Скачать .docx  

Реферат: Асаблівасці каталіцтва

Асаблівасці каталіцтва

ЗМЕСТ

1. Агульная характарыстыка каталіцтва

2. Каталіцтва на Беларусі

3. Асаблівасці веравучэння і культу каталіцтва

4. Структура каталіцкай царквы

5. Уніяцтва на Беларусі

СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ

1. Агульная характарыстыка каталіцтва

Каталіцтва – сама шматколькасны кірунак ў хрысціянстве. Зараз у свеце налічваецца 968 мільёнаў католікаў, якія складаюць каля 16% насельніцтва Зямлі. Яно распаўсюджана ў такіх еўрапейскіх краінах як Іспанія, Італія, Партугалія, Бельгя, Аўстрыя, Германія, Польшча, Літва, Беларусь і Украіна. Найбольш моцны ўплыў каталіцтва ў Лацінскай Амерыцы, дзе яно ахоплівае амаль 90% насельніцтва.

У якасці асноўных рыс каталіцтва даследчыкі называюць, па- першае, высокую ступень цэнтралізацыі царквы і канцэнтрацыю ўлады ў руках Папы Рымскага. У адрозненне ад праваслаўя, якое ў арганізацыйным плане падзяляецца на 15 аўтакефальных цэркваў, каталіцтва з'яўляецца адзіным. Ёсць толькі адна каталіцкая царква ва ўсім свеце, узначальвае якую Папа Рымскі.

Адзінства каталіцкай царквы абумоўлена як чыста рэлігійнымі, так і гістарычнымі прычынамі. Як ужо адзначалася, першым епіскапам Рыму (Рымскім папай) лічыцца сам апостал Пётр, якому, згодна з Бібліяй, Хрыстос даручыў кіраўніцтва ў хрысціянскай царкве. Кожны Рымскі папа разглядаееца католікамі як пераемнік Пятра і галава царквы. Такім чынам, ён з'яўляецца бачным сімвалам адзінства і валодае вельмі вялікім аўтарытэтам.

З падзеннем Заходняй Рымскай Імперыі (476 г.) папа атрымлівае новыя магчымасці для пашырэння сваёй як духоўнай, так і свецкай улады. Ён робіцца галоўным прадстаўніком хрысціянскага насельніцтва былых рымскіх тэрыторый, занятых зараз варварскімі плямёнамі.

Свецкая ўлада пап атрымала падтрымку з боку кіраўнікоў узнікшых у Еўропе новых варварскіх дзяржаў. У 756 г. франкскі кароль Піпін Кароткі падараваў папе Стэфану II землі ў Італіі, на якіх была створана Папская вобласць, якая праіснавала да 1870 г.

Свецкія ўлады ў Еўропе не змаглі падпарадкаваць сабе царкву і яна развівалася як адзіная і цэнтралізаваная арганізацыя. Нейкі час папы нават узвышаліся над свецкімі ўладамі, яны каранавалі каралёў, былі арбітрамі ў спрэчках паміж імі, праводзілі актыўную міжнародную палітыку. З цягам часу палітычная ўлада пап ўсё больш памяншалася, але і зараз папы валодаюць вялікім аўтарытэтам у свеце.

Каталіцкая царква, у адрозненне ад праваслаўнай, была незалежнай ад свецкіх улад і праводзіла самастойную палітыку. Гэтым абумоўлены як станоўчыя, так і адмоўныя бакі яе дзейнасці. Доўгі час яна аказвала істотны ўплыў не толькі на палітыку, але і культуру Еўропы. Праз каталіцкую царкву антычная культурная спадчына зрабілася ўласнасцю еўрапейскіх народаў. Прыкладна да ХІV ст. царква была галоўным культурным інстытутам, амаль усё духоўнае жыццё, навука і адукацыя адбываліся ў яе межах. У перыяд сярэднявечча каталіцкая царква была адным з інстытутаў улады і ўжывала ў сваёй дзейнасці сродкі тых часоў, якія, па сутнасці, супярэчылі хрысціянскай маралі. У ХІ – ХІІІ стст. яна з'явілася адным з ініцыятараў крыжовых паходаў за вызваленне Іерусаліма ад захапіўшых яго мусульман, гэта значыць, рэлігійных войнаў. У пачатку XIII ст. для барацьбы з ерасямі ў каталіцкай царкве была арганізавана інквізіцыя (ад лац. inquisitio – вышук), якая праіснавала да 1965 г. Агульная колькасць людзей, асуджаных інквізіцыяй да розных відаў пакарання налічвае некалькі соцен тысяч. Для дзейнасці інквізіцыі былі характэрны тайнае следства, ужыванне катаванняў, выкарыстоўванне даносчыкаў і г.д. Адной з найбольш вядомых спраў інквізіцыі з'яўляецца асуджэнне ў 1633 г. італьянскага вучонага Галілеа Галілея, якога вымусілі адрачыся ад геліяцэнтрычнай тэорыі Каперніка. Зараз каталіцкая царква прызнала крыжовыя паходы, інквізіцыю, а таксама справу Галілея сваімі грахамі і пакаялася ў іх.

Другой асноўнай рысай каталіцтва з'яўляецца дынамізм яе рэлігійна-царкоўнага жыцця, які праяўляецца як у сацыяльнай, так і багаслоўскай сферах. Каталіцкая царква заўсёды займала актыўную сацыяльную пазіцыю і імкнулася аказаць уплыў на сучаснае ёй грамадства. У найбольшай ступені ёй гэта ўдавалася ў перыяд сярэднявечча, калі яна валодала вялікай уладай. У гэты ж час царква ўсё больш зрошчваецца з феадальнай дзяржавай і залежыць ад яе. Пачынаючы з перыяду Адраджэння, еўрапейская культура ва ўсё большай ступені набывае свецкі характар, і царква паступова страчвае свой уплыў на развіццё культуры, больш таго, шмат у чым яна робіцца рэакцыйнай і кансерватыўнай сілай у грамадстве. У ей працягваюць адбывацца змены, але ідуць яны вельмі марудна і з вялікімі цяжкасцямі. Каталіцкая царква ўсё больш адстае ад тых працэсаў, якія адбываюцца ў сацыяльнай і культурнай сферах еўрапейскага жыцця і займае адносна іх абарончыя пазіцыі.

