Скачать .docx Скачать .pdf

Курсовая работа: Колер і свет у прыродаапісальнай лірыцы Я. Коласа

План

Уводзіны

Глава I. Праблема колерабачання мастацкага тэксту

1.1 Распрацоўка пытання колерабачання мастацкага тэксту ў навуковай літаратуры

1.2 Сістэма колера - і святлоабазначэння мастацкага твора

Глава ІІ. Колеравая і светлавая эстэтыка паэзіі я. коласа

2.1 Частотнасць ужывання колеравых і светлавых лексем

2.2 Ахраматычныя каларонімы ў прыродаапісальнай лірыцы Я. Коласа

2.3 Храматычныя каларонімы ў прыродаапісальнай лірыцы Я. Коласа

Заключэнне

Спіс літаратуры

Спіс выкарыстаных крыніц

Уводзіны

У сучаснай лінгвістычнай навуцы адной з актуальных і прыарытэтных з’яўляецца праблема колерабачання мастацкага тэксту. Даследаванне сістэмы колерабачання многімі замежнымі і некаторымі айчыннымі навукоўцамі дазваляе меркаваць, што ў апошнія гады акрэсліваецца новы напрамак у мовазнаўстве, які можна ахарактарызаваць паняццем “лексічная каларыстыка". Колеравая і светлавая лексіка валодае істотным семантычным, сінтагматычным і выяўленчым патенцыялам, мае вялікае значэнне ў плане адлюстравання пэўных фрагментаў моўнай карціны свету мастака і забеспячэння эстэтычнага дыялогу паміж пісьменнікам і чытачом. Аналіз колераабазначэнняў дае магчымасць вызначыць асаблівасці ўжывання ў мастацкім тэксце адпаведных фарбаў, характар асацыятыўных сувязяў, якія пры гэтым узнікаюць.

Катэгорыя колеру і святла звязана з псіхічнай і эмацыянальнай сферай пісьменніка, глыбіннымі тэкставымі мікраструктурамі. Каларыстычная лексіка, будучы пэўнай знакавай сістэмай, выступае ў мастацкім тэксце як своеасаблівая вербальна-эстэтычная парадыгма, што адлюстроўвае спецыфіку аўтарскага светаўспрымання.

Выкарыстанне пісьменнікам колеравай і светлавой лексікі, творчае пераасэнсаванне яе семантычнага патэнцыялу з’яўляецца важным элементам дасягнення мастацкай вобразнасці і выразнасці. Бачанне свету ў колеры - адно з найбольш моцных чалавечых адчуванняў. Трэба таксама звярнуць увагу на тое, што чалавек даволі лёгка запамінае фарбы, зрокавае ўяўленне колеру няцяжка выклікаць, назваўшы адпаведнае слова. Таму моўныя сродкі абазначэння колеру, даступныя не толькі розуму, але і пачуццю, валодаюць вялікімі выяўленчымі магчымасцямі.

Выбар каларатываў характарызуе час працы мастака. Да гэтага трэба дадаць, што і светапогляд мастака выяўляецца ў мастацкім творы праз слова, выбар і ўжыванне якога вызначае як творчасць мастака, яе адметнасць ад іншых, так і яго творчую асобу. Такім чынам, у святле адзначанага цікава прасачыць (і, адпаведна, акрэсліць як мэту працы ), якія найменні колеру выбірае Алесь Салавей, а як вынік гэтага - як характарызуюць яны паэта, яго час, дапамагаюць выявіць адметнасць яго праз іх ужыванне, найперш прыметнікаў колеру.

Зыходзячы з названага, можна акрэсліць наступныя задачы працы :

Разгледзець і вывучыць існуючыя ў сучасным мовазнаўстве крыніцы, што займаюцца распрацоўкай пытання колеранайменняў у мастацкіх тэкстах;

Вызначыць характар ужывання каларонімаў і люксонімаў, а таксама іх колькасныя паказчыкі ў паэзіі Я. Коласа (на прыкладзе прыродаапісальных вершаў паэта);

Прааналізаваць, як праз выбар тых ці іншых колеранайменняў адлюстроўваецца спецыфіка аўтарскага светаўспрымання.

Прадметам даследавання з’яўляюцца колеранайменні (каларонімы і люксонімы) у паэзіі Я. Коласа.

Аб’ектам даследавання - прыродаапісальныя вершы аўтара.

Для дасягнення пастаўленай мэты намі былі сабраны лексічныя адзінкі, з дапамогай якіх у творах называюцца аб’екты свету і колеру. Такім чынам, аўтарская картатэка налічвае 96 адзінак тэкставага матэрыялу.

Крыніцай даследавання выступалі наступныя зборнікі вершаў Я. Коласа: Колас Я. Выбраныя вершы. / Уклад.М. Лужанін, - Мн.: Маст. Літаратура, - 1980; Якуб Колас. З майго летапісу. Выбраныя вершы, - Выдавецтва “Беларусь”, - 1967.

Глава I. Праблема колерабачання мастацкага тэксту

1.1 Распрацоўка пытання колерабачання мастацкага тэксту ў навуковай літаратуры

Як правіла, вылучаюцца два шляхі вывучэння мастацкага слова. Першы - ад аналізу і разумення цэласнага слоўна-мастацкага твора як эстэтычнага адзінства. Другі - ад самых першых, непасрэдных састаўных яго элементаў - гукаў, фанем, слоў.

Першы з адзначаных напрамкаў бачыцца больш лагічным і паслядоўным. З аднаго боку, ён дазваляе ў пэўнай ступені выявіць семантычны патэнцыял канкрэтнай лексічнай адзінкі ў адпаведных дыстрыбуцыйных умовах, а з другога - дае магчымасць прааналізаваць ролю лексемы ў вертыкальным кантэксце. Нефармальны падыход да мастацкага слова дазваляе гаварыць пра яго унутраную форму, якая па-рознаму успрымаецца носьбітамі розных моў.

Унутраная форма слоў уяўляе сабой адносіны зместу думкі да свядомасці, яна паказвае, як уяўляецца чалавеку яго ўласная думка. Такі падыход да аналізу моўнай адзінкі, у прыватнісці, колеравай і светлавой лексікі дае падставы меркаваць пра спецыфіку светаўспрымання пэўнага этнасу, бо мова - не толькі выяўленне разумовай здольнасці народнай, але і ўсяго побыту, нораваў і звычаяў краіны і гісторыі народа.

