Скачать .docx | Скачать .pdf |
Реферат: Міжнароднае становішча Рэспублікі Беларусь
Міжнароднае становішча Рэспублікі Беларусь
ЗМЕСТ
1. Усталяванне новых суадносін сіл на сусветнай арэне пасля распаду СССР. Міжнароднае прызнанне суверэннай Рэспублікі Беларусь
2. Роля Беларусі ва ўсталяванні і станаўленні СНД
3. Працэс стварэння Саюза Беларусі і Расіі
4. Месца Рэспублікі Беларусь у інтэграцыйных працэсах на постсавецкай і еўразійскай прасторы ва ўмовах глабалізацыі
5. Рэспубліка Беларусь роўнапраўны член сусветнай супольнасці
Спіс выкарыстаных крыніц
1. Усталяванне новых суадносін сіл на сусветнай арэне пасля распаду СССР. Міжнароднае прызнанне суверэннай Рэспублікі Беларусь
Пасля Другой сусветнай вайны сфарміраваўся геапалітычны падзел свету на тры вялікія групы краін: развітыя капіталістычныя дзяржавы (Заходняя Еўропа, ЗША, Японія), краіны сацыялістычнай садружнасці на чале з СССР і краіны «трэцяга свету» (Азія, Афрыка, Лацінская Амерыка), якія не адыгрывалі прыкметнай ролі ў міжнародным жыцці.
Адносіны паміж капіталістычнымі і сацыялістычнымі дзяржавамі характарызаваліся вострым палітычным і ідэалагічным процістаяннем, якое ўвайшло ў гісторыю пад назвай «халодная вайна». Такую структуру міжнародных адносін прынята называць біпалярнай, бо ў свеце панавалі і супернічалі дзве грамадскія сістэмы на чале са звышдзяржавамі – СССР і ЗША. З развалам СССР біпалярны свет перастаў існаваць. «Халодная вайна» скончылася на карысць капіталістычнай сістэмы. Пасля краху Варшаўскага ваенна-палітычнага дагавора Паўночна-Атлантычны блок (NATO) стаў імкліва папаўняцца новымі краінамі. Біпалярная мадэль сусвету ператварылася ў аднапалярную на чале з адзінай звышдзяржавай – ЗША.
Пасля распаду Савецкага Саюза і сусветнай сацыялістычнай сістэмы ў канцы 1980 – пачатку 1990-х гг. канфрантацыя дзвюх грамадскіх сістэм (капіталістычнай і сацыялістычнай) завяршылася. Некаторыя з былых краін сацыялістычнага лагеру (Чэхія, Славакія, Венгрыя, Польшча і інш.) паступова інтэграваліся ў супольнасць развітых краін з дэмакратычным рэжымам і рынкавай эканомікай. Іншыя (Румынія, Украіна, Таджыкістан) абвясцілі сябе краінамі, якія развіваюцца. У колішнім «трэцім свеце» вылучыліся краіны (Паўднёвая Карэя, Сінгапур, Тайвань), якія па тэмпах эканамічнага росту наблізіліся да найбольш развітых краін. Найменш развітыя і эканамічна адсталыя краіны Цэнтральнай Афрыкі, Азіі і Лацінскай Амерыкі атрымалі назву «чацвёртага свету».
Распад СССР абумовіў фарміраванне новых прынцыпаў у адноснах паміж былымі саюзнымі рэспублікамі. Адны з дзяржаў (краіны Балтыі) адкрыта заявілі аб сваёй арыентацыі на заходнія краіны, другія яшчэ не вызначыліся ў сваім выбары далейшага шляху развіцця, трэція так ці інакш арыентуюцца на супрацоўніцтва з Расійскай Федэрацыяй. Сама ж Расія хоць і страціла статус звышдзяржавы, але, 25 сне-жня 1991 г. абвясціўшы сябе спадкаемцай СССР, заняла яго месца ў ААН, а зараз уваходзіць у лік вялікіх дзяржаў.
Пасля дэнансацыі 8 снежня 1991 г. Саюзнага дагавора Рэспубліка Беларусь стала выходзіць на міжнародную арэну як еўрапейская краіна, з глыбокімі гістарычнымі традыцыямі дзяржаўнасці. Рэспубліка Беларусь з’яўляецца спадкаемцай дзяржаў, што існавалі на тэрыторыі Беларусі: Полацкага і Тураўскага княстваў, ВКЛ, БНР і БССР.
