў аўтарскай ідэйна-мастацкай канцэпцыі, паводле якой вопыт гістарычнага мінулага – неацэнная духоўная каштоўнасць, а ігнараванне памяці пра тых, хто каштоўнасці ствараў, згубна адаб’ецца на лёсе новых пакаленняў. І галоўны герой Якуба Коласа гэтую ісціну ўсвядоміў і кіруецца ёю ў сваёй дзейнасці.
Другая кніга палескіх аповесцяў заканчваецца не на аптымістычнай ноце – сцэнай арышту настаўніка за ўдзел у напісанні петыцыі "грамадзяніну Скірмунту... грамадзян с. с. Выганы і Высокае". Спадзяванні прыгнечаных на тое, што іх голас будзе пачуты, аказаліся марнымі. А напярэдадні арышту давялося Лабановічу пачуць ад Вольгі Андросавай змрочныя навіны: абвешчаная свядомымі рабочымі, рамесным людам забастоўка не атрымала шырокай падтрымкі, "паўстанне задушана, гарады заліты кроўю. Ідуць арышты" . Тым не менш герой Якуба Коласа знайшоў у сабе ўнутраныя сілы, каб заявіць: "Ну, што ж. Трэба лічыцца з фактамі... Але следу гэтае рэвалюцыі ніхто не затрэ ў гісторыі" [11, с. 90]. Лабановіча, узбагачанага каштоўным маральным і грамадскім вопытам, чакалі новыя выпрабаванні.
Палескія аповесці засведчылі якасна новы этап мастацкага даследавання жыцця беларускага народа, нацыянальнай беларускай інтэлігенцыі напярэдадні вялікіх сацыяльных зрухаў. Гэтымі творамі Якуб Колас паспяхова замацоўваў жанравую структуру сацыяльна-псіхалагічнай аповесці, ён даў высокі ўзор аналітычнага мастацтва, у якім глыбока раскрываецца ўнутраны свет героя, а яго дзейнасць пададзена на шырокім грамадскім фоне. "У палескай глушы" і "У глыбі Палесся" вызначаюцца адметнасцю сваёй пабудовы – зладжанай кампазіцыяй, ураўнаважанасцю, згарманізаванасцю апісальнага і выяўленчага пачаткаў, аналітыкі, унутраных маналогаў і грунтоўнай эпічнай абмалёўкі падзей, учынкаў, паводзін герояў і абставін, у якіх яны жывуць. Абодва творы багатыя на змястоўныя дыялогі, якія актывізуюць сюжэтны рух. Разгорнутыя пейзажныя малюнкі і аўтарскія лірычныя адступленні арганічна звязаны з сюжэтам і надаюць аповесцям мастацкую цэласнасць. Шчодрае выкарыстанне пісьменнікам біяграфічнага матэрыялу, блізкасць галоўнага героя да аўтара ўзмацняе ўражанне гістарычнай праўдзівасці падзей, адлюстраваных у творах.
Аповесці Коласа наглядна дэманстравалі новы ідэйна-эстэтычны ўзровень беларускай мастацкай прозы, яе буйных эпічных формаў.
Над заключнай часткай твора, што атрымаў агульную назву "На ростанях", Якуб Колас працаваў даволі доўга – з 1948-га па 1954 год. Пачынаючы працу, пісьменнік вызначыў жанр згаданай кнігі як аповесць і разглядаў яе як працяг сваіх ранейшых "аповесцей аб дарэвалюцыйным жыцці сялянства і вясковай інтэлігенцыі Палесся". Дваццацігадовы перапынак не мог не адбіцца на змесце твора, на характары асвятлення грамадскіх падзей і трактоўцы герояў, бо ўсё цяпер ацэньвалася з вышыні вялікага жыццёвага і творчага вопыту пісьменніка.
Многае з мастацкіх набыткаў папярэдніх аповесцяў было замацавана і прымножана ў трэцяй кнізе. З ранейшым майстэрствам сацыяльнага аналітыка і псіхолага Якуб Колас распавядае пра настаўніцкую дзейнасць Лабановіча ў новай школе; пра яго здольных вучняў, такіх як Грышка Мініч і Ліда Мураўская, якія здзіўлялі сваімі ведамі патрабавальных экзаменатараў; пра звычаі, норавы, побытавы ўклад тутэйшых людзей, непаўторныя беларускія краявіды. Шмат новых яскравых фарбаў і цёплых, праніклівых слоў знайшлося ў пісьменніка і пры стварэнні вобраза бабкі Параскі, што праніклася глыбокай павагай да Лабановіча. У непаўторным абліччы паўстаў чарнасоценскай арыентацыі пісар Васількевіч. Каларытна намаляваны вясёлы, жыццялюбны поп Уладзімір Малевіч, той, у якога сяляне, што не паспелі прынесці прысягу цару Мікалаю на Евангеллі, прыносілі на томе твораў Пушкіна. Моцна перапала ад аўтара і верханскай інтэлігенцыі, якая паводле культурнага, духоўнага ўзроўню значна саступала нават панямонскай.