Колеравую і светлавую лексіку (ці інакш каларонімы і люксонімы) для зручнасці даследавання мэтазгодна аб’яднаць у адпаведныя семантычныя палі: “Колер” і “Святло" [2; 5].

Узнікненне паняцця “семантычнае поле” звязана з іменамі нямецкіх лінгвістаў Й. Трыра і В. Порцыга, з вяртаннем да вывучэння В. Фон Гумбальта пра “унутраную форму мовы”. Пад “унутранай формай мовы” Гумбальт разумеў пастаянны і гамагенны элемент у дзейнасці розуму, які падымае артыкуляваны гук да выражэння думкі [2; 6].

Найбольш істотную ролю ў распрацоўцы тэорыі “семантычнага поля” адыгралі прадстаўнікі так званага неагумбальціянства. Кожны з іх укладваў у дадзенае паняцце свой, адрозны ад іншых сэнс. У прыватнісці, Й. Трыр суадносіў “семантычнае поле” з “колам паняццяў", “паняційнай сферай”, “паняційным полем”.В. Порцыг тлумачыў “семантычнае поле” як сутнасныя сувязі значэнняў”, а Л. Вайсгербер - як частку зместу мовы.

Г. Іпсэн называў “семантычным полем" групу слоў, якія аб’яднаны іх сэнсавай і граматычнай агульнасцю.

А. Елес “семантычнае поле” суадносіў з антанімічнымі парамі слоў, так званымі “семантычнымі зрашчэнямі", а В. фон Вартбург і Ф. Дорнзейф карысталіся паняццямі “прадметная" і “семантычная группа” [3; 4].

Тэорыя “семантычнага поля” атрымала далейшае сваё развіццё ў працах лінгвістаў сярэдзіны мінулага стагоддзя: Дж. Вершурэна, О. Духачака, Г. Мюлера, А. Уфімцавай і інш.А. Уфімцава, напрыклад, адзначае, што паняційныя (семантычныя) палі уяўляюць сабой абстрактныя, адцягненыя ад іх моўнага выражэння паняційныя сверы, розныя галіны сацыяльнага, палітычнага, маральнага ці духоўнага жыцця народа, як яны прысутнічаюць у свядомасці калектыву, які гаворыць на сваёй мове. Такі падыход да вызначэння “семантычнага поля” можна назваць экстралінгвістычным.

У той жа час шэраг навукоўцаў (А. Рэфармацкі, Л. Васільеў) прытрымліваюцца іншай пазіцыі: на іх погляд, аднясенне пэўных груп лексікі да адпаведных “семантычных палёў" павінна разглядацца як з’ява ўнутрымоўная, інтралінгвістычная. Апошнім выдзяляюцца тры асноўныя тыпы лінгвістычных палёў: парадыгматычныя, сінтагматычныя, комплексныя.

Такім чынам, вызначэнне “семантычнага поля", прапанаванае А. Уфімцавай, з’яўляецца найбольш дакладным, калі падыходзіць да аналізу адпаведнай групы лексікі не з фармальнаго боку. Такая трактоўка “семантычнага боку” дазваляе даследаваць аб’яднаныя ў ім лексемы як пэўныя элементы моўнай карціны свету, своеасаблівы вынік перапрацоўкі інфармацыі пра асяроддзе і чалавека. Гэта таксама датычыцца і слоў са значэннем колеру і святла.

Вызначэнне спецыфікі ўжывання колеравай і светлавой лексікі, аб’яднанай у асобныя семантычныя палі, з пункту гледжання этна-, псіха - і тэралінгвістыкі, мэтазгодна правесці на матэрыяле мовы пісьменніка, які ў сваіх творах імкнуўся да лепшага адлюстравання нацыянальных асаблівасцяў свайго этнасу.

Цікавасць да колеру узнікла яшчэ ў антычнасці. Арыстоцель, Платон, Геракліт і іншыя філосафы імкнуліся зразумець яго прыроду, асэнсаваць сімвалічны характар светабачання, колераабазначэння. Пазней колер стаў аб’ектам даследавання фізікі, псіхалогіі, мастацтвазнаўства, мовазнаўства.

Вывучэнне функцыянавання колеру з пункту гледжання розных навук мае істотнае значэнне для разумення лінгвістычнай сутнасці калароніма. Напрыклад, аптычная, тэрмічная і іншая характарыстыка колеру, якая разглядаецца ў фізіцы, служыць асновай для выяўлення моўных асаблівасцяў няўласных якасцяў колеру у мастацкім творы. Даследаванні з пункту гледжання псіхалогіі дазваляюць меркаваць пра спецыфіку колеравых асацыяцый чытыча, служаць базай для лінгвістычнай інтэрпрэтацыі прыёму колеравай гармоніі і дысгармоніі.

У такіх навуковых працах у той ці іншай ступені выяўляюцца экстралінгвістычныя кампаненты колерабачання.

Так, Г. Цойгнер аналізуе ўздзеянне колеру на чалавека, у прыватнасці, асацыяцыі, што выклікаюцца колерам. Ім дастаткова падрабязна разглядаецца праблема колеравай сінестезіі і колеравых асацыяцый у залежнасці ад характару асобы рэцэпіента. Даследчык адзначае розную сілу ўздзеяння колеру у залежнасці ад характару асобы, тэмпераменту і духоўнага стану чалавека [2; 11].

Колеравыя і светлавыя асацыяцыі разглядаюцца М. Дэрыберэ. Аўтар даследуе характар успрымання аб’екта з пэўнай афарбоўкай або асвятленнем у залежнасці ад пары года, часу сутак і іншых прычын. Гэта мае важнае значэнне для разумення колеравых і светлавых уяўленняў у мастацкім тэксце.

Блізкія паводле аб’екта давледавання М. Дэрыберэ працы М. Мінарта. Аўтар вывучае характар святла ў залежнасці ад крыніцы выпраменьвання, хаактар колеру ў залежнасці ад фактуры і аддаленасці адпаведнай афарбаванай рэаліі. Даследаванні М. Мінарта маюць істотнае значэнне ў першую чаргу для стварэння лінгвістычнай тэорыі колеравага і светлавога кантрасту.

Элементы псіхалінгвістыкі знайшлі сваё адлюстраванне ў працах Ж. Агастона. Даследчык аналізуе псіхалагічнае ўздзеянне колеру на чалавека ў залежнасці ад колератону, колеравых камбінацый. Засяроджваецца ўвага на асаблівасцях успрымання ізаляванага колеру, яго эстэтыцы.