Рашучы паварот да зменаў быў узяты на Другім Ватыканскім саборы, які прайшоў у 1962-1965 гг. 3 яго пачаўся працэс аджорнамэнто (італ. aggiornamento – адпаведнасць сённяшняму дню) – абнаўлення сучаснай каталіцкай царквы. Было абвешчана, што яна прызвана не кіраваць грамадствам, але служыць яму. Атрымаў прызнанне прынцып свабоды веравызнання. Сабор выказаўся за калегіяльныя метады кіравання царквой, больш актыўны ўдзел міранаў у царкоўным жыцці і ўзаконіў нацыянальныя канферэнцыі і сіноды. Былі ўхвалены некаторыя змены ў богаслужэнні, у прыватнасці, выкарыстоўванне нацыянальных моў, а таксама прызнана магчымасць функцыянальнага стылю ў царкоўнай архітэктуры. Сабор зняў з іудзеяў віну за распяцце Хрыста. Была зроблена ращучая спроба прымірэння з праваслаўнай царквой і пратэстанцтвам, усталявання канструктыўных сувязяў з нехрысціннскімі рэлігіямі. Сабор выказаўся па многіх сучасных сацыяльных пытаннях. У прыватнасці, было ращуча асуджана ўжыванне ядзернай зброі, вайна, як сродак вырашэння канфліктаў, неакаланіяльныя сродкі эксплуатацыі.

Рашэнням Другога Ватыканскага сабора ў каталіцкай царкве зараз надаецца вельмі вялікае значэнне і адбываецца праца па іх ажыццяўленню.

2. Каталіцтва на Беларусі

Каталіцтва на тэрыторыі Беларусі мае доўгую гісторыю. Заходнія місіянеры прыходзілі на нашы землі яшчэ ў IX ст. Як ужо гаварылася, у пачатку XI ст. у Тураве ўзнікла заходняя епархія, але яна была разгромлена князем Уладзімірам і развіццё хрысціянства на Беларусі пайшло па праваслаўнаму шляху. У 1251 г. вялікі князь Вялікага Княства Літоўскага Міндоўг, каб атрымаць ад папы абарону ад крыжакоў Лівонскага ордэна, хрысціўся ў каталіцтва, аднак хрышчэнне яго не было шчырым і ён таемна прыносіў ахвяры язычніцкім багам. Пры Міндоўгу ў 1252 г. была заснавана каталіцкая епархія і пабудаваны касцёл. Аднак хрышчэнне не абараніла Міндоўга ад нападаў крыжакоў, і таму ён у 1260 г. вярнуўся ў язычніцтва. Пранікненне каталіцтва на тэрыторыю Беларусі не спынілася. У пачатку ХІVст. з Рыгі ў Полацк прыбыла група католікаў, у 1323 г. вялікі князь Гедымін запрасіў манахаў дамініканцаў і францысканцаў перасяліцца ў Літву.

Масавае распаўсюджанне каталіцтва на тэрыторыі Беларусі пачалося пасля заключэння вялікім князем Ягайлам у 1385 г. Крэўскай уніі з Польшчай, адной з умой якой было хрышчэнне літоўцаў-язычнікаў па заходняму абраду. Ужо з 1387 г. у Вільні была створана каталіцкая епархія і пачаў будавацца касцёл. У канцы ХІV ст. у ВКЛ існавала ўжо 12 касцёлаў, з іх 6 – на тэрыторыі Беларусі. Каталіцкая царква займала прывілегіраванае становішча ў ВКЛ. Згодна з прывілеем Ягайлы ад 1387 г. яна атрымала поўны імунітэт у сваіх маёнтках у фінансавых і судовых пытаннях, а таксама вызвалялася ад дзяржаўных падаткаў і павіннасцяў. Яе маёмасць павялічвалася за кошт ахвяраванняў вялікіх князёў. Аднак распаўсюджвалася каталіцтва пераважна сярод язычніцкага насельніцтва Літвы, і то гэты працэс зацягнуўся на два стагоддзі. На тэрыторыі ж Беларусі падаўляючая колькасць веруючых належала да праваслаўнай царквы. У асноўным гэта былі сяляне. Магнаты ж і шляхта прымалі каталіцтва.

У ВКЛ каталіцтва было пануючай рэлігіяй. Калі католік уступаў у шлюб з некатолікам, апошні павінен быў прыняць каталіцтва. Каталіцкім магнатам і шляхце былі дадзены прывілеі: яны вызваляліся ад падаткаў і мелі права займаць вышэйшыя пасады ў краіне. У выніку барацьбы праваслаўныя магнаты і шляхта таксама атрымліваюць такія ж прывілеі, але і пасля гэтага каталіцтва застаецца пануючай рэлігіяй у Рэчы Паспалітай.

Пасля далучэння тэрыторыі Беларусі да Расійскай імперыі ў выніку трох пацзелаў Рэчы Паспалітай становішча каталіцтва рэзка змянілася. З пануючай рэлігіі яно ператварылася ў цярпімую. Спачатку адносіны да каталіцтва былі даволі спакойнымі. Царскі ўрад не мог не лічыцца з тым, што асноўная колькасць магнатаў і шляхты на далучаных землях былі католікамі. Адзінае, да чаго спачатку імкнулася кіраўніцтва Расійскай імперыі – гэта перапыніць непасрэдныя кантакты каталіцкага духовенства на Беларусі з Папам Рымскім, а манаскіх ордэнаў – з іх цэнтрамі.

У пачатку XIX ст. на тэрыторыі Беларусі існавала тры каталіцкія епархіі: Магілёўская, Мінская і Віленская. У іх было 517 прыходаў з 1072177 прыхаджанамі. Падпарадкоўваліся яны рымска-каталіцкай духоўнай калегіі, якая знаходзілася ў Пецярбурзе.

Католікі былі апазіцыйна настроены супраць урада. Абумолена гэта было, па-першае, тым, што магнаты і шляхта, якія ў асноўным належалі да каталіцтва, марылі аб адраджэнні Рэчы Паспалітай і, па-другое, незадаволенасцю каталіцкага духавенства пагаршэннем свайго прававога становішча.