Але трэцяя кніга істотна адрознівалася ад дзвюх папярэдніх – тым, што тут на першы план выходзілі палітычныя аспекты грамадскага жыцця: выбары ў Дзяржаўную думу, яе дзейнасць і адносіны да гэтай дзейнасці розных палітычных партый; нелегальны настаўніцкі з’езд, пераслед яго ўдзельнікаў, а затым і суд над асобнымі настаўнікамі. Натуральна, што ў цэнтры аўтарскай увагі па-ранейшаму заставаўся галоўны герой, які, аднак, не толькі пакутліва думае над тым, што адбываецца ў краіне, але нарэшце вызначае для сябе зусім пэўны шлях практычнай дзейнасці – "стварыць настаўніцкую рэвалюцыйную арганізацыю і весці барацьбу па пэўнай праграме". Гэта, безумоўна, быў адзін з пераломных момантаў у развіцці палітычнай свядомасці Лабановіча, у фарміраванні яго светапогляду. İ раскрыты ён у аповесці па-мастацку пераканальна, праз псіхалагічны аналіз. Не меней складанай аказалася для настаўніка і выпрацоўка агульнай лініі грамадскіх паводзін, ацэнка палітычных партый, якія ў думе вызначалі дзяржаўную палітыку. Спрэчка Лабановіча з яго даўнім сябрам Турсевічам прадэманстравала непрымірымасць іхніх поглядаў. Той рэальнай сілай, якая здольная павесці Расію па шляху прагрэсіўнага развіцця, Турсевіч лічыў кадэтаў. Пры ажыццяўленні іх праграмы сяляне павінны былі атрымаць зямлю, а самаўладдзе было б абмежавана ў правах на карысць народа, усіх саслоўяў. Лабановіч стаяў на прынцыпова іншай пазіцыі. Паводле яго пераканання, "…кожнаму, хто любіць народ, ідзе з народам, трэба стаць на шлях бязлітаснай, разумнай барацьбы, барацьбы па адзінаму плану, у імя звяржэння ідала на троне і яго памагатараў, паслугачоў і падбрэхічаў". У гэтым выказванні нельга не звярнуць увагу на словазлучэнне "разумная барацьба". З яго відаць, што для Лабановіча непрымальная ідэя барацьбы дзеля барацьбы, непрымальны экстрэмізм.
У аснове сюжэта аповесці ляжалі рэальныя факты з жыцця Коласа, а сам ён быў прататыпам вобраза Лабановіча. Ды і развіццё характару героя заставалася нязменнай турботай пісьменніка. Адсюль зразумела, чаму ён даследуе гэту маральна-этычную праблему – праблему выбару Лабановічам пэўнай палітычнай арыентацыі – даволі грунтоўна, усебакова. Так, у спрэчцы з Турсевічам Лабановіч заяўляе, што ні да якай партыі ён не належыць і "на чыім баку праўда", пакуль што не ведае. Але спадзяецца, што само жыццё дапаможа вырашыць усе пытанні. "Тады я далучуся да тых, хто гаворыць праўду", – заяўляе ён. Апанент пераконвае Лабановіча ў памылковасці абранага шляху – удзелу ў рэвалюцыйнай барацьбе. І нельга сказаць, што ў яго развагах няма логікі ці што яго аргументы непераканальныя, доказы хісткія, надуманыя. "Усякай праяве на свеце свой час, – кажа Турсевіч. – Дзіця не робіцца адразу дарослым чалавекам. Нашто ўрывацца жывасілам і ўмешвацца ў ход падзей, якія ад цябе і не залежаць? Вось дабрадзеі чалавецтва падбухторылі народ на забастоўкі, на паўстанні, на разгромы памешчыкаў. İ што атрымалася?" [11, с. 120]
Ацэньваючы гэтыя сцвярджэнні, неабходна ўлічваць, што агучаны яны пісьменнікам, які на ўласныя вочы бачыў "крывавы вір" грамадзянскай вайны, прымусовую калектывізацыю, перажыў масавыя рэпрэсіі і таму меў маральнае права ва ўмовах сталінскай дыктатуры паразважаць – з дапамогай літаратурнага героя – над прыродай пралетарскай рэвалюцыі і яе трагічнымі наступствамі. Як таго і патрабавалі ідэалагічныя ўстаноўкі канца 40-х – пачатку 50-х гадоў, крамольныя для таго часу ідэі мусілі быць нейтралізаваны, абвергнуты станоўчым героем. Менавіта так і робіць Колас. Лабановіч крытыкуе свайго апанента спасылкамі на волю народа, які "ўсвядоміць свае інтарэсы і сваю сілу і будзе шчыльна злучаны", і "тады ён лёгка вымеце бруд са свае хаты: цара, князёў, графоў і ўсякую іншую поскудзь". Прамоўца, як бачым, настроены рашуча, па-баявому. Але тут звернем увагу яшчэ на адно яго выказванне, якое нясе глыбокі сэнс: "Закон эвалюцыі адно, але ёсць і закон рэвалюцыі. Адно без другога не абыходзіцца". Калі рэвалюцыянер раптам згадвае эвалюцыю, эвалюцыйны шлях развіцця, дык можна спадзявацца, што ў сваіх практычных дзеяннях ён будзе памятаць пра чалавека і яго жыццё як найвялікшую каштоўнасць свету.