З абвяшчэннем суверэнітэту БССР у канцы 1990 г. і пачатку 1991 г. былі падпісаны дагаворы аб супрацоўніцтве з Расіяй, Украінай і Казахстанам. Пасля распаду СССР, з апошніх дзён снежня 1991 г. пачаўся працэс міжнароднага прызнання Рэспублікі Беларусь. Першымі дзяржавамі свету, якія прызналі незалежнасць Беларусі і ўстанавілі з ёй дыпламатычныя адносіны, былі Ўкраіна і ЗША. На працягу 1992 г. новую незалежную дзяржаву Рэспубліка Беларусь прызналі 60 дзяр-жаў. Да канца 1994 г. іх колькасць узрасла да 123 дзяржавы, пры гэтым, 97 наладзілі з ёй дыпламатычныя адносіны. Да 1 студзеня 2009 г. Рэспубліка Беларусь прызнана 159 дзяржавамі свету, з якіх 157 ус-танавілі з ёй дыпламатычныя адносіны.
Знешняй праявай міжнароднага прызнання стала адкрыццё дыпламатычных прадстаўніцтваў у Беларусі. Першае пасольства ў Мінску было адчынена ЗША. У 1992 г. разгарнулі дзейнасць 4 вышэйшыя дыпламатычныя прадстаўніцтвы; у 1994 г. іх стала 21; у 2000 г. усяго налічвалася 50 прадстаўніцтваў, у тым ліку, 29 пасольстваў, 2 генконсульствы, 8 консульстваў, 9 прадстаўніцтваў міжнародных арганізацый, а таксама Выканаўчы камітэт і Эканамічны Суд СНД.
За мяжой Беларусь прадстаўляюць 52 дыпламатычныя прадстаўніцтвы ў у 46 краінах свету, у тым ліку 44 пасольствы, 2 пастаянныя прадстаўніцтвы пры міжнародных арганізацыях і 6 генеральных кольсунстваў. Палітычную і прававую базу знешняй палітыкі дзяржавы складаюць: Дэкларацыя Вярхоўнага Савета БССР «Аб дзяржаўным суверэнітэце БССР» ад 27 ліпеня 1990 г., Заява Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь «Аб прынцыпах знешнепалітычнай дзейнасці Рэспублікі Беларусь» ад 3 кастрычніка 1991 г.; Канстытуцыя Рэспуб-лікі Беларусь, прынятая 15 сакавіка 1994 г., змененая і дапоўненая ў 1996 і 2004 гг.; Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі, зацверджаная ў ліпені 2001 г.; ваенная дактрына, зацверджаная ў студзені 2002 г., ін-шыя дакументы, прынятыя Вярхоўным Саветам, Нацыянальным схо-дам і Прэзідэнтам, якія рэгулююць дзейнасць дзяржаўных органаў улады ў галіне знешняй палітыкі, і таксама агульнапрызнаныя прын-цыпы і нормы міжнароднага права, зафіксаваныя ў Статуце ААН, Хельсінскім Заключным акце, Парыжскай хартыі для новай Еўропы і іншых дакументах АБСЕ.
У пачатку ХХІ ст. сфарміраваліся асноўныя прынцыпы беларускай знешняй палітыкі: адпаведнасць знешнепалітычных мэт нацыянальным рэсурсам; развіццё ўсебаковага супрацоўніцтва з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі, добраахвотнасць уваходжання і ўдзелу ў міждзяржаўных утварэннях і неад’емнае права дзяржавы на выхад з іх; адданасць палітыцы паслядоўнай дэмілітарызацыі міжнародных адносін; адсутнасць тэрытарыяльных прэтэнзій да памежных дзяржаў. Стратэгічнымі мэтамі знешняй палітыкі Беларусі з’яўляюцца: абарона суверэнітэту і незалежнасці дзяржавы; захаванне без’ядзернага статусу і абвешчанага ў Канстытуцыі нейтральнага статусу.
Асноўнымі прыярытэтнымі напрамкамі знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца: развіццё ўзаемавыгадных адносін з Расійскай Федэрацыяй і з Еўрапейскім Саюзам; умацаванне супрацоўніцтва з дзяржавамі СНД; удзел у Еўразійскім эканамічным супольніцтве; развіццё ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з дзяржавамі Азіі (у першую чаргу з Кітаем, Індыяй, Японіяй), арабскага свету, Афрыкі, з краінамі Лацінскай Амерыкі; садзейнічанне ўмацаванню кансалідуючай ролі ААН на глабальным і рэгіянальным узроўнях; падтрыманне асноўных падыходаў Руху недалучэння да праблем усеагульнай і рэгіянальнай бяспекі; развіццё шматбаковага супрацоўніцтва па пытаннях разбраення, прадухілення і ліквідацыі надзвычайных сітуацый, ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС і інш.