У манаграфічных даследаваннях С. Аляксеева, В. Шаронава, В. Зярнова характарызуецца спецыфіка ўспрымання колеру паводле яго прыналежнасці да храматычнай ці ахраматычнай гамы. Акцэнтуецца ўвага на прыродзе колеру і святла, развіцці іх сімвалічных асацыяцый.

Працы Р. Івенса і С. Краўкова даюць грунтоўную базу для лінгвістычнай інтэрпрэтацыі паняццяў “колеравы тон" і “светлавая насычанасць”.

Важнае значэнне для разумення спецыфікі функцыянавання колеравых і светлавых лексем у мастаціх тэкстах маюць даследаванні польскіх навукоўцаў А. Заўшніцы і М. Жэпіньскай. Першая шмат увагі надае асаблівасцям уздзеяння на чалавека колеравых спалучэнняў, а другая - гісторыі колеру з пункту гледжання мастацтвазнаўства.М. Жэпіньскай разглядаюцца найбольш тыповыя выпадкіколеравай гармоніі і дысгармоніі.

Гісторыя колерабачання, але ўжо з боку ўласналінгвістычнага, прысвечана грунтоўная праца Н. Бахілінай. Даследчыца прасачыла развіццё значэнняў каларонімаў, пачынаючы з першых вядомых пісьмовых помнікаў ва ўсіх усходнеславянскіх мовах. Ёй прыводзяцца шматлікія старажытныя варыянты назваў колеру, разглядаецца залежнасць выкарыстання каларонімаў ад жанру твора.

Розныя лінгвістычныя аспекты ўжывання каларыстычнай лексікі аналізуюцца ў дысертацыйных даследаваннях І. Куліковай, С. Бекавай, В. Паршынай, С. Бабыль, М. Піменавай, Т. Нікулінай і іншых навукоўцаў.

Менш актыўна праблемы колера - і святлоабазначэння вывучаліся беларускімі даследчыкамі. Варта адзначыць грунтоўную манаграфічную працу Л. Міронавай, дзе аўтар дэталёва разглядае развіццё колеравых асацыяцый у розныя гістарычныя перыяды. Даследчыцай аналізуюцца таксама псіхалагічнае ўздзеянне колеру, колеравы сімвалізм, гармонія і г. д.

Уласналінгістычныя пытанні колеравай і светлавой лексікі знайшлі сваё адлюстраванне ў працах Л. Сямешкі і Н. Мажэйкі.

Даследаванне сістэмы колераабазначэння мастацкага тэксту дае магчымасць меркаваць не толькі пра асаблівасці мовы канкрэтнага твора, але і пра спецыфіку колерабачання пісьменніка, пра ўплыў колеравых камбінацый на ўспрыманне твора (або яго асобных частак) чытачом. Але успрыманне мастацкага тэксту - не простая перасадка яго зместу ў галаву асобы, не простае набыццё інфармацыі, а творчы працэс мастацкага ўзнаўлення рэчаіснасці, які патрабуе ўзаемадзеяння моўнага, мысліцельнага, эмацыянальнага, валявога актаў, гэта значыць, сутворчасцю чытача. Таму адэкватнае ўспрыманне мастацкага тэксту павінна забяспечвацца экстралінгвістычнымі ўмовамі, праз своеасаблівы сінтэз ведаў з розных галін чалавечай дзейнасці. Гэта патрабуе пэўнай падрыхтоўкі чытача з пункту гледжання літаратуразнаўства, мастацтвазнаўства, псіхалогіі і іншых навук.

Усебаковы аналіз колераабазначэнняў дазваляе асэнсаваць глыбінныя тэкставыя мікраструктуры, якія істотна пашыраюць яго семантычную прастору. Даследаванне асаблівасцяў стварэння вобразу, механізма рэалізацыі адмысловых мастацкіх прыёмаў павінна праходзіць з улікам жанравых адметнасцяў твора. Як правіла, вершаваныя, празаічныя і драматычныя тэксты характарызуюцца выкарыстаннем розных мастацкіх прыёмаў, стылістычных фігур, дзе адным з кампанентаў выступае колеравая лексема. Таму важным бачыцца выяўленне не толькі частотнасці пэўнага калароніма ў вершы, апавяданні ці п’есе, але і асэнсаванне структуры колеравобразу ў кожным канкрэтным выпадку.

Можна меркаваць, што каларонімы і люксонімы заўсёды з’яўляюцца мастацкім матэрыялам, выконваюць выяўленчую функцыю. Гэта значыць, не проста фігуруюць у якасці лагічнага азначэння, а выкарыстоўваюцца менавіта як сродак выяўлення вобразнасці. Напрыклад, традыцыйнае для беларусаў спалучэнне “белы снег” ілюструе, у першую чаргу, каларыстыку прыроды нашай краіны [10; 55]. Але гэта сінтагма ў народаў Поўначы выклікае іншыя асацыяцыі, бо для абазначэння розных адценняў снегу раніцай, удзень, увечары яны карыстаюцца васемнаццаццю-дваццаццю назвамі адценняў колеру.

Прыблізна тое жа назіраецца пры параўнальным аналізе колеравых пераваг еўрапейцаў і азіятаў. Калі белы і чырвоны колеры з’яўляюцца дастаткова частотнымі ў творах нашых пісьменнікаў, то ў мастакоў слова Усходу яны рэдкаўжывальныя. І наадварот, высокай прадуктыўнасцю вызначаюцца шэры і карычневы (колеры пяску, гор), якія пры гэтым не нясуць адмоўнай характарыстыкі.

Такім чынам, шэраг розных фактараў уплывае на выбар таго ці іншага калароніма або люксоніма, на фарміраванне колеравай і светлавой эстэтыкі.

1.2 Сістэма колера - і святлоабазначэння мастацкага твора

У любым літаратурным творы ў той ці іншай ступені выкарыстоўваецца колеравая і светлавая лексіка, якая валодае істотным семантычным, сінтагматычным і канатацыйным патэнцыялам.

Распрацоўка праблемы колера-святлоабазначэнняў патрабуе адпаведнай тэрміналогіі, якая забяспечвала б шматаспектнае даследаванне згаданых моўных адзінак.

Беларуская каларыстычная тэрміналогія практычна нераспрацаваная. Нягледзячы на тое, што ў замежным (перш за ўсё расійскім) мовазнаўстве праблема колераабазначэння атрымала дастаткова шырокае асвятленне, пытанні адпаведнай тэрміналогіі і там вырашаюцца толькі часткова. Верагодна, таму, што даследаванні праводзяцца, як правіла, з пункту гледжання традыцыйных інтралінгвістычных аспектаў.