Менавіта такім і аказаўся далейшы жыццёвы шлях галоўнага героя, пачынаючы ад яго ўдзелу ў нелегальным настаўніцкім з’ездзе і канчаючы судовым працэсам і турэмным зняволеннем. Тут, у другой частцы трэцяй кнігі (частка мае ёмістую назву – "На крыжовых дарогах"), пісьменнік разгорнута, з захаваннем шматлікіх падрабязнасцей паказвае падзеі і здарэнні, якія мелі месца ў жыцці Лабановіча.
Трэба прызнаць, што пры ўсёй праўдзівасці адлюстравання драматычнага лёсу героя, які быў несправядліва пакараны і на тры доўгія гады апынуўся за астрожнымі кратамі, аўтарскі расповед у "Крыжовых дарогах" пакідае дваістае, супярэчлівае ўражанне. Рэалістычная абмалёўка сітуацый, у якія трапляе Лабановіч, часта суседнічае з тэндэнцыйнымі апісаннямі, неаб’ектыўнымі ацэнкамі, як гэта мела месца з ацэнкай рэдактараў "Нашай нівы" – яны паказаны фальшывымі людзьмі, хітрымі дзялкамі, якія нібыта недаацэньвалі ролю ўсходняй культуры, праводзілі ў жыццё ідэі каталіцызму. Нягледзячы на пэўныя мастацкія выдаткі, выкліканыя канкрэтнымі ўмовамі эпохі, у якую жыў і пісаў Якуб Колас, трылогія "На ростанях" з’яўляецца адным з найбольш значных твораў беларускай літаратуры, этапнай з’явай у гісторыі айчыннай сацыяльна-аналітычнай прозы.
2.4 Аповесць «Адшчапенец»: праблемы агульначалавечага быцця
Аповесць «Адшчапенец» была напісана Якубам Коласам ў 1930–1931 гг., у той час, калі ў краіне адбываўся бурны працэс перабудовы сельскай гаспадаркі. Яна стала важным этапам у эстэтычным асваенні сучаснасці.
Прасторы жыцця, новыя далі, дарога – гэта атрыбутыка ранейшага перыяду творчасці Коласа на свой лад паўтараецца ў аповесці «Адшчапенец». Ён ведаў, што змены балюча закранаюць інтарэсы сялянства, якое столькі часу чакала сваёй зямлі, роднага кутка, а таму не можа адразу ступіць на новы шлях, рашуча адмовіцца ад традыцый бацькоў-дзядоў.
Гэты твор складаецца з 36 частак. Ён прысвечаны калектывізацыі і адлюстроўвае драматызм яе правядзення для вёскі. У першым аўтарскім варыянце аповесць была востраактуальна для свайго часу і выходзіла на праблемы агульначалавечага быцця, апярэдзіўшы ў некаторых важных аспектах асэнсавання тагачасных падзей "Паднятую цаліну" М. Шолахава і "Краіну Муравію" А. Твардоўскага.
У асабiстым лёсе Я. Коласа новая аповесць таксама адыграла пэўную ролю; яна паказала поўную беспадстаўнасць i надуманасць папрокаў яе аўтару ў нежаданнi крочыць разам з сучаснасцю.
Першыя раздзелы аповесці вытрыманы ў стылявых традыцыях сацыяльна-аналітычнай прозы, найбольш дасканалыя ўзоры якой даў іменна Колас сваімі апавяданнямі, «палескімі аповесцямі». Глыбіня асэнсавання пісьменнікам рэальнага жыццёвага матэрыялу яскрава праяўляецца ў будове сюжэта. У пачатковых раздзелах мы бачым не голую падзейнасць, а глыбока прадуманае спалучэннне з’яў і расстаноўку герояў. Аўтар не абмяжоўваецца добрасумленным узнаўленнем цікавага здарэння, узятага з практыкі чалавечага жыцця. Ён спрабуе паставіць адзінкавы факт у сувязь з іншымі з’явамі бытавога, грамадскага характару, імкнецца адшукаць сацыяльную аснову падзей і чалавечых паводзін. Асэнсаванне складаных, супярэчлівых падзей, звязаных з працэсам рашучай перабудовы вёскі, арганічна зліваецца з роздумамі пісьменніка над лёсам працоўнага сялянства, яго сацыяльна-грамадскай актыўнасцю, роздумамі над самабытна-нацыянальнымі асновамі народнага жыцця і іх захаваннем у перыяд карэннага абнаўлення бытавога, эканамічнага ўкладу працоўнай вёскі.