2. Роля Беларусі ва ўсталяванні і станаўленні СНД
Важным напрамкам знешнепалітычнай дзейнасці Рэспублікі Беларусь з’яўляецца ўмацаванне двухбаковага супрацоўніцтва з краі-намі СНД. Гэта аб’яднанне было абвешчана 8 снежня 1991 г., калі ў рэзідэнцыі Віскулі ў Белавежскай пушчы кіраўнікі Беларусі (С. Шуш-кевіч), Расіі (Б. Ельцын) і Украіны (Л. Краўчук) падпісалі пагадненне аб утварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў. У іх заяве было адзначана, што перагаворы аб падрыхтоўцы новага Саюзнага дагавора зайшлі ў тупік, аб’ектыўны працэс выхаду рэспублік з саставу СССР і ўтварэння незалежных краін стаў рэальным фактам. У пагадненні абвяшчалася, што СССР як суб’ект міжнароднага права спыніў сваё існаванне. Тры дзяржавы аб’ядналіся ў СНД і запрасілі ўступіць у Садружнасць новыя дзяржавы былога СССР. Афіцыйным месцам знаходжання кардынацыйных органаў Садружнасці быў вызначаны Мінск.
10 снежня Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь ратыфікаваў па-гадненне аб стварэнні СНД і прыняў рашэнне аб дэнансацыі Саюзнага дагавора 1922 г. 21 снежня ў Алма-Аце незалежныя дзяржавы – Азербайджан, Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Малдова, Расій-ская Федэрацыя, Таджыкістан, Туркменія, Узбекістан і Ўкраіна падпісалі Пратакол да Пагаднення і Дэкларацыю аб утварэнні на роўных правах СНД, якая не з’яўляецца ні дзяржавай, ні дзяржаўнай структу-рай. Дэкларацыя пацвердзіла прыхільнасць гэтых дзяржаў да супрацоўніцтва ў розных сферах знешняй і ўнутранай палітыкі, абвясціла гарантыі выканання міжнародных абавязацельстваў былога СССР. У сувязі з гэтым 25 снежня 1991 г. Прэзідэнт СССР М. Гарбачоў склаў свае паўнамоцтвы.
30 снежня 1991 г. кіраўнікі 11 краін у Мінску абмеркавалі фінансава-эканамічныя і ваенна-стратэгічныя пытанні СНД. 1992 г. яны падпісалі дэкларацыю аб супрацоўніцтве, узгодненых дзеяннях у правядзенні рэформ, вяртанні культурных і гістарычных каштоўнас-цяў і інш. У снежні 1993 г. да СНД далучылася Грузія.
У 1993 г. быў абмеркаваны і прыняты Саветам кіраўнікоў дзяржаў Статут СНД, у якім падкрэслівалася, што Садружнасць заснавана на пачатках суверэннай роўнасці ўсіх яе членаў, якія з’яўляюцца самастойнымі суб’ектамі міжнароднага права. У верасні 1993 г. кіраўнікі дзяржаў СНД падпісалі Дагавор аб стварэнні Эканамічнага саюза.
У Мінску сталі рэгулярна адбывацца пасяджэнні кіраўнікоў ура-даў, міністэрстваў і ведамстваў СНД. З 1993 г. у Мінску размяшчаецца Выканаўчы сакратарыят СНД – пастаянна дзеючы адміністрацыйны і каардынуючы орган садружнасці. Ён забяспечвае арганізацыю работы Савета кіраўнікоў дзяржаў, Савета кіраўнікоў урадаў, Савета міністраў замежных спраў, Эканамічнага савета і іншых органаў. Выка-наўчы камітэт распрацоўвае праекты дакументаў, арганізуе дзейнасць больш як 20 органаў галіновага супрацоўніцтва. У Мінску знаходзіцца створаны ў 1994 г. Эканамічны суд СНД. Такім чынам, Мінск становіцца сталіцай СНД.
У 1995 г. былі наладжаны дзелавыя кантакты з Міжнароднай арганізацыяй працы, Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя, Упраўленнем Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў. Прадстаўнікі Выканаўчага камітэта ўдзельнічаюць у нарадах і форумах, якія праводзяцца па лініі ААН, ЕС, АБСЕ і іншых міжнародных арганізацый.
Разам з тым СНД пакуль займае даволі нізкае месца ў міжнароднай іерархіі: на яе долю прыпадае толькі 3% сусветнага валавога ўну-транага прадукту. Па гэтых паказчыках Садружнасць саступае ЕС, эканамічным блокам новых індустрыяльных краін Паўднёва-Усходняй Азіі і Паўночнай Амерыкі. Крызісны стан Садружнасці выявіўся ў канцы 1990-х гг., што было засведчана шэрагам нарад кіраўнікоў дзяржаў СНД. Спецыяльны міжнародны форум, праведзены на аснове іх рашэнняў, выпрацаваў канкрэтныя прапановы і прававыя акты, скіраваныя на ўмацаванне эканамічнага супрацоўніцтва шляхам стварэння зоны свабоднага гандлю і карэннага рэфармавання выканаўчых структур СНД. Асноўнымі прычынамі такога негатыўнага працэсу з’яўляюцца: розныя падыходы дзяржаў СНД да праблем рэфармавання органаў Садружнасці, вызначэння іх структуры і функцый; рознагалоссі ў выпрацоўцы агульнай эканамічнай канцэпцыі на макра- і мікраўзроўні і агульнай палітыкі ў забеспячэнні калектыўнай бяспекі; неэфектыўнасць дагавораў і пагадненняў у рамках СНД; разыходжанні ў сферы інтарэсаў і мэтаў знешняй палітыкі краін-удзельніц.