Пры экстралінгвістычным аналізе ўзнікае неабходнасць у шырокім коле тэрмінаў, якія дазволілі б максімальна поўна апісаць сістэму колераабазначэнняў пэўнага твора.

Сёння для намінацыі лексікі са значэннем колеру адны навукоўцы ўжываюць тэрмін “колераабазначэнне”, іншыя - “колеравыя словы". Для намінацыі лексікі са значэннем колеру можа быць выкарыстаны тэрмін “каларонім", а светлавой лексікі - “люксонім" [2; 16].

Першы з прапанаваных тэрмінаў пахадзіць ад лацінскага “color", таму няма неабходнасці больш падрабязна спыняцца на яго этымалогіі. Гэтым тэрмінам мэтазгодна абазначаць усе словы з колеравым значэннем (белы, чорны, чырвоны, блакіт). Другі з тэрмінаў паходзіць ад лацінскага “lux”, які азначае “святло”. Паводле свайго гукавого складу гэты корань - найбольш зручная база для ўтварэння адпаведнага тэрміну. Словам “люксонім" могуць быць названы лексемы, што маюць значэнне наяўнасці або сутнасці святла (светлы, бліскучы, цемень). Такім чынам, усе словы, што абазначаюць колер і святло, - гэта адпаведна каларонімы і люксонімы. Для характарыстыкі паўнаты колеру ў каларыстыцы існуе паняцце “колеравы гон”, які абазначае “якасць колеру, што дазваляе даць яму пэўную назву". Колеравым тонам вызначаюцца толькі храматычныя, спектральныя каларонімы. Ступені колератону могуць адвольна вар’іравацца ў мастацкім тэксце ў залежнасці ад індывідуальна-аўтарскіх асаблівасцяў, светаўспрымання пісьменніка.

Важнае значэнне для разумення спецыфікі аўтарскага светабачання мае з’ява “колеравай індукцыі". Названы тэрмін абазначае змяненне характарыстыкі аднаго колеру пад уплывам сузірання іншага або ўзаемны ўплыў колераў. Як правіла, колеравая індукцыя мае месца пры ўжыванні розных каларонімаў у межах аднаго сказа (страфы). Разнавіднасцю колеравай індукцыі можна лічыць “колеравую гармонію” і “колеравую дысгармонію". Колеравая гармонія - гэта камбінацыя пэўных колераў, якія ў сукупнасці рэалізуюць станоўчую эмацыянальна-экспрэсіўную афарбоўку. Адпаведна дысгармонія - спалучэнне колераў, што выяўляюць адмоўную канатацыю.

Эстэтычныя погляды пісьменніка ў значнай меры ілюструюць так званыя няўласныя якасці колеру, якія выкарыстоўваюцца ў творы. Пад няўласнымі якасцямі колеру трэба разумець тэрмічную, аптычную, акустычную і іншыя характарыстыкі колеру: цёплы - халодны; блізкі - далёкі; глухі - звонкі. Так, у навуковай літаратуры па колеразнаўству прынята лічыць цёплымі жоўты, аранжавы і чырвоны, а халоднымі - астатнія спектральныя колеры. Найбольш блізкім уяўляецца белы, а далёкім - сіні колер. Як глухі ўспрымаецца, напрыклад, карычневы, а як звонкі - ярка-чырвоны [2; 14].

З колеравай эстэтыкай цесна звязана паняцце “колеравай сімволікі". Практычна за кожным колерам замацавалася пэўнае сімвалічнае значэнне. Залаты колер, як правіла, не мае адмоўных асацыяцый, а ілюструе звычайна нешта станоўчае, радаснае, узнёслае. Чорны ж, наадварот, сімвалізуе зло, пакуты, няшчасці. Аднак колеравыя сімвалы могуць змяняць свой характар у залежнасці ад светапогляду, творчай манеры пісьменніка. Менавіта праз сімволіку колеру выяўляецца не толькі ўмоўна-эстэтычная, але і светапоглядная выразнасць.

Значыць, разгледжаныя вышэй тэрміны і паняцці з розных бакоў характарызуюць сістэму колера - і святлоабазначэння мастацкага твора. Каларыстычная тэрміналогія можа быць выкарыстана ў розных галінах мовазнаўства: этналінгвістыцы, тэралінгвістыцы, псіхалінгвістыцы, а асобныя з тэрмінаў - у літаратуразнаўстве і культуралогіі.

Такім чынам, падводзячы вынікі папярэдняй главы, трэба адзначыць, што даследаванне сістэмы колераабазначэння мастацкага тэксту дае магчымасць меркаваць не толькі пра асаблівасці мовы канкрэтнага твора, але і пра спецыфіку колерабачання пісьменніка, пра ўплыў колеравых камбінацый на ўспрыманне твора чытачом.

Для намінацыі лексікі са значэннем колеру можа быць выкарыстаны тэрмін “каларонім", а светлавой лексікі - “люксонім”. Каларонімы і люксонімы заўсёды з’яўляюцца мастацкім матэрыялам, выконваюць выяўленчую функцыю.

Эстэтычныя погляды пісьменніка здольныя ілюстраваць так званыя няўласныя якасці колеру (тэрмічная, аптычная, акустычная і іншыя характарыстыкі колеру: цёплы - халодны; блізкі - далёкі; глухі - звонкі), якія выкарыстоўваюцца ў творы.

Глава ІІ. Колеравая і светлавая эстэтыка паэзіі я. коласа

2.1 Частотнасць ужывання колеравых і светлавых лексем

Частотнасць ужывання пэўных колеравых і светлавых лексем дае падставы для характарыстыкі аўтарскіх асаблівасцяў бачання свету ў фарбах, вызначэння колеравых густаў і эстэтычных поглядаў пісьменніка. Гэта, у сваю чаргу, ілюструе спецыфіку яго творчай манеры і светаўспрымання ўвогуле.

Падрабязная табліца класіфікацыі колеравых і светлавых лексем, зыходзячы з прынцыпу частотнасці іх ужывання, прадстаўлена ў ДАДАТКУ. Але, даючы характарыстыку распаўсюджанасці тых ці іншых светлавых і колеравых лексем, варта адзначыць некаторыя асаблівасці.