Католікі прынялі актыўны ўдзел у паўстаннях І830 – І83І і 1863 гг., таму супраць каталіцкай царквы пачаліся рэпрэсіі. У 1832 г. у заходніх губерніях было зачынена 199 каталіцкіх кляштароў. Гэтая палітыка працягвалася і ў 40 – 50-я гг., хаця і не так інтэнсіўна. Больш жорсткімі рэпрэсіі былі пасля падаўлення паўстання 1863 г. За ўдзел у ім 8 ксяндзоў былі пакараны смерцю, 36 – сасланы на катаржныя работы, 25 – на пасяленне ў Сібір з пазбаўленнем асабістых правоў, дзесяткі – ва ўнутраныя губерніі Расіі. Адбіраліся касцелы і кляштары, якія па большай частцы перадаваліся праваслаўнай царкве. Пачала праводзіцца палітыка распалячвання касцёла. Сутнасць яе была ў тым, каб увесці ў каталіцкіх касцёлах беларускіх губерній рускую мову замест польскай у набажэнствах. Аднак з-за супраціўлення ксяндзоў і большай часткі веруючых гэтая палітыка не мела поспеху.

Прававое становшча каталіцкай царквы ў Расійскай імперыі змянілася пасля таго, як 17 красавіка 1905 г. Мікалаем II быў выдадзены "Именной Высочайший указ Правительствующему Сенату", які атрымаў вядомасць як указ аб верацярпімасці. Згодна з ім дазваляўся пераход з праваслаўя ў іншыя канфесіі, што раней у Расійскай імперыі лічылася крымінальным злачынствам. У выніку, за 1905 – 1907 гг. у каталіцтва па Расійскай імперыі перайшло больш за 170 тыс. чалавек, і асноўная частка іх прыходзілася на беларускія губерніі. Вельмі важным пунктам указу аб верацярпімасці быў загад пры выкладанні Закона Божага для прадстаўнікоў неправаслаўных канфесій карыстацца "прыроднай мовай вучняў''. На Беларусі адразу ж узнікла пытанне, якую мову лічыць для тутэйшых католікаў роднай. Большасць каталіцкага духавенства па традыцыі лічылі, што гэтай мовай з'яўляецца польская, расійскія чыноўнікі – руская. Родная мова беларусаў не ўлічвалася.

Перад Кастрычніцкай рэвалюцыяй на тэрыторыі Беларусі існавала 456 каталіцкіх прыходаў з 917 ксяндзамі і 2 млн. 429 тыс. веруючых.

Пасля рэвалюцыі савецкія ўлады праводзілі ў адносінах да каталіцкай царквы больш жорсткую палітыку, чым да праваслаўнай, бо лічылі яе вельмі небяспечнай. Рэпрэсіі абвастрыліся ў сувязі з канфіскацыяй царкоўнай. маёмасці для барацьбы з голадам у Паволжы. У сакавіку 1923 г. у Маскве адбыўся судовы працэс над архібіскупам Янам Цэпляком, які тады ўзначальваў каталіцкую царкву ў СССР, і 14 іншымі каталіцкімі свяшчэннаслужыцелямі. Цэпляк і настаяцель касцёла св. Кацярыны К.Буткевіч былі прыгавораны да вышэйшай меры пакарання, астатнія – да розных тэрмінаў зняволення. Пад ціскам міжнароднай грамадскасці Цэпляку смяротны прыгавор быў заменены на 10 гадоў турмы, а Буткевіча растралялі.

Рэпрэсіі супраць каталіцкай царквы ў СССР абвастраліся пасля таго, як у 1930 г. быў надрукаваны ліст папы Пія XI з заклікам маліцца за ахвяр антырэлігійнай палітыкі бальшавікоў і за захаванне веры. 19 сакавіка 1930 г. ва ўсіх каталіцкіх храмах Еўропы адбыліся набажэнствы за прыгнечаных хрысціян у СССР. Гэтая акцыя была ўспрынята як паклёп на Савецкую ўладу і "крыжовы паход" імперыялістычных сіл супраць Савецкага Саюза.

Яшчэ ў 1936 г. у СССР існавала 11 касцёлаў. Пасля таго, як у 1937 г. папа выдаў энцікліку "Divini redemptoris" ("Боскі выратавальнік"), дзе асудзіў "бязбожны камунізм" іх засталося толькі 4: у Ленінградзе, Маскве, Адэсе і Тбілісі.

На Беларусі ў 30-я гг. адбыўся шэраг працэсаў над католікамі па абвінавачванню ў дыверсіях і шпіянажы на карысць Польшчы. У выніку ў БССР перад вайной не засталося ніводнага адчыненага касцёла. Рэлігійнае жыццё католікаў працягвалася ва ўмовах глыбокага падполля.

Іншыя ўмовы для дзейнасці каталіцкай царквы існавалі на тэрыторыі Заходняй Беларусі, якая ў 1921 – 1939 гг. знаходзілася ў складзе Польшчы. Тут яна была пануючай і падтрымлівалася дзяржавай. Ёй вярталася тая маёмасць, якая у часы Расійскай імперыі была перададзена праваслаўнай царкве. Адбываўся рост колькасці веруючых і касцёлаў. У 1939 г. на тэрыторыі Заходняй Беларусі існавала 416 касцёлаў. Уладамі праводзілася палітыка, накіраваная на выцясненне беларускай мовы з набажэнстваў і навучальных устаноў і замену яе польскай.

Калі пасля вайны ў СССР адбылося нядоўгае паляпшэнне стаўлення ўлад да праваслаўнай царквы, дык супраць католікаў пачалася новая хваля рэпрэсій. Да сярэдзіны 1946 г. усе каталіцкія храмы ва ўсходніх раёнах БССР, адчыненыя пры немцах, былі зноў зачынены. Скарацілася колькасць касцёлаў і ў заходніх абласцях. Калі ў 1945 г. іх тут дзейнічала 387, дык у 1951 – 154. Абвастрыліся рэпрэсіі супраць ксяндзоў, іх колькасць за 1946 --1950 гг. скарацілася больш чым напалову. У 1947 г. ім было забаронена праводзіць любыя заняткі з дзецьмі. Ксяндзоў не рэгістравалі і не давалі магчымасці працаваць на Беларусі. Частка з іх была вымушана выехаць у Польшчу. На 1 студзеня 1986 г. у БССР налічвалася 86 зарэгістраваных каталіцкіх прыходаў. Многія суполкі дзейнічалі без ксяндзоў у нелегальных умовах.