Невысокую эфектыўнасць дэманструюць органы Садружнасці ва ўрэгуляванні канфліктаў на тэрыторыі СНД. Не выконваюцца многія палажэнні Дагавора аб калектыўнай бяспецы (1992 г.). У жніўні 2009 г. Грузія, незадаволеная палітыкай Расіі ў адносінах да Паўднёвай Асеціі і Абхазіі, заявіла аб сваім выхадзе з СНД.
Рэспубліка Беларусь выступае за захаванне СНД, больш цесныя эканамічныя, палітычныя і ваенныя супрацоўніцтва і інтэграцыю і лічыць, што Садружнасць па свайму патэнцыялу можа заняць важкае месца ў шэрагу іншых рэгіянальных арганізацый. Беларусь была адным з ініцыятараў падпісання дагавораў і пагадненняў аб Мытным саюзе, адзінай эканамічнай прасторы, калектыўнай бяспецы і фарміраванні зоны свабоднага гандлю.
3. Працэс стварэння Саюза Беларусі і Расіі
З моманту набыцця Рэспублікай Беларусь дзяржаўнага суверэнітэту яе асноўным міжнародным партнёрам заставалася Расійская Федэрацыя. Адносіны паміж абедзвюма краінамі актывізавалася з абраннем А. Лукашэнкі Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. На майскім рэферэндуме 1995 г. 82% яго ўдзельнікаў падтрымалі ідэю аб эканамічнай інтэграцыі з Расіяй. Развіццё беларуска-расійскага стратэгічнага партнёрства адбываецца шляхам палітычнай, эканамічнай і ваеннай інтэграцыі з Расійскай Федэрацыяй.
21 лютага 1995 г. у Мінску Прэзідэнты дзвюх краін А. Лукашэнка і Б. Ельцын падпісалі беларуска-расійскі дагавор аб сяброўстве, добрасуседстве і супрацоўніцтве тэрмінам на 10 гадоў. 2 красавіка 1996 г. у Маскве кіраўнікі дзяржаў падпісалі дагавор аб стварэнні суполь-насці суверэнных рэспублік Беларусі і Расіі. Захоўваючы атрыбуты суверэнітэту, дзяржавы выходзілі на сумеснае будаўніцтва структур, якія мелі агульную заканадаўчую базу. У адпаведнасці з дагаворам былі сфарміраваны Вышэйшы Савет, Выканаўчы камітэт, Парламенцкі сход, Мытны камітэт, Расійска-Беларуская камісія па навукова-тэхнічнаму супрацоўніцтву і некаторыя іншыя сумесныя арганізацыі.
2 красавіка 1997 г. абедзве дзяржавы прыйшлі да Дагавору аб Саюзе, у якім падцвярджалася, што кожная краіна захоўвае дзяржаўны суверэнітэт і тэрытарыяльную недатыкальнасць, канстытуцыю, сцяг, герб і іншыя атрыбуты дзяржаўнасці. У якасці асноўных мэт абвяшчалася ўмацаванне адносін братэрства і ўсебаковага супрацоўніцтва па-між дзяржавамі ў палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай, культурнай, ваенннай і іншых галінах. 10 чэрвеня дагавор аб Саюзе быў ратыфікаваны ў Мінску і Маскве. У снежні 1998 г. Прэзідэнты А. Лукашэнка і Б. Ельцын заявілі ў Дэкларацыі аб далейшым яднанні Беларусі і Расіі аб намеры стварыць адзіную саюзную дзяржаву.
8 снежня 1999 г. А. Лукашэнка і Б. Ельцын падпісалі Дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, які ўступіў у сілу ў студзені 2000 г. Састаўной часткай Дагавора з’яўлялася Праграма мерапрыемстваў па развіцці Саюза Беларусі і Расіі да 2005 г. Была прынята таксама Праграма эканамічнага супрацоўніцтва дзвюх краін на 1999-2008 гг. Старшынёй Вышэйшага Дзяржаўнага Савета быў абраны А. Лукашэнка.
Рэспубліка Беларусь і Расійская Федэрацыя зафіскавалі намер дабрахвотна перадаць Саюзнай дзяржаве шэраг сваіх паўнамоцтваў з мэтай ажыццяўлення адзінай палітыкі, у першую чаргу, у пытаннях стварэння адзінай эканамічнай прасторы і прававых асноў агульнага рынка. Разам з тым непахіснымі застаюцца асновы канстытуцыйнага ладу, а таксама захоўваюцца незалежнасць, тэрытарыяльная цэласнасць, дзяржаўны лад і міжнародныя абавязкі абедзвюх дзяржаў.