Так, найбольш пашыранымі ў колькасным плане колеравымі лексемамі ў прыродаапісальнай лірыцы Я. Коласа можна назваць зялёны і белы . Першая з іх ілюструецца такімі прыкладамі:

Зялёнае мора ржаных каласоў [І; с.51] ;

Разгорнуць шырока зялёныя крылы [ІІ; с.287] ;

Зелянеюць два-тры клёны [І; с.15] ;

У зелень убрала вясна [І; с.88] ;

У зялёны ліст адзенецца [І; с.78] ;

Зелянее луг, ралля [І; с.73] ;

Глуха шэпча лес зялёны [І; с.62] ;

Лексема, што абазначае белы колер можа быць прадстаўлена наступнымі прыкладамі з тэкстаў Я. Коласа:

У белым попеле снягоў [І; с.75] ;

Пабялелі вусы, світка вазака [І; с.24] ;

У белым снезе маладняк [І; с.24] ;

І толькі зоркі пабялелі [ІІ; с.135] ;

Хмаркі белыя плылі [І; с.99] ;

Рады белай мы зіміцы [І; с.76] ;

Белую саломку ветрыкі паб'юць [І; с.37] ;

Белыя хмаркі над намі гулялі [І; с.34] ;

І па белым акіяне [І; с.76].

Дастаткова вялікая частотнасць ужывання ў паэтычных тэкстах каларонімаў зялёны і белы тлумачыцца іх лексічным значэннем, а таксама іх адпаведнасцю мэце апісання прыродных з’яў і навакольнага асяроддзя.

Менш распаўсюджанымі з’яўляюцца лексемы, што абазначаюць сіні і залаты колеры.

Таксама дастаткова часта пры апісанні аўтарам з’яў прыроды, навакольнага асяроддзя сустракаюцца назвы чырвоны, срэбраны, чорны, шэры.

Адзінкавымі можна назваць такія колеранайменні:

Крыштальны (Ой, гладзь нябёс далёкая, крыштальная, глыбокая!) [І; с.91].

Празрысты (У сіняй далечы празрысты туман ) [І; с.51].

Смуглы (Высокі, смуглы лес ціхутка гаварыў ) [І; с.10].

Брыльянцісты (І брыльянцістаю расою) [ІІ; с.115].

Акрамя непасрэднага называння колераў у аўтарскіх вершах сустракаюцца і называнне саміх паняццяў “коле", “фарба". З мэтай ілюстрацыі дадзенага факта варта прывесці такі прыклад з тэксту: І сабрала неба фарбы колераў дзівосных [І; с.32].

Такім чынам, найбольш частотнымі па сваім выкарыстанні з’яўляюцца белы (9) і зялёны (9) колеры. Самымі рэдкаўжывальнымі можна назваць такія колеранайменні як празрысты, крыштальны, смуглы, брыльянцісты.

Абсалютная большасць каларонімаў рэпрэзентавана прыметнікамі. Гэта звязана з тым, што колеравыя лексемы выкарыстоўваюцца пераважна ў сваім звычайным граматычным афармленні: колеравая прымета рэалізоўваецца праз прыметнік. Да таго ж, стылістычнае ўжыванне прыметнікаў увогуле тлумачыцца агульнымі ўласцівасцямі гэтай часціны мовы, якія даюць магчымасць выражаць самыя разнастайныя па сваёй эмацыянальна-эксрэсіўнай афарбоўцы прыметы і якасці прадметаў і з’яў.

Варта таксама адзначыць, што ў паэтычных тэкстах Я. Коласа намі былі выяўлены, акрамя звычайных для ўжывання поўных форм, яшчэ і прыметнікі кароткай формы: Неба ў хмарах, даль імгліста; Стаў чырван месяц круглаліцы. Такая форма прыметніка не характэрная для ўжывання ў сучаснай беларускай літаратурнай мове.

Калі гаварыць пра частотнае размеркаванне люксонімаў у вершаваных творах Я. Коласа, то варта адзначыць, што найбольшай частнотнасцю вызначаецца люксонім, які абазначае вышэйшую ступень праяўлення свету: блішчаць (9):

На ўсходзе неба грае пераліўным блескам [І; с.31] ;

Паблісквае на сонцы Балачанка [І; с.161] ;

І блеск зорны патух [І; с.98] ;

Бляск пужліва мігне [І; с.97] ;

І бляск-іскры разлівае [І; с.85] ;

Чыстыя росы як срэбра блішчалі [І; с.34] ;

Сее бляск-чырвонцы [І; с.31].

Дастатковай распаўсюджанасцю ў аўтарскіх тэкстах вызначаюцца антанімычныя люксонімы “светлы" і “цёмны". Паводле біблейскай міфалогіі, гэта найбольш важная сімволіка супярэчнасці быцця, яго глыбіннай таямніцы і знамянальных пераходаў. Паняцці “светлы" і “цёмны” маюць глыбокі трансцэндэнтны характар.

Калі звяртацца да агульнага лексічнага значэння знойдзеных у працэсе працы люксонімаў, то дамінуюць адзінкі, якія маюць наступнае значэнне: “свяціцца або адсвечваць роўным святлом", “яркае святло, якое выпраменьваецца або адлюстроўваецца ў чым-небудзь", “ледзь свяціцца", “свяціцца мігальным святлом". Дамінаванне ў аўтарскіх тэкстах такіх лексічных адзінак стварае ўражанне роўнага, цёплага і насычанага святла.

Калі гаварыць пра аднесенасць люксонімаў да пэўных часцін мовы, то найбольш часта яны выражаюцца назоўнікамі (бляск, цьма, прасвет, цемень-імгла, мрок ). Тлумачыцца гэты факт тым, што функцыянальна назоўнік здолны называць з’яву, прадмет, у тым ліку і тую, што мае дачыненне да свету і колеру.

Таксама вялікую распаўсюджанасць маюць дзеясловы-люксонімы (свеціць, заззяе). Гэта можна патлумачыць тым, што дзеяслоў здольны называць любы працэс і дзеянне - дзеянне свячэння, згасання і г. д. таксама.

2.2 Ахраматычныя каларонімы ў прыродаапісальнай лірыцы Я. Коласа

Як адзначаюць спецыялісты, усе колеры падзяляюцца на храматычныя і ахраматычныя. Да храматычных, ці асноўных, адносяць сем колераў вясёлкі - чырвоны, аранжавы, жоўты, зялёны, блакітны, сіні, фіялетавы; да ахраматычных - белы, чорны і ўсе шэрыя колеры.