Адраджэнне каталіцтва на Беларусі пачалося ў канцы 80-х гг. З 1987 г. адбываецца няўхільны рост колькасці прыходаў і вернікаў. Вялікі ўплыў на гэты працэс аказала сустрэча Генеральнага сакратара ЦК КПСС Прэзідэнта СССР М.С.Гарбачова з папам Янам Паўлам П, якая адбылася 1 снежня 1989г.

Зараз каталіцтва разам з праваслаўем разглядаецца ўладамі Беларусі як традыцыйная рэлігія, якая мае доўгую гісторыю на нашых землях.

3. Асаблівасці веравучэння і культу каталіцтва

Аснова каталіцкага веравучэння і культу склалася да падзелу царквы ў 1054 г. і з'яўляецца агульнай з праваслаўем. Як і праваслаўныя, каталікі прызнаюць дзве крыніцы веравучэння: Свяшчэннае Пісанне (Біблію) і Свяшчэннае Паданне.

У якасці афіцыйнага варыянта тэкста Свяшчэннага Пісання ў каталіцкай царкве прызнана так званая Вульгата ( ад лац. vulgata – народная, агульнадаступная) – пераклад Бібліі на гутарковую лацінскую мову, зроблены ў 384 – 405 гг. святым Еранімам. Яна складаецца з 72 кніг, якія ўсе прызнаюцца кананічнымі. З яе былі зроблены пераклады на нацыянальныя мовы. Каталіцкая царква заклікае сваіх прыхільнікаў чытаць Біблію і суадносіць яе палажэнні са сваім жыццём, але тлумачэнне Бібліі павінна абапірацца на агульнацаркоўнае.

У адрозненне ад праваслаўнай царквы, каталіцкая лічыць неабходным развіваць Свяшчэннае Паданне, каб, захоўваючы яго аснову, даваць адказы на пытанні часу. У Свяшчэннае Паданне каталіцтва ўваходзяць творы Святых Айцоў, Настаўнікаў царквы, рашэнні 21 Сусветнага сабора (апошні – II Ватыканскі), а таксама папскія энцыклікі (ад познелац. encyclicus – акружны, агульны) – пасланні да ўсіх католікаў, прысвечаныя пытанням веры, маралі, сацыяльным пытанням і г.д.

У веравучэнні каталіцтва ёсць пяць спецыфічных палажэнняў:

1.Аб сыходжанні Духа Святога не толькі ад Бога-Айца але і ад Бога-Сына. Па-лацінску гэты дагмат гучыць як філіоквэ (filioque – і ад сына). Ён быў прыняты ў 586 г. на саборы ў Таледа (Іспанія) у мэтах барацьбы з арыянствам і ўведзены ў Сімвал Веры. У ім падкрэсліваецца роўнасць Бога-Сына з Богам-Айцом. Усходняя частка царквы не прыняла філіоквэ, настойваючы на тым, што нельга нічога дадаваць да Сімвала Веры. Спрэчка наконт філіоквэ лічыцца адной з прычын расколу царквы на праваслаўную і каталіцкую.

2. Аб запасе добрых спраў. Гэтае палажэнне было абвешчана папам Кліментам і ў 1349 г. пацверджана ў 1562 г. Трыдзенскім (1545 - 1563), а ў 1870 г. І Ватыканскім саборам. Згодна з ім, Ісус Хрыстос, Божая Маці, святыя і веруючыя праз сваю дзейнасць стварылі запас неабходных для выратавання людзей добрых спраў, якім распараджаецца царква і размяркоўвае яго сярод тых, хто ў гэтым мае патрэбу. На падставе гэтага палажэння ў каталіцкай царкве ў сярэднія вякі атрымала распаўсюджанне практыка індульгенцый (ад лац. indulgentia – міласць) – папскіх грамат аб адпушчэнні чалавеку грахоў пры дапамозе запасу добрых спраў. Індульгенцыі маглі раздавацца дарма альбо за якія-небудзь подзвігі веры: падарожжы да святых месцаў (пераважна ў Рым), карысныя грамадскія пачынанні, заслугі перад царквой. Таксама можна было даць грошы на будаўніцтва храмаў альбо для раздачы бедным. Згодна з канонамі, каб атрымаць індульгенцыю, трэба было папярэдне пакаяцца, а даванне грошаў разглядалася як знак абмежавання ў тых матэрыяльных дабротах, якія за іх можна было б набыць. Паступова ўсё гэта вырадзілася і ў значнай ступені ператварылася ў звычайную камерцыю. Чалавек, зрабіўшы грэх, мог, маючы грошы, пайсці, купіць індульгенцыю і лічыць сябе чыстым перад Богам. Былі нават распрацаваны табліцы, у якіх кожны грэх меў свой грашовы эквівалент. Можна было легка купіць адпушчэнне любых грахоў, за выключэннем смяротных. Злоўжыванні пры гандлі індульгенцый прывялі да ўзнікнення Рэфармацыі і аддзяленне ад каталіцкай царквы пратэстанцтва. Рашэннем Трыдзенскага сабора гандль індульгенцыямі быў забаронены.

3.Дагмат аб чысцілішчы – месцы, прамежным паміж пеклам і раем. Ён быў прыняты Фларэнтыйскім саборам у 1439 г. і пацверджаны Трыдзенскім саборам у 1562 г. Згодна каталіцкаму веравучэнню, у чысцілішча трапляюць пасля смерці душы тых людзей, якія не атрымалі даравання за сваі грахі ў зямным жыцці, але не абцяжараны смяротнымі грахамі. Там яны гараць у ачышчальным агні і толькі потым трапляюць у рай. Агонь тут мае сімвалічны сэнс, пад ім разумеюцца пакуты сумлення і пакаянне. Тэрмін знаходжання душы ў чысцілішчы можа быць скарочаны праз добрыя справы, якія робяць у памяць аб памёрлым ягоныя родзічы (малітвы, дапамога бедным, ахвяраванні на царкву і г.д.) Раней дзеля гэтай мэты можна было набыць індульгенцыю.