У цяперашні час у Саюзнай дзяржаве створаны і дзейнічаюць неабходныя органы кіравання: Вышэйшы Дзяржаўны Савет, Савет Міні-страў, Парламенцкі Сход і Пастаянны Камітэт Саюзнай дзяржавы. Створаны Пагранічны і Мытны камітэты, тэле-радыёвяшчальная кампанія, сфарміраваны сумесныя калегіі міністэрстваў і іншых органаў дзяржаўнага кіравання, саюзны бюджэт Беларусі і Расіі.
Да сучаснага моманту напрацавана значная нарматыўна-прававая база, заснаваная на міждзяржаўных і міжурадавых дагаворах, якая дазваляе ўзаемадзейнічаць практычна па ўсіх накірунках супрацоўніцтва. У мэтах здзяйснення пераходу на адзіныя прынцыпы падатковай палітыкі праводзіцца ўніфікацыя нацыянальных заканадаўстваў па пытаннях падаткаабкладання. Вядзецца праца па падрыхтоўцы Падатковага кодэкса Саюзнай дзяржавы.
У 2008 г. на Расію прыпадала 80% беларускага экспарту. У Беларусі ўнутраны валавы прадукт (УВП) рос высокімі тэмпамі – каля 10-11 % у год, а беларуская прадукцыя была заўсёды запатрабаванай у Расіі. Так, машынабудаўнічы комплекс на 85% загружаны заказамі расійскіх прадпрыемстваў. Устаноўлены сувязі з большасцю рэгіёнаў Расіі, што стварае добрую перспектыву для інтэграцыйных працэсаў паміж дзвюма краінамі, пашырэння рынкаў збыту беларускіх тавараў, рэалізацыі маштабных эканамічных пректаў у прыярытэтных для Беларусі абласцях. Расія з’яўляецца для Беларусі галоўнай крыніцай сыравіны, энергарэсурсаў, камплектуючых, важнейшым транспартным калідорам. За 2007 г. таваразварот паміж дзвюма краінамі вырас прыкладна на 30 % і склаў 26 млрд дол. ЗША, у 2008 г. ён дасягнуў 30 млрд дол. Больш за палову беларускага знешняга гандлю прыпадае на Мас-кву, Цюменскую вобласць і Санкт-Пецярбург. Разам з тым варта адзначыць, што ў выніку значнага роста тарыфаў на расійскія энерганосьбіты расце і адмоўнае сальда ва ўзаемным гандлі.
З года ў год назіраецца рост агульнага бюджэта Саюзнай дзяржавы, сродкі з якога накіроўваюцца на рэалізацыю сумесных праектаў і праграм у самых розных сферах. Калі ў 1999 г. ён складаў 500 млн. расійскіх рублёў, то ў 2008 г. сума бюджэта вырасла да 4 млрд руб. Гэтыя сродкі накіроўваюцца на фінансаванне 38 сумесных праграм і мерапрыемстваў. На ўзроўні ўрада Беларусі з расійскімі рэгіёнамі заключана больш за 20 пагадненняў аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, звыш 50 дагавораў аб супрацоўніцтве падпісана міністэрствамі і ведамствамі Беларусі. Ва ўзаемных пастаўках бяруць удзел 80 суб’ектаў Расійскай Федэрацыі і ўсе рэгіёны Беларусі. З удзелам беларускіх і расійскіх прадпрыемстваў створана 9 фінансава-прамысловых груп.
Выпрацоўваецца і рэалізуецца сумесная палітыка абедзвюх дзяржаў у сацыяльна-працоўнай сферы, у галіне экалагічнай бяспекі, гідраметэрэалогіі, маніторынга і абароны навакольнага асяроддзя, папярэджання і пераадольвання наступстваў прыродных і тэхнагенных катастроф. Інтэнсіўна развіваюцца і культурныя сувязі, супрацоўніцтва ў галіне адукацыі, медыцыны, знешняй палітыкі, барацьбы са злачыннасцю, забеспячэнні абароны і бяспекі дзвюх дзяржаў.
Разам з тым, на шляху будаўніцтва Саюзнай дзяржавы існуе шмат цяжкасцей і нявырашаных праблем. Марудна рухаюцца наперад пытанні стварэння адзінай эканамічнай прасторы, мытнага саюза, не ўніфікаваны мытныя тарыфы, не сфарміравана нарматыўна-прававая база ў межах Саюза. Існуюць праблемы ў сувязі з неурэгуляваннем транс-партных тарыфаў. Не ўдаецца ўніфікаваць грашова-крэдытную сістэму і стварыць умовы для перахода на агульную валюту. Застаецца вострым для Беларусі і пытанне аб кошце расійскіх энерганосьбітаў.