Матыў глыбока філасофскіх роздумаў выразна гучыць у першых раздзелах твора – у пейзажнай замалёўцы. I зроблена гэта тонка, з пачуццём меры. Вобраз стыхіі, неўтаймаванага ветру, які руйнуе старыя межы, старое аблічча сялянскіх палеткаў, «сцірае ўсякія сляды і знакі аднаасобнай гаспадаркі» аказаўся надзвычай удалым лірычным зачынам. Гэты вобраз выклікае багатыя ідэйна-сэнсавыя асацыяцыі, а іменна: што ў перспектыве нясе рашучая перабудова вёскі, як яна будзе спалучацца з захаваннем непаўторнай адметнасці, глыбіннай асновы народнага жыцця? З добрай усмешкай, з лёгкім гумарам гаворыць аўтар пра забіяку-вецер, які асабліва не ўпадабаў двор селяніна Пракопа. Мо таму, што сядзіба гэта крыху вытыркала з рада другіх, як і сам яе гаспадар, чалавек своеасаблівы, няпросты, як можа здацца спачатку. Ён і сапраўды «вытыркае» з рада аднавяскоўцаў.
Адметнасць, складанасць характару героя адпаведна прадвызначае і складанасць будовы твора. Колас паказвае селяніна, які ў супрацьлегласць пэўнай, пераважна бяднейшай частцы вёскі, непрыхільна ставіцца да калектывізацыі. Сацыяльна-грамадскія, унутрана-псіхалагічныя вытокі паводзін Пракопа, яго адносіны да новых форм гаспадаркі выклікаюць самую пільную ўвагу з боку аўтара. У паводзінах селяніна-серадняка многае тлумачыцца нечаканасцю, раптоўнасцю пераходу да новага, нязвыклага. Аднак тут важна бачыць і тыя новыя аспекты ў Коласавай трактоўцы героя, аспекты, якія амаль што не закраналіся ў тагачаснай беларускай прозе.
Герой аповесці незадаволены абыякавасцю, з якой пэўная частка сялян успрымае пераход да калектыўнай гаспадаркі. Уражаны тым, як некаторыя сяляне рыхтуюцца ўступіць у новае жыццё, Пракоп з сапраўднай заклапочанасцю працоўнага чалавека, з болем у сэрцы гаворыць: «Усім стала весела. Работу пакідалі. А Марыніч, дык той зараз цэлага япрука прыкончыць. Такое зажарвае смажэнне, што ўсіх тхароў з ваколіцы пасцягвае сюды... П’юць, гуляюць, як перад пустым канцом, прагульваюць і зводзяць гаспадаркі »[11, с. 100]. Пракоп не лічыць сябе абаронцам старога, аджылага, прадстаўніком мінулага часу, учарашняга дня. Сваім неспакоем, сумненнем і трывогай Пракоп даказвае, што ён чалавек сённяшняга і яго клопаты і роздумы аб будучым. Тут важна падкрэсліць, што з самага пачатку аўтар глядзіць на героя як на патэнцыяльнага калгасніка, які не хоча жыць розумам іншых.
Пісьменнік паказвае, што ў рашэнні Пракопа «пайсці ў людзі» былі і пэўная разгубленасць, і неразуменне гістарычнай перспектывы. Погляд яго і настрой не супадалі з адносінамі да калгаса бяднейшай часткі сялянства, якое ў пераходзе да новых форм гаспадарання бачыла адзіны паратунак ад беднасці і цемры. Аднак аўтар звяртае ўвагу не толькі на гэты бок. Ён падкрэслівае, што ў пазіцыі Пракопа, у яго поглядах было тое, што адсутнічала і ў Марыніча і ў Нічыпарука, якія першымі запісаліся ў калгас. Марыніч, звёўшы ўласную гаспадарку, на сходзе «сядзіць сабе з выглядам нявіннага дзіцяці ды слухае». А Пракоп Дубяга не хоча быць падобным да Марыніча і Нічыпарука. Прымаўка «Што міру, тое і бабінаму сыну» для героя аповесці ў даным выпадку не падыходзіла.