4. Дагмат аб бязгрэшным зачацці Дзевы Марыі. Быў абвешчаны ў 1854г. папам Піем I. Згодна з ім, Марыя, хаця яна і нарадзілася ад сваіх бацькоў Якіма і Ганны натуральным чынам, але па міласці Божай, праяўленай дзеля заслуг Ісуса – выратавальніка роду чалавечага, яна была зачата без першароднага граху. Як працяг развіцця вучэння аб Дзеве Марыі ў 1950 г. папа Пій ХП зацвердзіў дагмат аб цялесным узнясенні Божай Маці, эгодна з якім.Багародзіца, пасля канца яе зямнога шляху была ўзята на неба з ''душой і целам для Славы Нябеснай".

5.Дагмат аб бязгрэшнасці (беспамылковасці) Папы_ Рымскага ў справах веры і маралі. Ён быў прыняты на І Ватыканскім саборы ў 1870 г. Згодна з ім папа, калі ён афіцыйна выказваецца па пытаннях веры і маралі, з дапамогай Бога валодае бязгрэшнасцю, і яго выказванні праўдзівыя. Пры гэтым трэба, каб выступление папы не было зроблена пад прымусам і адрасавалася ўсёй царкве. Ва ўсіх іншых выпадках выказванні і дзеянні папы не абавязкова з'яўляюцца беспамылковымі.

У каталіцкім кульце 7 таінстваў. Як і праваслаўныя, католікі хрысцяць немаўлят. Мірапамазанне, у адрозненні ад праваслаўя, адбываецца пасля 7 гадоў, калі дзіця ўжо разумее маральны сэнс сваіх ўчынкаў, робіцца біскупам і называецца канфірмаіцыяй (ад лац. confirmatio – умацаванне). Прычашчацца ў каталіцтве можна толькі пасля споведзі, гэтым яно адрозніваецца ад праваслаўя, дзе прычышчаюць немаўлят. Веруючыя ў каталіцтве звычайна прычашчаюцца толькі хлебам, але дазволена прычашчаць іх хлебам і віном. У праваслаўі лічыцца, што сужэнства выконвае свяшчэннік, у каталіцтве – самі ўступаючыя ў шлюб, разводы не прызнаюцца.

Набажэнствы ў каталіцкай царкве робяцца з ўлікам культурных традыцый таго ці іншага народа. Адбываюцца на нацыянальнай мове. Суправаджаюцца спевамі і звычайна ігрой на аргане. Дазволена выкарыстоўваць нацыянальныя музычныя інструменты, у Афрыцы, нават, барабаны, і нацыянальныя мелодыі.

У час набажэнства католікі сядзяць, падымаюцца і становяцца на калені ў асабліва ўрачыстыя моманты. Апроч ікон у каталіцкіх храмах ёсць скульптуры. Іканастаса няма, і таму міране ў час службы могуць бачыць, як свяшчэннік на алтары выконвае таінства прычашчэння. Асноўны тып пабудовы каталіцкага храма – базіліка, але дазволена выкарыстоўваць іншыя тыпы і стылі пабудовы. Хрысцяцца. католікі пяццю пальцамі, злева направа.

Асноўныя святы ў каталіцтве тыя ж, што і ў праваслаўі, але святкуюцца яны па новаму грыгарыянскаму календару.

4. Структура каталіцкай царквы

Каталіцкая царква ўяўляе сабой адзіную цэнтралізаваную арганізацыю. Яе кіраўніком з'яўляецца Папа Рымскі. Афіцыйна ягоны тытул гучьць так: Біскуп Рыма, Намеснік Ісуса Хрыста, Пераемнік Князя Апосталаў, Вярхоўны Патрыярх Усяленскай Царквы, Патрыярх Захаду, Прымас Італіі, Архібіскуп і Мітрапаліт Рымскай правінцыі, Манарх дзяржавы-горада Ватыкана, Раб Рабоў Божых. Выбіраецца папа кардыналамі (ад лац. cardinalis – галоўны, асноўны) на спецыяльным сходзе – канклаве (ад лац. cum clave – пад ключом) пажыццёва. Зараз гэта адбываецца наступнум чынам. Калі памірае стары папа, кардыналы, якія маюць права прымаць удзел у канклаве (тыя, узрост якіх не перавышае 80 год), з'язджаюцца ў Рым, заходзяць у памяшканне Сіксцінскай капэлы Апостальскага палаца ў Ватыкане, і за імі зачыняюцца дзверы. Раней, каб пазбегнуць знешняга ўплыву на выбары папы, уваход замуроўваўся. Кардыналы знаходзяцца ў Сіксцінскай капэле, пакуль не выберуць папу. Ежу ім падаюць праз спецыяльнае акенца. Выбары адбываюцца шляхам тайнага галасавання пры дапамозе бюлетэняў. Кандыдат у папы павінен набраць 2/3 галасоў плюс яшчэ адзін голас. Калі патрэбная колькасць галасоў не набрана, бюлетэні спальваюцца ў печцы разам з воглай саломай. Тады з коміна ідзе чорны дым, які з'яўляецца знакам, што папа яшчэ не абраны. Калі кандыдат набраў патрэбную колькасць галасоў, спальваюцца толькі бюлетэні. 3 коміна ідзе белы дым, які паказвае, што адбыліся выбары папы. Тады адчыняюцца дзверы, і новы папа разам з кардыналамі выходзіць з Сіксцінскай калэлы.

Усяго ў гісторыі было 262 папы. 3 1978 г. Рымскім папам з'яўляецца Ян Павел II, былы Архібіскуп Кракаўскі кардынал Кароль Вайтыла (нар. 1920).