Аднак, нягледзячы на існуючыя праблемы, у Беларусі выразна разумеюць, што Расія была і застаецца галоўным стратэгічным партнёрам. Пры ўсёй складанасці і супярэчлівасці Беларусь разглядае інтэграцыю з Расіяй як магістральны накірунак сваёй знешняй палітыкі. Яднанне Беларусі і Расіі, канвергенцыя эканомік дзвюх краін пойдзе хутчэй, калі абедзве дзяржавы будуць эфектыўна выкарыстоўваць станоўчы вопыт адзін аднаго з мэтай сумяшчэння сваіх гаспадарчых механізмаў. Беларусі і Расіі належыць на справе прывесці ў адпаведнасць з задачамі інтэграцыі свае законы і зрабіць сінхронным ход эканамічных рэформаў, каб забяспечыць баланс эканамічных інтарэсаў, як гэтага патрабуюць інтарэсы эканамічнай бяспекі.
Пасля некалькіх беларуска-расійскіх канфліктных сітуацый, выкліканых гандлёвымі і інфармацыйнымі непаразуменнямі, праблемы цяперашняга становішча і перспектыў саюзных адносін застаюцца прадметам палітычных кантактаў і грамадскіх дыскусій.
4. Месца Рэспублікі Беларусь у інтэграцыйных працэсах на постсавецкай і еўразійскай прасторы ва ўмовах глабалізацыі
Эфектыўнае рашэнне задачы бяспекі дзяржавы і стварэння спрыяльных знешніх умоў для эканамічнага развіцця краіны і павышэння дабрабыту народа патрабуе пабудовы збалансаваных і канструктыўных адносін з мноствам партнёраў у розных рэгіёнах свету. У Беларусі няма глабальных геапалітычных амбіцый, але ёсць свае інтарэсы, перш за ўсё гандлёва-эканамічныя, у самых розных кутках зямнога шара. У 2008 г. Рэспубліка Беларусь праводзіла экспартна-імпартныя аперацыі са 175 краінамі свету.
Беларуская знешняя палітыка з’яўляецца шматвектарнай. Існуюць адзіныя падыходы да развіцця адносін з усімі замежнымі партнёрамі без выключэння, і краіна падрыхтавана да дыялогу і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў самых розных сферах.
З улікам фактараў геаграфічнага, эканамічнага, гісторыка-культурнага характару безумоўным прыярытэтам беларускай знешняй палітыкі з’яўляецца развіццё адносін з бліжэйшымі суседзямі ва ўсходнім і заходнім накірунку.
Беларусь выступае за павышэнне эфектыўнасці рэгіянальных інтэграцыйных аб’яднанняў на постсавецкай прасторы, у прыватнасці, за фарміраванне зоны свабоднага гандлю ў рамках СНД, фарміраванне паўнацэннага Мытнага саюза і адзінай эканамічнай прасторы ў рамках Еўраазіяцкага эканамічнага супольніцтва (ЕўрАзЭС), створанага ў 2000 г., якое складаецца з 6 краін-членаў Мытнага саюза (Беларусі, Казахстана, Кіргізіі, Расіі, Таджыкістана і Ўзбекістана). З 70 дагаво-раў, падпісаных у рамках ЕўрАзЭС, Беларусь выканала ўнутрыдзяржаўныя працэдуры па 67 пагадненнях. Важнейшым прызначэннем ЕўрАзЭС наша краіна лічыць падрыхтоўку да ўваходжання ў глабальную сусветную гандлёвую сістэму з тым, каб краіны Супольнасці калектыўна адстойвалі для сябе найбольш спрыяльныя ўмовы прасоўвання сваіх тавараў на рынкі заходніх дзяржаў. На пасяджэнні Міждзяржаўнага савета ЕўрАзЭС быў падпісаны Дагавор аб статусе асноў заканадаўства ЕўрАзЭС. 23 лютага 2003 г. кіраўнікі Беларусі, Казахстана, Расіі і Ўкраіны падпісалі Заяву аб фарміраванні Адзінай эканамічнай прасторы і стварэнні Арганізацыі рэгіянальнай інтэграцыі.
Сумесна з Арменіяй, Казахстанам, Кыргызстанам, Расіяй і Таджыкістанам Рэспубліка Беларусь вядзе працу па паглыбленню ваенна-палітычнай інтэграцыі ў рамках Дагавора аб калектыўнай бяспецы ад 1992 г. У 1999 г. з Дагавора аб калектыўнай бяспецы краін СНД выйшлі Азербайджан, Грузія і Ўзбекістан. У 2002 г. кіраўнікі Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кіргізіі, Расіі і Таджыкістана падпісалі Статут Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) і Пагадненне аб прававым статусе АДКБ. Асноўныя намаганні краін-членаў гэтай арганізацыі накіраваны на барацьбу з міжнародным тэрарызмам, ваяўнічым экстрэмізмам і распаўсюджваннем наркотыкаў. Новым перспектыўным напрамкам супрацоўніцтва ў рамках гэтай арганізацыі з’яўляецца фарміраванне механізму калектыўнай міратворчай дзейнасці, што ажыццяўляецца па мандату ААН.