Галоўны герой аповесцi, не прымаючы надыходзячых у вёсцы перамен, кiдае наседжанае месца i адпраўляецца ў дарогу. Пракоп Дубяга выбiраецца ў невядомую дарогу, каб не быць перашкодай на шляху жонкi i дзяцей. I мае рацыю М. Мушынскi, якi сцвярджае, што ў вобразе Пракопа Я. Колас паказвае чалавека-працаўнiка, гаспадара жыцця, iмкненнi якога скiраваны не ў мiнулае, а ў будучае, таму з такiм непакоем, трывогай i клопатам адносiцца ён да ўсяго таго, што адбываецца на яго вачах [3, с. 113]. Сапраўды, якi-небудзь Марынiч без усялякiх роздумаў першы запiшацца ў калгас, бо ён ужо «падрыхтаваўся», звёў на нiшто ўласную гаспадарку, а Пракоп гэтага не можа зрабiць, бо нажытая iм за доўгiя гады гаспадарка – часцiна Яго самога, адкiнуць цi тым больш знiшчыць яе ён не можа.
Вандроўнiцтва Пракопа аказалася нядоўгiм. Прывыкшы з маленства да штодзённай працы, герой не мог без яе ўявiць сваё iснаванне. Таксама недарэчнай здавалася яму i перамена прафесii, бо ён па сваёй натуры, па прызваннi хлебароб i ўласны жыццёвы абавязак бачыў у тым, каб вырошчваць хлеб, кармiць сябе i iншых. Пракопу неўзабаве стала страшна за бязмэтнае бадзянне. Каб не зганьбiць сябе перад iншымi, Дубяга прыдумвае сабе мiсiю дэлегата, якому нiбыта аднавяскоўцы даручылi пазнаёмiцца з жыццём i парадкамi ў калгасе.
Якуб Колас з самага пачатку глядзіць на Пракопа як на будучага калгасніка, якому, аднак, трэба да ўсяго дайсці самастойна, каб з лёгкім сэрцам узяць на сябе ўсю паўнату адказнасці за будучае працоўнай вёскі. Колас верыць у свайго героя, у яго здольнасць убачыць жыццё ў глыбінным разрэзе. Пакуль «упарты нехацімец» не выходзіў за межы матэрыяльна-бытавой, гаспадарчай сферы, яго ўяўленні аб узорным калгасе толькі ўмацоўваліся. Эканамічна-гаспадарчы аспект вытрымаў праверку на годнасць ідэальнага.
Калі ж герой у час знаходжання ў калгасе сутыкнуўся з больш складанымі з’явамі, з праблемамі маральна-этычнага характару, ён убачыў, што сістэма новай, калектыўна арганізацыі жыцця і працы яшчэ не дасканалая, яна мае пэўныя ўпушчэнні, хібы. Гэта думка раскрываецца праз сюжэтную лінію вясковага муляра Лапко, чалавека добрага па натуры, муляра-мастака. У раздзелах, якія апавядаюць пра Лапко, узмацняецца драматызм, сюжэтнае развіццё пераводзіцца ў іншую эмацыянальную танальнасць, у рамкі аповесці-роздуму, аповесці-спрэчкі пра чалавека і яго прызначэнне, пра сутнасць нашага жыцця на новых, калектывісцкіх асновах. Унутраны пафас апошніх частак аповесці – у абароне гуманізму, чалавечнасці, у абуджэнні палітычнай, грамадскай свядомасці, сацыяльнай актыўнасці працоўных мас, у закліку да сапраўднай гарманізацыі практычнага і духоўнага. Матыў роздумаў аб жыцці і чалавеку, аб суаднесенасці утылітарнага і духоўнага, згодна з унутранай логікай развіцця аўтарскай думкі, непазбежна павінен быў выйсці на першае месца, набыць шырокае мастацкае абгрунтаванне, замацаваць той пачатак, які рабіў аповесць «Адшчапенец» глыбокім сацыяльна-аналітычным творам.
Доўгi час пiсьменнiка папракалi, быццам бы такiх калгасаў, як паказаны iм «Хваля рэвалюцыi», у той час яшчэ не было. Папрокi як быццам i мелi пад сабой падставу, бо адкуль бы з’явiцца iдэальным калгасам, калi калектывiзацыя толькi пачыналася. Усё гэта так i адначасова не зусiм так. Аўтар аповесцi паказвае калгас, у якiм апынуўся яго герой, з пункту погляду тых iдэалаў, якiя iснавалi ва ўяўленнi перадавых колаў тагачаснага грамадства. Такiх калектыўных гаспадарак яшчэ не было, але арганiзатары iх, а адначасова i пiсьменнiк, спадзявалiся, верылi, што яны будуць. Вось гэту мару Я. Колас i ўвасобiў у аповесцi як iснуючую рэальнасць.