Папа з'яўляецца кіраўніком Ватыкана – карлікавай дзяржавы, якая займае некалькі кварталаў у Рыме вакол сабора Святога Пятра. Узнік Ватыкан у 1929 г. замест былой Папскай вобласці, якая існавала з 756 па 1870 гг. і ўключала ў сябе некалькі італьянскіх правінцый. Падставай для яго ўзнікнення з'явілася пагадненне, падпісанае паміж папам Піем XI і ўрадам Мусаліні. Ватыкан займае тэрыторыю ў 44 гектары і мае ўсе дзяржаўныя атрыбуты: герб, сцяг, гімн, сімвалічнае войска са швейцарскіх гвардзейцаў. Як суверэнная дзяржава Ватыкан падтрымлівае дыпламатычныя адносіны больш як са ста краінамі. Паслы Ватыкана называюцца нунцыямі (лац. nuntius – веснік).

Згодна з канстытуцыяй Ватыкана, Рымскаму папе належыць вышэйшая заканадаўчая, выканаўчая і судовая ўлада. Кіруючы орган каталіцкай царквы мае назву Святы Прастол. Кіраўніцтва Ватыканам і царквой папа ажыццяўляе праз цэнтральны адміністратыўны апарат – Рымскую курыю. Яна складаецца з 9-ці кангрэгацый, 12-ці саветаў, 3-х трыбуналаў і 3-х канцэлярый, якія курыруюць розныя накірункі і формы дзейнасці.

Папа з'яўляецца аднаасобным кіраўніком каталіцкай царквы і яму належыць рашаючы голас ва ўсіх справах. Аднак сваю ўлад ён ажыццяўляе ў адзінстве з біскупамі і выносіць меркаванні па важных пытаннях толькі параіўшыся з імі. Пры папе дзейнічае дарадчы орган – Сінод, які склікаецца адзін раз у тры гады. У яго склад уваходзяць патрыярхі і мітрапаліты ўсходніх каталіцкіх цэркваў, кіраўнікі нацыянальных епіскапскіх канферэцый і манаскіх ордэнаў, а таксама асобы, персанальна прызначаныя папам. Для вырашэння найбольш важных царкоўных пытанняў папы збіраюць саборы. Рашэнні сінодаў і сабораў набываюць абавязковую сілу пасля таго, як іх падпіша папа.

На рэгіянальным узроўні існуюць епіскапсккія канферэнцыі, якія перыядычна збіраюцца на свае паседжанне. У час паміж канферэнцыямі дзейнічаюць абраныя імі кіруючыя органы. Ёсць епіскапскія канферэнцыі краін Еўропы, Лацінскай Амерыкі:, Азіі і Афрыкі. На іх вырашаюцца праблемы каталіцкай царквы дадзенага рэгіёну.

Нацыянальныя каталіцкія цэрквы зараз карыстаюцца значнай самастойнасцю, асабліва ў эканамічнай сферы. Частку свайго даходу яны адлічваюць у бюджэт Ватыкана, астатнім распараджаюцца самі. Кіруюць нацыянальнымі каталіцкімі цэрквамі кардыналы, патрыярхі, мітрапаліты, архібіскупы ці біскупы, якіх прызначае папа. Называюцца яны прымасамі (лац. primas – той, хто мае першынство). Для вырашэння мясцовых праблем прымасы склікаюць нацыянальныя сіноды з прадстаўнікоў духавенства і веруючых.

Асноўнай структурнай адзінкай каталіцкай царквы з'яўляецца епархія. Узначальваецца яна біскупамі, якіх прызначае папа, і якія непасрэдна з ім зносяцца. Пры іх існуюць епархіяльныя ўпраўленні для вырашэння штодзённых праблем.

Асаблівасцю каталіцкай царквы з'яўляецца наяўнасць манаскіх ордэнаў – арганіэацый манахаў ці манашак, створаных для ажыццяўлення канкрэтнага віду дзейнасці: добрачыннасці, адукацыі, дапамогі хворым, прапаганды веры і г.д. У каталіцкай царкве існуе звыш 150 манаскіх ордэнаў. Некаторыя з іх дзейнічаюць на тэрыторыі Беларусі. Таксама ёсць шматлікія арганіэацыі веруючых для выканання самых розных задач.

Зараз у каталіцкай царкве налічваецца каля 4,5 тыс. біскупаў, каля 450 тыс. святароў і каля мільёна манахаў і манашак. Усе яны выконваюць цэлібат (ад лац. caelebs – нежанаты) – зарок бясшлюбнасці.

На Беларусі на 1 студзеня 1999 г. існавала 399 каталіцкіх прыходаў . Ёсць тры епархіі: Мінская, Магілёўская, Пінская і Гродзенская. Кіруючм органам прыхода з'яўляецца прыходскі сход, які выбірае выканаўчы орган – прыходскі савет. Апошні складаецца са старшыні, яго намесніка, скарбніка і членаў рэвізійнай камісіі.

Для падрыхтоўкі святароў існуе каталіцкая семінарыя ў Гродна, выкладанне там вядзецца пераважна на польскай мове.

5. Уніяцтва на Беларусі

Уніяцтва (ад лац. unio – саюз, аб'яднанне) – рух у хрысціянстве, заснаваны на аб'яднанні з каталіцтвам іншых хрысціянскіх накірункаў на ўмовах вяршынства Папы Рымскага і прыняцця каталіцкіх дагматаў пры захаванні своеасаблівасцяў культу.