Акрамя названых можна выдзеліць трэцюю - найменні колераў, што нельга аднесці ні да храматычнай, ні да ахраматычнай груп, напрыклад: буры, зямлісты.

Вялікую ролю ў сістэме колераабазначэння мастацкага твора адыгрывае прыём “колеравага кантрасту”. Гэта матываваная канцэнтрацыя супрацьлеглых па сваёй семантыцы каларонімаў у межах мікракантэксту.

Трэба звярнуць увагу на супрацьлеглыя па сваёй прыродзе каларонімы “чорны” і “белы", якія ў вялікай колькасці прысутнічаюць у вершах разгледжаных намі зборнікаў.

Так, прыметнікі “чорны” і “белы" абазначаюць звычайна колер прадмета (чорныя вочы, ночы; белы снег).

Чорны колер звычайна асацыіруецца са злом, нечым адмоўным, што ідзе з культуры, архетыпаў у падсвядомасці кожнага чалавека. Так, напрыклад, названы колер звязваецца аўтарам з міфалагічнымі істотамі, звышнатуральымі сіламі, рэлігійным уяўленнем пра грахоўнасць:

Ігрышча сіл чорных, начніц, ведзьмакоў [І; с.120].

Трэба, аднак, зазначыць, што прыкладаў, падобных да папярэдняга ў аўтарскіх тэкстах вельмі невялікая колькасць.

Часцей за ўсё ў прыродаапісальнай лірыцы Я. Коласа сустракаецца такое супрацьпастаўленне разгледжаных колераў, калі іх антанімічнасць праяўляецца ў межах адного кантэксту, дзе пераход ад цемры да святла, змена ночы і дня - сімвал перамогі дабрыні над злом:

Пройдзе ноч, згіне цьма, непраглядны мрок-цень [І; с.98] ;

І мне свеціш у тэй цемры яснаю зорой [І; с.93].

У аўтарскай пазіцыі можна выдзеліць дзве супрацьлеглыя тэндэнцыі: адна з іх апісвае веру ў аптымістычнае заканчэнне любой справы, добрае будучае і веру ў перамогу дабрыні над злом (як у прыведзеных вышэй прыкладах).

Другая ж, адваротная тэндэнцыя - апісвае непераможнасць чорных сілаў і бездапоможнасць чалавека ў змаганні з імі:

Над палямі мрок прарваўся , па нізінах расплыўся [І; с.31] ;

Церушыўся мрок бязмоўны і п’яніў мяне язмін [І; с.62] ;

Свет закрыла цьма густая [І; с.66] ;

Мрок насядае глыбей і цяжэй [І; с.119] ;

Хмурна. Глуха. / Цьма пануе [І; с.66].

Частым з’яўляецца таксама выпадак, калі Я. Колас выкарыстоўвае чорныя фарбы, цёмны свет пры апісанні рэалій асяроддзя, прыродных з’яў: пры дапамозе іх малюе ноч, палі:

Белым снегам замятае вецер чорныя палі [І; с.7 6] ;

А на беразе пад дубам, у ночку цёмную рыбак [І; с.1 0].

Да групы ахраматычных колераў таксама адносім белы, які даволі часта сустракаецца ў тэксце вершаў разгледжаных намі зборнікаў. Белы колер - гэта эквівалент дзённага святла, гэта сімвал малака і семені, што атаясамліваюцца з жыццём. Вельмі часта гэты колер выкарыстоўваецца для характарыстыкі белых вусаў, снегу што, магчыма, вядзе свой пачатак яшчэ з вуснай народнай творчасці: белы снег, белы дзень, белыя росы, анёл белы [11; 48]. Белы, светлы колер у аўтара ў асноўным апісвае з’явы прыроды: неба, снег, палі:

А над палямі ў ясным небе [І І; с.1 30] ;

Белыя хмаркі над намі гулялі [І; с.3 4] ;

І толькі зоркі пабялелі / У хаце дзверы зарыпелі [ІІ; с.135] ;

Над табою месяц круглы / У ясным небе ціха плыў [І І; с.2 9] ;

Найчасцей жа, белы колер у аўтара асацыіруецца з зімой, холадам, марозам, інеем:

Космы густа ім абвіты; /У ясным снезе маладняк [І; с.2 4] ;

Рады белай мы зіміцы,/ Рады з ёю ваяваць [І; с.7 6] ;

Усё змяшаецца ў тумане, /У белым попеле снягоў [І; с.7 5] ;

Белым снегам замятае /Вецер чорныя палі [І; с.7 6] ;

Скверыць холад. Пабялелі/ Вусы, світка вазака [І; с.2 4].

Белы колер - гэта яшчэ і колер срэбра, а срэбра - гэта колер Месяца і патоку прарокаў, што ачышчаюць аўру зямлі. Нядзіўна, што ў паэтычных творах наогул і у творах Я. Коласа ў прыватнасці, заўсёды нясе дадатную ацэнку:

Прыбіты вадою на срэбраны гак [ІІ; с.163] ;

Пад горкаю, бы срэбраны равок [І; с.161] ;

Як срэбра блішчалі [І; с.34].

Як бачна з папярэдніх прыкладаў, колер серабра ўводзіцца аўтарам у паэтычны тэкст пры дапамозе прыёма параўнання.

Як зазначана вышэй, да ахраматычных каларонімаў належаць найменні колеру, што абазначаюць усе адценні шэрага. Хутчэй за ўсё, сустракаюцца найменні шэрага колеру пры апісанні стану прыроды, асаблівасцяў надвор’я:

Заслоны шэрыя смугі [І; с.169].

Калі прыняць пад увагу, што да ахраматычных колераў, акрамя непасрэдна белага і чорнага належаць яшчэ і ўсе адценні шэрага, то да названай катэгорыі варта аднесці знойдзеныя ў паэтычных зборніках Я. Коласа каларонімы:

Крыштальны (Ой, гладзь нябёс далёкая, крыштальная, глыбокая!) [І; с.91] ;

Брыльянцісты (І брыльянцістаю расою) [ІІ; с.115].

Празрысты (У сіняй далечы празрысты туман ) [І; с.51].

Адзначаныя вышэй каларонімы фактычна не маюць свайго выразнага колеру, а семантычна абазначаюць тое, што “прасвечваецца, прапускае праз сябе святло”, “празрысты".