У творы прыкметнае спачуванне да «серадняка» Пракопа Дубягі, які сыходзіць з дому, каб толькі даведацца, што такое калектыўная гаспадаранне. Крытыка, расцэньваючы новы твор Коласа як мастацкую няўдачу, збольшага мела рацыю. Сапраўды атрымлівалася ўтрыраваная карціна рэчаіснасці: «Серадняк Пракоп сытна паабедаў у калгасе, пасля абеду смачна адпачыў, па словах аўтара, «пагладзіў тугі, як барабан, жывот», пазнаёміўся са шчаслівым і сытым жыццём калгасніка, папарыўся ў добрай лазні, пап’янстваваў у кулака разам з мяккацелым рабочым-падкулачнікам і ... звярнуўся ў вёску ўжо ў якасці агітатара на карысць калгаснага будаўніцтва: з Саўла зрабіўся Паўлам». Якуб Колас разумеў недахопы свайго твора. Прычын жа няўдачы было некалькі: вузкасць пастаўленай задачы, паспешлівасць у яе ажыццяўленні, голая кан’юнктурнасць задумы. Але самае, бадай, галоўнае: Колас, які цудоўна ведаў сялянскую натуру, чамусьці паверыў у тое, што жыццё і праца ў калектыве для яго на самай справе дабро.
Сказанным абумоўлена стылёвая адметнасць аповесцi. Мастацкi паказ жыцця калгаса спалучаецца з публiцыстычнай апiсальнасцю, а вобразы людзей паўстаюць як увасабленнi агульных разуменняў добрага i благога. Калгаснiкi намаляваны выключна светлымi, яркiмi фарбамi. Затое для пасялкоўцаў пiсьменнiк не пашкадаваў цёмных i хмурых. Калiсьцi яны жылi ў адной вёсцы, нават сябравалi, а пазней злачынствам сталi лiчыць таварыскiя сустрэчы. Было i такое ў тыя бурныя гады, i пiсьменнiк аказаўся простым рэгiстратарам фактаў.
У артыкуле “Як я пiсаў аповесць «Адшчапенец» Я. Колас аспрэсчвае «блытаныя, супярэчлiвыя, а часамi проста прадузятыя» заўвагi крытыка М. Пiятуховiча аб аповесцi, адхiляе яго папрокi за “ўхiл у бок шкоднага гуманiзму» i скажэнне калгаснай рэчаiснасцi. Недахопы твора Я. Колас тлумачыць «у значнай меры ўрывачнасцю i спешнасцю работы над аповесцю. Аўтар павiнен прыняць за правiла – я маю на ўвазе не толькi самога сябе – не тарапiцца здаваць у друк свае творы. Лепш, калi яны паляжаць у яго некаторы час, а пасля гэтага iх трэба вельмi ўважна прачытаць i строга аднесцiся да кожнага радка свае работы» [7, c. 207].
У гэтым жа артыкуле Я. Колас раскрыў і гiсторыю напiсання твора. Апавяданне пра селянiна, што сышоў з дому, каб не ўступаць у калгас, аўтар пачуў ад «аднаго вядомага беларускага пiсьменнiка». Гэты апiзод прыцягнуў да сябе ўвагу Коласа, якi намерваўся скарыстаць яго як сюжэт апавядання. «Першыя шэсць раздзелаў аповесцi i замыкаюць яго… Але ў такiм афармленнi ён болей шкодзiў, чым спрыяў самой iдэi калектывiзацыi. Цiкавiла мяне таксама i пытанне аб лёсе гэтага селянiна. Куды ён пайшоў? Што магло здарыцца з iм? Як мог пераламацца ў яго псiхiцы далейшы ход падзей?» Аўтар меркаваў павесцi свайго героя «па цэламу раду калгасаў i саўгасаў, накiраваць яго ў гарады, паказаць яму сацыялiстычнае будаўнiцтва ў розных «формах», але з-за недахопу часу, а таксама ўступаючы патрабаванням вульгарна-дагматычнай крытыкi, якая вымагала водгуку на падзеi, не цiкавячыся глыбенёй асэнсавання тэмы, – Я. Колас звузiў рамкi першапачатковага плана. А гэта адмоўна адбiлася на творы: мастацкi паказ часта падмяняецца простым пераказам ад аўтара, характары герояў глыбока не раскрыты [7, c. 200].
Такім чынам, прааналізаваўшы творы Якуба Коласа 20–30 гадоў, мы прыйшлі да заключэння, што пісьменнік глыбока ўсведамляў сваё прызначэнне як мастака. Галоўнымі аб’ектамі адлюстравання ў яго творах становяцца новыя сферы жыцця, новыя бакі грамадскай практыкі чалавека.
ЗАКЛЮЧЭННЕ
Якуб Колас належыць да лiку тых выдатных мастакоў слова, з iменем якiх звязваецца iмклiвы рост нацыянальнай лiтаратуры.