Таваразварот Рэспублікі Беларусь з краінамі Цэнтральнай Азіі ў 2002 г. склаў 116 млн дол. ЗША, значна перавысіўшы паказчыкі папя-рэдніх гадоў. Пры гэтым краіне прыходзілася рабіць папраўку на геа-графічную аддаленасць і канкурэнцыю з даволі таннай прадукцыяй з Кітая і Турцыі. Важнейшым партнёрам у гэтым рэгіёне застаецца Ка-захстан, які набывае беларускія грузавыя аўтамабілі, трактары, шыны, тавары лёгкай прамысловасці, а пастаўляе на беларускі рынак збожжа, каляровыя металы, сыравіну.
Асаблівую вагу ў сістэме двухбаковых адносін Беларусі набыла Кітайская Народная Рэспубліка. У першай палове 1990-х гг. быў створаны механізм кансультацый паміж знешнепалітычнымі ведамствамі краін. У пачатку 2000-х гг. паміж дзвюма краінамі дзейнічалі звыш 20 двухбаковых міжурадавых пагадненняў, істотнае развіццё атрымала міжрэгіянальнае партнёрства на ўзроўні гарадоў, абласцей і правінцый. У апошнія гады Беларусь ставіцца да Кітая як да другога, пасля Расіі стратэгічнага партнёра.
Вытрымала праверку часам як у дзелавых адносінах, так і ў міжнароднай палітыцы беларуска-індыйскае і беларуска-в’етнамскае партнёрства ў эканамічнай і навукова-тэхнічнай сферы. Адметнасцю беларуска-японскіх адносін стала пераважнае развіццё крэдытна-інвестыцыйных аперацый і актыўнае ўзаемадзеянне па пытаннях пераадолення наступстваў аварыі на ЧАЭС. Цесныя сувязі, высокі ўзровень палітычных адносін і маштабныя праекты ў галіне эканомікі звязваюць Беларусь з Іранам і Рэспублікай Карэяй. Перспектыўнае развіццё гандлю характэрна для адносін Беларусі з Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі, якія выяўляюць зацікаўленасць у набыцці прадукцыі Мінскага завода колавых цягачоў, МАЗа, бабруйскай «Белшыны», «Мілавіца». З удзелам капіталу ААЭ ў Мінску будуюцца гасцініцы.
Узаемная выгода і добрасуседства характарызуюць адносіны з Літвой. Калі ў 2006 г. аб’ём гандлю паміж дзвюма краінамі складаў 603 млн., у 2007 г. перавысіў 740 млн, а ўз 2008 г. дасягнуў звыш 1200 млн дол. ЗША. Супрацоўніцтва пашыраецца ў галіне інвестыцый: у 2008 г. у беларускую эканоміку было накіравана каля 3 млрд дол., а ў Літве дзейнічае 280 прадпрыемстваў з удзелам беларускага капітала. Сумесныя беларуска-літоўскія прадпрыемствы працуюць у галіне вы-творчасці мэблі і піва, пашыраюцца кантакты ў сферы транспартных перавозак праз Клайпедскі порт і разглядаецца магчымасць сумеснага выкарыстання рэсурсаў Аўгустоўскага канала і ракі Нёман. Адносіны з іншымі суседзямі – Польшчай і Латвіяй, якія як і Літва з’яўляюцца членамі Еўрапейскага саюзу і НАТО, менш прадукцыйныя, але даволі перспектыўныя.
Еўрапейскі Саюз – важнейшы гандлёва-эканамічны партнёр Беларусі. Па аб’ёму таваразвароту, які склаў у 2008 г. каля 15, 8 млрд дол., ён займае другое месца пасля Расіі. Гандаль з ЕС з’яўляецца галоўнай крыніцай паступленняў у нашу краіну цвёрдай валюты ў адрозненне ад бартэрнага гандлю, які дамінуе паміж дзяржавамі СНД. Імпартуе Беларусь з ЕС прадукцыю вытворча-тэхнічнага прызначэння, якая з’яўляецца адной з асноўных крыніц мадэрнізацыі вытворчай базы беларускіх прадпрыемстваў.
Такім чынам, за перыяд суверэннага існавання Рэспублікі Беларусь наладзіліся разгалінаваныя двухбаковыя адносіны з большасцю дзяржаў і буйнейшымі арганізацыямі аўразійскага кантыненту. Глыбокія і эфектыўныя сацыяльна-эканамічныя, палітычныя і духоўныя пераўтварэнні, якія адбываюцца ў беларускім грамадстве, несумненна, дазволяць Беларусі заняць годнае месца ў Еўропе, захаваўшы сваю нацыянальную ідэнтычнасць і самабытнасць.