Найбольш вядомай спробай аб'яднання з'яўляецца Брэсцкая унія, якая была заключана ў 1596 г. у Брэсце па ініцыятыве кіраўнікоў праваслаўнай царквы ВКЛ. Яе прычынамі з'яўляюцца:

I. Неабходнасць выхаду з таго_крызіснага стану, у якім апынулася прваслаўная царква. Гэты крызіс быў абумоўлены як вонкавымі, так і ўнутранымі прычынамі. У ХVІ ст. на тэрыторыі Беларусі распаўсюджваецца Рэфармацыя, якая мела тут вельмі вялікія поспехі. У сучаснікаў нават узнікала думка, што паступова яна выцісне з ВКЛ праваслаўе і каталіцтва. Каталіцкая царква хутка аправілася ад наступлення і пачала працэс Контррэфармацыі. Праваслаўная ж не магла гэтага зрабщь, бо была слабой. Кіраўнікі праваслаўнай царквы ВКЛ у сваей барацьбе з пратэстантамі не маглі абапірацца на канстанцінопальскіх патрыярхаў, бо тыя самі з падзеннем Канстанцінопаля трапілі ў залежнасць ад турэцкіх султанаў. Праваслаўныя скардзіліся, што канстанцінопальскія патрыярхі, якія лічыліся вярхоўнымі архіпастырамі іх царквы, не звяртаюць на яе ніякай увагі і не клапоцяцца аб ёй. Сярод праваслаўных святароў панавалі разбэшчанасць і невуцтва. Нават епіскапы не ведалі добра хрысціянскае веравучэнне і не маглі правільна выконваць набажэнства. Яны больш клапаціліся пра свае ўласныя справы, чым пра справы царквы, паводзілі сябе як тыповыя свецкія феадалы: лаяліся з суседзямі, палявалі, пілі. Сярод праваслаўных святароў мелася шмат такіх, якія былі жанатымі некалькі разоў, што катэгарычна забаранялася кананічкымі правіламі. Сам Мітрапаліт Кіеўскі Анісіфор Дзеванька да свайго пасвячэння.ў сан быў удаўцом пасля смерці другой жонкі і таму не мог з'яўляцца духоўнай асобай. Ён зусім не дбаў аб справах царквы, за што неаднаразова атрымліваў нараканні з боку веруючых. У 1589 г. Канстанцінопальскі патрыярх пазбавіў Анісіфора Дзеваньку сану і ўзвёў у мітрапаліты настаяцеля Мінскага Узнясенскага манастыра Міхаіла Рагазу, які праз некалькі год і пайшоў на унію.

2. Небяспека трапіць пад царкоўнае кіраўніцтва Масквы, дзе ў 1589 г. быў абраны патрыярх, які адразу пачаў прэтэндаваць на ўладу над праваслаўнымі ВКЛ. Зразумела, з гэтым правячыя колы Вялікага Княства не маглі пагадзіца. Маскву ў той час лічылі галоўным ворагам, з ей вяліся безупынныя войны. Таму ўслед за палітычнай Люблінскай уніяй (1569) з Польшчай, дзе пануючай рэлігіяй было каталіцтва, паўстала пытанне і аб рэлігійным аб'яднанні.

Падрыхтоўка яго вялася кіраўнікамі праваслаўнай царквы ВКЛ некалькі год. У кастрычніку 1596 г. у Брэсце быў скліканы сабор, для вырашэння пытання аб уніі. На яго з'ехаліся як яе прыхільнікі, так і праціўнікі. Фактычна адбылося два саборы: уніяцкі і праваслаўны, якія абвясцілі адзін аднаму праклён. 8 кастрычніка 1596 г. на уніяцкім Брэсцкім саборы была прынята грамата аб аб'яднанні з каталіцкай царквой.

Заключаная ў Брэсце унія прывяла не да рэлігійнага адзінства, а да канфрантацыі паміж яе прыхільнікамі і працаўнікамі. На баку уніі стаяла большасць царкоўнага кіраўніцтва ВКЛ і ўрад Рэчы Паспалітай. Яе праціўнікамі ў асноўным былі казакі, частка духавенства і гараджан. Найбольш вядомым вынікам канфлікту з'явілася забойства ў 1623 г. у Віцебску Полацкага архібіскупа Езафата Кунцэвіча.

Аднак вялікіх рэлігійных канфліктаў у сувязі з увядзеннем уніі на Беларусі не было. Яна была заключана па ініцыятьіве епіскапаў на чале з мітрапалітам, за імі ў унію пайшлі святары, а за святарамі народ. Тым больш, што просты чалавек не бачуў асаблівай розніцы паміж старым і новым станам: ён прыходзіў у тую ж царкву, бачыў таго ж святара, захоўваліся тыя ж абрады і каляндар. У тонкасцях розніцы паміж праваслаўнумі і каталіцкімі дагматамі просты чалавек не разбіраўся, альбо каго памінаюць пры набажэнстве – Канстанцінопальскага патрыярха, ці Рымскага папу – яму было ўсё адно. Таму уніяцтва паступова распаўсюджваецца, і ў канцы ХVП ст. да яго належала каля 80% насельніцтва Беларусі. У большасці гэта былі сяляне, асноўная частка магнатаў і шляхты належала да каталіцтва, праваслаўных амаль не засталося.

Уніяцтва аказала вельмі вялікі і станоўчы ўплыў на развіццё беларускай культуры. У ім былі сінтэзаваны ўсходнія і заходнія элементы і стварыўся свой арыгінальны тып рэлігійнага і культурнага светаўспрымання. Згодна з умовамі уніі былі захаваны праваслаўныя абрады, яле ў іх адпраўленне шырока ўводзіліся каталіцкія элементы: арганная музыка, скульптуры, лаўкі. Ва уніяцкім абразе былі пераапрацаваны элементы як візантыйскага, так і заходнееўрапейскага жывапісу. Мясцовыя дойліды пры пабудове уніяцкіх храмаў распрацавалі на падставе арыгінальнай інтэрпрэтацыі еўрапейскага барока свой уласны стыль – віленскае альбо уніяцкае барока.

Асабліва трэба адзначыць, што уніяцкая царква была у той час адзінай, якая выкарыстоўвала ў набажэнстве старабеларускую мову і тым самым садзейнічала яе захаванню і развщцю ва ўмовах узрастаючай польскай культурнай і палітычнай экспансіі, якая праявілася ў прыватнасці ў тым факце, што ў 1697 годзе Сейм Рэчы Паспалітай забараніў ужыванне старабеларуекай мовы ў справаводстве.