Творчасць Якуба Коласа стала вытокам найвялікшых ідэйна-мастацкіх адкрыццяў і дасягненняў беларускай прозы, якую ён пачынаў выводзіць з зародкавага стану на еўрапейскі ўзровень. У творчасці Коласа ажыццявіўся сінтэз шматвяковых нацыянальных мастацкіх традыцый з культурнымі набыткамі чалавецтва. Беларуская літаратура ў яго паэзіі і прозе дасягнула сваёй творчай сталасці, пераадолела рэшткі правінцыйнасці і выйшла на сусветную арэну. Разам з Максімам Гарэцкім і Кузьмой Чорным Колас выводзіў нацыянальную прозу на шляхі рэалізму, узбагачаў яе мастацкую практыку і эстэтычную тэорыю творчымі набыткамі еўрапейскай літаратуры. Паэтычныя ідэалы агульнанацыянальнага маштабу ён змог натуральна злучыць з рэалістычным пафасам, выяўленым у імкненні пераадольваць негатыўныя вынікі паднявольнага становішча беларусаў як нацыі і ствараць паэтычную міфалогію беларускай рэчаіснасці.
Якуб Колас – геніяльны мастак слова, мастак непаўторнага бачання свету. Аналiз твораў Якуба Коласа 20–30-ых гадоў дае магчымасць нам вылучыць яскравую прымету яго творчага аблічча – аналітызм, рэалістычнае светабачанне. У даследаванні чалавечых характараў пiсьменнiк ішоў ад канкрэтнага факта да шырокіх абагульненняў, што патрабавала ўвагі да кожнай драбніцы. Праз малюнкі побыту, характары дзейных асоб, вострыя сацыяльныя канфлікты аўтар імкнуўся выявіць грамадскія тэндэнцыі часу, адлюстраваць гістарычна значныя зрухі ў жыцці.
Самабытны талент Я. Коласа найбольш поўна, на нашу думку, раскрыўся ў трылогіі «На ростанях», у якой, як і ў ранейшых апавяданнях, пісьменнік востра паставіў надзённыя маральна-этычныя пытанні, псіхалагічна тонка даследаваў жыццё чалавека.
Проза Якуба Коласа ў найлепшых сваіх узорах спалучае ў сабе розныя жанрава-стылёвыя адзнакі літаратуры – паказ і раскрыццё, мастацтва і публіцыстыку, выяўленне і адлюстраванне. А найбольш яскравым доказам гэтага служыць трылогія «На ростанях», дзе відаць і вонкавы, «падзейны», і чалавечы, «асабовы», планы жыцця, узятага ў вельмі напружаных сацыяльна-псіхалагічных вымярэннях. Тут чалавек, асабліва Лабановіч, вылучаецца ў вельмі складаных, крытычных сітуацыях, якія дазваляюць бачыць яго наскрозь.
Якуб Колас значна пашырыў выяўленчыя магчымасцi беларускай лiтаратуры, стварыў вобразы шырокiх абагульненняў. Андрэй Лабановiч, Сцяпан Барута i iншыя ўвайшлi ў нашу свядомасць як жывыя сучаснiкi i паплечнiкi, значна пашырыўшы кола нашых жыццёвых уяўленняў. У сваiх творах пiсьменнiк увасобiў найважнейшыя рысы грамадства на пэўным яго этапе. У стварэннi характараў-тыпаў заключаецца адна з найважнейшых заслуг пiсьменнiка.
Такім чынам, Якуб Колас у сваіх творах («На ростанях», «На прасторах жыцця», «Крывавы вір», «Адшчапенец») выявіўся не проста апавядальнікам-інфарматарам, а і мастаком, здольным стварыць псіхалагічны партрэт героя свайго часу. I трэба адзначыць, што канкрэтызаваны праз яскравыя дэталі, псіхалагічна заглыблены вобраз беларуса раскрываецца ва ўсіх творах пісьменніка. Нярэдка кантраставыя супастаўленні традыцыйнага, беларускага, з нязвыкласцю абставінаў і ствараюць тую ўнутраную спружыну, што забяспечвае рухомасць, здавалася б, ардынарнага сюжэта.
У пошуках феномена нацыянальнага характару пiсьменнiк выкарыстоўваў гiстарычную эпоху для праекцыi сучаснасцi i мiнулага. Ён добра ўсведамляў, што ад глыбiнi ўзнятых гiстарычных пластоў, шырынi iх распрацоўкi , таксама як i ад асваення праблем сучаснасцi залежыць узровень сталасцi айчыннай прозы. Творчасць Якуба Коласа 20–30-ых гадоў значна пашырыла жанравыя магчымасцi прозы, падрыхтаваўшы тым самым глебу для нараджэння новых празаiчных твораў.
Як бы высока мы ні ацэньвалі творчасць Якуба Коласа сёння, наступныя пакаленні скажуць сваё важкае і грунтоўнае слова, таму што з гадамі ўсё больш відавочна і больш глыбока будзе выяўляцца яе роля і значэнне ў грамадскім i эстэтычным развіцці нашага народа.