5. Рэспубліка Беларусь роўнапраўны член сусветнай супольнасці
Развіццё эканамічных, палітычных, навуковых, культурных сувязяў з іншымі краінамі свету з’яўляецца жыццёва важным для паспяховага ўваходжання Рэспублікі Беларусь у сусветную супольнасць. Краіна даказала здольнасць да незалежнага дзяржаўнага развіцця. Да дасягненняў у галіне знешняй палітыкі варта аднесці забеспячэнне рэальнага суверэнітэту, фарміраванне асноўных атрыбутаў дзяржаўнасці, усеагульнае міжнароднае прызнанне Беларусі і ўстанаўленне дыпламатычных зносін з уплывовымі дзяржавамі свету. Пасля атрымання незалежнасці краіна набыла новы статус у ААН і яе спецыялізаваных установах: Беларусь стала дзейнічаць на форуме нацый, зыходзячы з асабістых нацыянальна-дзяржаўных інтарэсаў. Пашырыўся ўдзел рэспублікі ў рэгіянальных міжнародных арганізацыях і інстытутах.
Сусветнае прызнанне і падтрымку атрымала паслядоўная палітыка беларускай дзяржавы ў галіне ядзернага раззбраення. Упершыню ў гісторыі краіна, якая валодала ядзернай зброяй, дабрахвотна і без папярэдніх умоў адмовілася ад ядзернай зброі. З канца 1996 г. Рэспубліка Беларусь дэ-юрэ і дэфакта з’яўляецца без’ядзернай дзяржавай.
Беларусь з’яўляецца актыўным членам Руху недалучэння, заснаванага ў 1961 г. краінамі, якія адмовіліся далучацца да ваенных блокаў і імкнуліся праводзіць скардынаваную палітыку дзеля інтарэсаў уласных народаў.
Наша краіна – цэнтр узаемавыгадных інтэграцыйных працэсаў новых незалежных дзяржаў. Прыярытэтам застаецца інтэграцыя і развіццё ўзаемавыгадных стасункаў з Расіяй. У сваёй палітыцы Беларусь улічвае вялікі інтэграцыйны, энергетычны, рыначны патэнцыял Садружнасці Незалежных Дзяржаў, Еўразійскай эканамічнай супольнасці і ўсяляк стымулюе развіццё гэтых структур. Беларусь вядзе актыўны дыялог з Еўрапейскім Саюзам, НАТО, Саветам Еўропы, АБСЕ.
Плённа развіваюцца адносіны Беларусі з дзяржавамі Лацінскай Амерыкі. Устанаўленне дыялога на высокім узроўні пазітыўна адлю-стравалася на ажыўленні дзелавых кантактаў з ключавымі краінамі рэгіёна – Венесуэлай, Бразіліяй і Аргенцінай у галіне сумеснай рэалізацыі буйных эканамічных праектаў. Інтэнсіўна развіваюцца беларуска-кубінскія адносіны.
Прыярытэтным накірункам знешняй палітыкі застаецца нармалізацыя партнёрскіх адносін з ЗША. Рэспубліка Беларусь зацікаўлена ў раўнапраўным і ўзаемавыгадным дыялогу, заснаваным на ўзаемнай павазе інтарэсаў дзвюх краін.
Такім чынам, за адносна кароткі перыяд самастойнага існавання Рэспубліка Беларусь набыла паўнаварты статус еўрапейскай дзяржавы з уласнымі нацыянальнымі інтарэсамі і знешнепалітычнымі прыярытэтамі. Яна даказала здольнасць да незалежнага існавання ў супольнасці суверэнных дзяржаў, наладзіла ўзаемавыгадныя сувязі з большасцю дзяржаў свету. Уключэнне Рэспублікі Беларусь у сусветную сістэму падзелу працы дазваляе нарошчваць эфектыўнасць нацыянальнай эканомікі, тым самым павышаючы ўзровень дабрабыту сваіх грамадзян.
СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ
1. Гісторыя Беларусі: Вуч. дапаможнік. / Пад рэд. А. П. Ігнаценка. – Мн., 1994.
2. Шымукович С.Ф. Гiсторыя Беларусi: курс лекцый / С.Ф. Шымукович. – Минск, 2005. – 235 с.
3. Гісторыя Беларусі: у 2-х ч. / Пад рэд. Я.К. Новіка, Г.С. Марцуля. – Мн., 1998.
4. Сяменчык М.Я. Гiсторыя Беларусi: курс лекцый / М.Я. Сяменчык – Мн., 2009 г.
5. История Беларуси в документах и материалах. – Минск: Амалфея, 2000. – 672 с.