Пасля далучэння тэрыторыі Беларусі да Расійскай імперыі ў выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай царскі ўрад устаў на шлях ліквідацыі уніі і пераводу уніятаў у праваслаўе. Трэба адзначыць, што рабілася гэта па чыста палітычных матывах. Расійскую імператрыцу Кацярыну П, пры якой адбыліся падзелы Рэчы Паспалітай, вельмі цяжка назваць веруючым чалавекам. Яна была прыхільніцай філасофіі Асветніцтва, перапісвалася з Дзідро і Вальтэрам і адкрыта прыгнятала ў сваёй краіне праваслаўную царкву. Аднак адной з прычын далучэння нашых земпяў да Расіі была названа неабходнасць вызвалення адзінаверцаў. Спачатку Кацярына П абяцала, што на уніятаў не будзе ніякага ціску, але потым выдала некалькі ўказаў аб "искоренении унии". У выніку, па афіцыйных звестках, каля 3-х мільёнаў уніятаў перайшлі ў праваслаўе. Калі ў 1795 г. Кацярына ІІ памерла, яе сын Павел І адмовіўся ад палітыкі прымусовага далучэння, і прыкладна 90% былых уніятаў зноў вярнуліся да сваёй старой веры.

Больш грунтоўна і паслядоўна ў гэтай справе дзейнічаў урад Мікалая I. Была праведзена неабходная падрыхтоўчая работа сярод уніяцкіх светароў і біскупаў, ім абяцаліся матэрыяльныя правілеі, на непакорных аказваўся ціск. У выніку на Полацкім уніяцкім саборы ў 1839 г. было прынята рашэнне аб ліквідацыі уніі і далучэнні уніятаў да праваслаўя.

Вялікіх хваляванняў пры ліквідацыі уніі на Беларусі не адбылося. Аднак гэтая падзея мела адмоўны вынік для нашай нацыянальнай культуры. Уніяты не хацелі пераходзіць у праваслаўе, а масава пераходзілі ў больш блізкае ім каталіцтва, якое ў тыя часы было моцным сродкам паланізацыі.

Пытанне аб адраджэнні уніяцтва на Беларусі было ўзнята ў час паўстання 1863 г. Кастусём Каліноўскім. Шосты нумар яго "Мужыцкай праўды" быў цалкам прысвечаны уніяцтву. Каліноўскі заклікаў пакінуць "схізму і пераходзіць на праўдзівую веру дзядоў і прадзедаў". Аднак гэты заклік не меў шырокай падтрымкі, і падаўленне паўстання надоўга знішчыла надзею на адраджэнне на Беларусі уніяцтва.

Ліквідацыя уніяцкай царквы ў Расійскай імперыі не спыніла імкнення да яе адраджэння, бо з ёй беларуская інтэлігенцыя звязвала лёс роднай культуры і лічыла асноўнай прычынай скасавання уніі тое, што яна была адной з галоўных перашкод на шляху русіфікацыі Беларусі. Характэрна, што адразу ж пасля Полацкага сабора, у тым жа 1839 годзе, у цэрквах забараняецца гаварыць казанні па-беларуску.

Калі на пачатку XX стагоддзя ўзмацняецца беларускі адраджэнскі рух, адразу ж уздымаецца пытанне аб уніі. У 1908 годзе браты Луцкевічы завязваюць кантакт з украінскім уніяцкім мітрапалітам Шэптыцкім і ўзнікае праект узнаўлення уніі на Беларусі. Знайшліся і святары, гатовыя правесці патрэбную працу, але царскі ўрад гэтага не дапусціў.

Толькі пасля Лютаўскай рэвалюцыі, калі сярод часткі рускага праваслаўнага духавенства пачалі выяўляцца унійныя настроі. Часовы ўрад дазволіў склікаць у Петраградзе сінод грэка-каталіцкай царквы.

Аднак, ва ўмовах бальшавіцкага рэжыму ў Расіі спынілася нармальнае жыццё цэркваў. У такім становішчы унійная праца была магчыма толькі ў Польшчы, да якой пасля Рыжскага дагавору адышла значная частка беларускіх і ўкраінскіх абшараў з 4-мільённым насельніцтвам. У выніку гэтай працы на тэрыторыі Заходняй Беларусі перад вайной было каля трыццаці уніяцкіх прыходаў з прыкладна 25 тысячамі веруючых.

Пасля вызвалення тэрыторыі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны ад немцаў савецкі ўрад пачаў гвалтоўную і жорсткую ліквідацыю уніі. Уніяцкае духавенства абвінавачвалася ў тым, што яно з'яўляецца агентам Ватыкана, саюзнікам ўкраінскіх “буржуазных” нацыяналістаў. У сакавіку 1946 года пад непасрэдным кантролем Міністэрства дзяржаўнай бяспекі ў Львове быў праведзены сабор уніяцкіх біскупаў, які прыняў рашэнне аб ліквідацыі уніі і пераходзе ўсіх уніяцкіх прыходаў у склад Рускай праваслаўнай царквы. Ватыкан гэтага рашэння не прызнаў.

Новае адраджэнне уніяцтва на Беларусі пачалося ўжо ў пасля-перабудовачны час. У 1989 г. была арганізавана уніяцкая суполка ў Гомелі, а ў 1990 г. у Мінску. На 1 студзеня 1999 г. на Беларусі зарэгістравана 13 уніяцкіх суполак. Есць уніяцкі кляштар у Полацку. Уніяцкая царква на Беларусі і Украіне называецца грэка-каталіцкай.

Уніяцтва на нашых землях мае цікавую гісторыю. Доўгі час яно з'яўлялася рэлігіяй асноўнай масы насельніцтва і аказала істотны ўплыў на беларускую культуру. Зараз уніятаў на Беларусі няшмат, у асноўным гэта прадстаўнікі нацыянальна дасведчанай інтэлігенцыі.

СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ

1.Религиоведение: Хрестоматия: Учеб. пособ. / Автор-сост. П.И. Костюкович. – Мн.: Новое знание, 2000. – 480с.

2. Адзіночанка В.А., Рэлігіязнауства: вучэбны дапаможнік для ВНУ / В.А.Адзіночанка. - Минск : Універсітэцкае, 2001. - 240 с.

3. Кудрявцев В.В. Лекции по истории религии и свободомыслия / В.В. Кудрявцев. – Мн., 1998.

4. Костюкович П.И. Религиоведение: Уч. пособ. – Мн.: "Новое знание", 2001. – 192с.