2.3 Храматычныя каларонімы ў прыродаапісальнай лірыцы Я. Коласа

Побач з колера-светлавой і светлавой эстэтыкай вылучаецца таксама эстэтыка ізаляванага колеру. Колер валодае найбольшай ступенню эмацыянальнага ўздзеяння, ён можа нават выступаць адносна незалежным носьбітам пэўнага настрою, ідэйна-вобразнага зместу.

Трэба адзначыць, што адзін і той жа каларонім у розных дыстрыбуцыйных умовах можа мець розную канатацыю.

Класічная эстэтыка лічыць ізаляванасць колеру, яго якасці асноўным крытэрыем прыгажосці.

У храматычнай групе каларатываў перш за ўсё неабходна адзначыць ужыванне ў паэтычных тэкстах назваў “колер”, “фарбы”, якія абагульнена называюць наяўнасць колеравай лексікі:

І сабрала неба фарбы колераў дзівосных [І; с.32].

Група храматычных колераў найбольш багата прадстаўлена з боку прыметнікаў, якія называюць адценні зялёнага колеру. Трэба сказаць, што гэты колер уваходзіць у групу самых глыбока сімвалічных колераў: можна прывесці для ілюстрацыі гэтага выказвання той факт, што зялёны колер складае колеравую гаму на сучасным сцягу Беларусі. Гэта свет зялёных раслін, без якіх немагчыма жыццё і якія сваімі каранямі ідуць у зямлю, а лістамі цягнуцца да неба [11; 49]. Паколькі ў межах дадзенай курсавой работы намі разглядалася толькі прыродаапісальная лірыка, то ўжыванне ў згаданых вершах зялёнага колеру натуральна для апісання аўтарам з’яў жывой прыроды: лісця дрэў, поля, леса:

Зялёнае мора ржаных каласоў [І; с.51] ;

Разгорнуць шырока зялёныя крылы [ІІ; с.287] ;

Зелянеюць два-тры клёны [І; с.15] ;

У зелень убрала вясна [І; с.88] ;

У зялёны ліст адзенецца [І; с.78] ;

Зелянее луг, ралля [І; с.73] ;

Глуха шэпча лес зялёны [І; с.62] ;

Зялёныя межы далёкую гладзь [І; с.51].

Частотным з’яўляецца таксама ўжыванне ў паэтычных тэкстах аўтара лексем, якія называюць адценні блакітнага і сіняга колераў. Паколькі гаворка ідзе пра прыродаапісальныя вершы, то сіні і блакітныя колеры ў іх у большасці выпадкаў апісваюць і характарызуюць неба:

У сіняй далечы празрысты туман [І; с.51] ;

Па сіняй раўніне [І; с.88] ;

Тоне ў сінечы арэхавай гай [ІІ; с.297] ;

Бруяцца ў сіняй глыбіні [І; с.169] ;

У глыбіні блакітнага прастору [І; с.161] ;

А ў небе сінім, полі [І; с.99].

Таксама ў групе храматычных колераў поруч з малаўжывальным прыметнікам “жоўты” (Поле - жоўты пясок [І; с.29] ; І жоўць пяскоў на сонечным угрэве [І; с.160]) зафіксаваны прыметнікі “залаты", “залацісты". Як правіла, у мастацкіх тэкстах гэтыя прыметнікі ўжываюцца з даданым канататыўным значэннем у метафарычных спалучэннях. Але ў нашым выпадку семантычнае значэнне адзначанага калароніма прамое - ён называе з’явы прыроды (лісце дрэў, поле, каласы), што маюць такі колер:

Боязна шэпча трава, чараты, у хмарах знік месяца рог залаты [І; с.119] ;

Як залаты агністы жвір [І; с.85] ;

Сыпаць золата над гаем і над пералескам [І; с.31] ;

Светлыя хмаркі, рунь залатая [І; с.43].

Дастаткова распаўсюджанымі ў прыродаапісальных вершах Я. Коласа з’яўляецца чырвоны колер. Гэты колер ужываецца аўтарам пры апісанні заходу сонца, характарыстыкі месяца:

Чуць-чуць дрогне, праліецца чырвань на усходзе [І; с.31] ;

Стаў чырван месяц круглаліцы [І; с.85] ;

Ткуць у шоўк чырвоны [І; с.32].

Побач з прыметнікам “чырвоны” для перадачы адзначанага адцення, аўтар ужывае і назоўнік “багра”:

Жывою баграю па лесе [І; с.51] ;

Выяўлена таксама адзінкавая характарыстыка лесу пры дапамозе якаснага прыметніка “смуглы”:

Высокі, смуглы лес ціхутка гаварыў [І; с.10].

Такім чынам, аналіз прыметнікаў колеру ў разгледжаных зборніках дазволіў выявіць каляровую палітру паэта. Можна сказаць, што для паэзіі Я. Коласа характэрна шырокае ўжыванне колеранайменняў “халоднага” спектру. Менавіта зялёны і сіні колеры актывізаваны тэматыкай паэтычных дыскурсаў паэта (тэма прыроды, тэма жыцця чалавека ў еднасці з прыродай).

Звяртаючыся да характарыстыкі псіхолагамі чалавека ў сувязі з яго прыхільнасцю да цёплых ці халодных колераў, можна адзначыць, што А. Салавей у большай ступені экстравертыўная (скіраваны да знешніх аб’ектаў), чым інтравертыўная (скіраваная на ўнутраны свет думак, перажыванняў, самапаглыблення).

Заключэнне

Несумненна, што колеранайменні з’яўляюцца неад’емнай часткай слоўніка кожнага мастака, паколькі апісанне жыцця чалавека, прыроды, самых розных рэалій не можа быць поўным, дакладным без ужывання гэтай групы лексікі. Але такая роля каларатываў характэрна для ўжываня іх у рознай колькасці і разнастайнасці любым і кожным носьбітам мовы. У мастацкім творы, зразумела, скарыстоўваюцца каларатывы ў намінатыўнай функцыі, але толькі ёю іх ужыванне не абмяжоўваецца, бо спецыфічнай уласцівасцю мастацкага маўлення з’яўляецца сэнсавая шматпланавасць слоў, ужыванне іх у мэтах мастацкай вобразнасці.

Паводле меркавання І.В. Гётэ, які вядомы не толькі як майстар прыгожага пісьменства, але і як спецыяліст у колеразнаўстве (у канцы XVIII стагоддзя ён прапанаваў новы спосаб класіфікацыі колераў, у аснове якога ляжыць фізіялагічны прынцып), колеры ўздзейнічаюць на душу: яны здольныя выклікаць пачуцці, абуджаць эмоцыі і думкі, якія нас супакойваюць або хвалююць, яны прымушаюць смуткаваць або радавацца.