Складаная атмасфера 20 – 30- х гадоў не лепшым чынам адбілася на ідэйна – мастацкі змест прозы Я. Коласа. Самым “слабым” творам таго часу стала аповесць “Адшчапенец” . Аповесць “ На прасторах жыцця” на першы погляд здаецца чыста “маладнякоўскім” творам, але глыбокі падтэкст гэтага твора. Аўтар закранае ў ёй праблему расчалавечвання чалавека, паказваючы як з вясковага дзіцяці савецкая ідэалогія робіць актыўнага грамацкага дзеяча, які павінен быў вырачыся ўсяго святога.
А трэцяя частка трылогіі “На ростанях” паказала, што не мог пісьменнік пісаць тое, што хацеў і ў канцы 40 - х пачатку 50 – х гадоў. Але глыбокая думка мастака – аналітыка заключала сэнс у назве аповесці як і ў назве усёй трылогіі. Шмат чаго дабіўся ў жыцці Лабановіч, вырас палітычна, стаў актыўным грамадскім дзеячам, але ён усё яшчэ на ростанях, на раздарожжы, бо няма ў яго асабістага жыцця, няма сям’і, таму няма адчування поўнага жыцця.
СП IC Л I ТАРАТУРНЫХ КРЫН I Ц
1 Гальмакоў, Д.I. Раман i аповесць 20-х гадоў / Д.I. Гальмакоў, Л.С. Голубева // Беларуская савецкая проза. Раман i аповесць. – Мiнск : Навука i тэхнiка, 1971. – С. 20–83.
2 Беларускiя пiсьменнiкi i лiтаратурны працэс 20–30-х гадоў. – Мiнск : Навука i тэхнiка, 1985. – 328 с.
3 Мушынскі, М. Раман і аповесць 30-х гадоў / М. Мушынскi // Беларуская савецкая проза. Раман i аповесць. – Мiнск : Навука i тэхнiка, 1971. – С. 84–200.
4 Навуменка, I. Якуб Колас. Духоўны воблік героя / I. Навуменка. – Мінск : Народная асвета, 1982. – 208 с.
5 Пшыркоў, Ю.С. Летапiсец свайго народа: Жыццёвы i творчы шлях Якуба Коласа / Ю.С. Пшыркоў. – Мiнск : Навука i тэхнiка, 1982. – 367 с.
6 Александровіч, С. Калыска дум і натхнення / С. Александровіч // Тут зямля такая. – Мінск : Народная асвета, 1985. – С. 101–131.
7 Мушынскi, М.I. Якуб Колас. Летапiс жыцця i творчасцi / М.I. Мушынскi. – Мiнск : Мастацкая лiтаратура, 1982. – 543 с.
8 Бугаёў, Дз. Некалькі заўваг пра аповесць Я. Коласа «На прасторах жыцця» / Дз. Бугаёў // Народныя песняры. – Мінск : БДУ, 1972. – С. 230–242.
9 Навумовіч, Уладзімір. Загадка Якуба Коласа: Пра эпіграф да аповесці «На прасторах жыцця» / Уладзімір Навумовіч // Роднае слова. – 2003. – № 10. – С. 101–103.
10 Навумовіч, Уладзімір. Праблематыка аповесці Якуба Коласа «На прасторах жыцця»: новыя падыходы / Уладзімір Навумовіч // Роднае слова. – 2004. – № 11. – С. 31– 33.
11 Колас, Я. Збор твораў : у 14 т. / Я. Колас. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1975.
12 Карнялюк, К. Коласаўская канцэпцыя чалавека і сусвету ў трылогіі «На ростанях» / К. Карнялюк // Роднае слова. – 2002. – № 10. – С. 41–43.
Похожие рефераты:
Найбольш яскравыя прадстаўнiкi газеты "Наша Ніва"
Образ белорусской хаты в белорусской культуре
Комплексны аналіз публіцыстычных твораў С. Буднага
Драматычныя і трагічныя калізіі ў беларускіх народных баладах
Билеты по белорусской литературе
Дыялектызмы ў творах І. Пташнікава \Беларус\
Жаночыя вобразы ў творах малой прозы М. Зарэцкага "Сцежкі-дарожкі", "Вязьмо"
Антрапонімы ў творчай спадчыне Уладзіміра Караткевіча
Жанрава-тэматычная разнастайнасць і паэтычная адметнасць паэзіі Сімяона Полацкага
Віктар Казько: біяграфія і творчасць
Асаблівасці твора У.Караткевіча "Хрыстос прызямліўся ў Гародні"
Шматварыянтнасць літаратурнай мовы ў яе пісьмовай і вуснай форме на тэрыторыі Беларуси