Светлавая эстэтыка з’яўляецца не толькі важным элементам у сістэме колерапісу, але і адным з галоўных выразнікаў светапогляду пісьменніка. Аналіз гарманічных колеравых і светлавых спалучэнняў дазваляе гаварыць не толькі пра асаблівасці колераўспрымання, але і пра спецыфіку творчай манеры ўвогуле.

Даследаванне сістэмы колераабазначэння мастацкага тэксту дае магчымасць меркаваць не толькі пра асаблівасці мовы канкрэтнага твора, але і пра спецыфіку колерабачання пісьменніка, пра ўплыў колеравых камбінацый на ўспрыманне твора чытачом.

Для намінацыі лексікі са значэннем колеру можа быць выкарыстаны тэрмін “каларонім", а светлавой лексікі - “люксонім”. Каларонімы і люксонімы заўсёды з’яўляюцца мастацкім матэрыялам, выконваюць выяўленчую функцыю.

У выніку працы над прыродаапісальнай лірыкай Я. Коласа было выяўлена, што найбольш частотнымі па сваім выкарыстанні з’яўляюцца белы (9) і зялёны (9) колеры. Самымі рэдкаўжывальнымі можна назваць такія колеранайменні як празрысты, крыштальны, смуглы, брыльянцісты.

Найбольшай частнотнасцю ў аўтарскіх тэкстах вызначаецца люксонім, які абазначае вышэйшую ступень праяўлення свету: блішчаць (9).

Калі гаварыць пра выяўленне каляровай палітры паэта, то трэба адзначыць, што для паэзіі Я. Коласа характэрна шырокае ўжыванне колеранайменняў “халоднага” спектру. Менавіта зялёны і сіні колеры актывізаваны тэматыкай паэтычных дыскурсаў паэта

Эстэтычныя погляды пісьменніка здольныя ілюстраваць так званыя няўласныя якасці колеру (тэрмічная, аптычная, акустычная і іншыя характарыстыкі колеру: цёплы - халодны; блізкі - далёкі; глухі - звонкі), якія выкарыстоўваюцца ў творах.

Спіс літаратуры

1. Арутюнова Н.Д. К проблеме функциональных типов лексического значения. // Аспекты семантических исследований. - М., - 1980. - С.32-37.

2. Бабіч Ю.М. Колеравая і светлавая эстэтыка ў мове твораў Я. Коласа: Манаграфія /Віцебск. УА “ВДУ імя П.М. Машэрава; 2002. - 127 с.

3. Бабіч Ю.М. Семантычныя палі “Колер” і “Святло" ў мове твораў Я. Коласа: Аўтарэф. дыс. на атрыманне вучонай ступені канд. філал. Навук/ БДУ. - Мн.: 1999. - 17 с.

4. Бахилина Н.Б. История цветового значения в русском языке. - М., - 1975. - 288 с.

5. Бецольд В. Учение о цветах по отношению к искусству. - СпБ. - 1978. - 208 с.

6. Винокур Г.О. Филологические исследования. Лингвистика и поэтика. - М.: Наука, - 1990, - 452 с.

7. Клименко А.П. Вопросы психолингвистического изучения семантики, - Мн.: 1970, - 206 с.

8. Кожынава А.А. Ідэя святла ў вобразнай сістэме малітваў К. Тураўскага // Веснік БДУ, сер.4. Філалогія. - 1994, - №1, - с.21-24.

9. Лазарук М.А., Ленсу А.Я. Слоўнік літаратуразнаўчых тэрмінаў. - Мн.: Народная асвета, - 1996, - 176 с.

10. Лапацінская В. Колеравыя функцыі эпітэтаў у творчасці паэтаў 60-сятнікаў // Бел. - руска-польскае супастаўляльнае мовазнаўства. Зб. навук. Артыкулаў.7 Міжнар. навук. Канферэнцыі. - Віцебск, - 2006. - с.410-412.

11. Ляшчынская В.А. Слова ў паэзіі Я. Купалы. - Мн., Бел. навука, 2004. - 272 с.

12. Маслова В.А. Поэтический текст как объект анализа // Русистика и белорусистика на рубеже веков. Вклад белорусских лингвистов, уроженцев Могилёвщины, в науку: Тезисы докладов международных научных чтений Международной научной конференции "Проблема истории и культуры Верхнего Поднепровья", - 25-26 октября 2001 г. / Под ред. Т.Г. Михальчук. - Могилёв.: МГУ им.А. А. Кулешова. - 2001. - 168 с., С.3-5.

13. Никулина Т.Е. Цветовые прилагательные в языке различных жанров русского фольклора. Автореф. дис. Моск. гос. пед. институт. - М., 1989. - 16 с.

14. Паршина В.Л. Закономерности функционирования цветовых слов в поэтических произведениях Н.А. Некрасова / Ленингр. гос. институт. - Л., 1983. - 19 с.

15. Плотнікаў Б.А., Антанюк Л.А. Беларуская мова. Лінгвістычны кампендыум. - Мн.: Інтэрпрэссэрвіс, Кніжны Дом. - 2003, - 672 с.

16. Русецкий В.Ф. Ключ к слову: Беседы о языке художественной литературы: Пособие для учителей. - Мн.: Экоперспектива, 2000. - 128 с.

17. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: У 5-ці т. Т.5. Кн.2. У-Я / [Рэд. тома М.Р. Суднік]. - Мн.: Беларус. Сав. Энцыклапедыя, 1984. - 608 с.

18. Трыпуціна Т.М. Аналіз слова і фразеўжывання ў мастацкім тэксце: з нарысаў пра мову Я. Брыля. Вучэбны дапаможнік/ “Мінскі дзярж. пед. Інстытут", - Мн. - 1984. - 76 с.

19. Шчэрбін В.К. Спалучальнасць слова. // Беларуская мова. Энцыклапедыя. - Мн., 1994. - С. 194.

20. Юрэвіч А.Л. Слоўнік лінгвістычных тэрмінаў. - Мн.: Выдавецтва Міністэрства вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесіянальнай адукацыі БССР. - 1962. - 246 с.

21. Колас Я. Выбраныя вершы. / Уклад.М. Лужанін, - Мн.: Маст. Літаратура, - 1980. - 240 с.

22. Якуб Колас. З майго летапісу. Выбраныя вершы, - Выдавецтва “Беларусь”, - 1967, - 307 с.